Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына прыпыніла вакцынацыю ад COVID-19 прэпаратам AstraZeneca


У Нямеччыне прыпыненая вакцынацыя ад COVID-19 прэпаратам швэдзка-брытанскага канцэрну AstraZeneca і Оксфардзкага унівэрсытэту

Пра гэта паведаміла DW са спасылкай на Міністэрства здароўя Нямеччыны. Адмыслоўцы Інстытуту імя Паўля Эрліха рэкамэндавалі часова не выкарыстоўваць вакцыну ў сувязі з паведамленьнямі пра выпадкі трамбозу сярод прышчэпленых.

Кіраўнік нямецкага міністэрства здароўя Енс Шпан растлумачыў, што часова адмяняецца ўвядзеньне як першай, гэтак і другой дозы вакцыны. Ён адзначыў, што выпадкі захворваньня, якія выклікалі занепакоенасьць, сустракаліся «вельмі рэдка» — да гэтага часу ў Нямеччыне паведамлялася толькі пра сем пацыентаў, пры гэтым прышчэпку вакцынай AstraZeneca атрымалі больш як 1,6 мільёна жыхароў краіны.

САЗ і эўрапейскі рэгулятар EMA праводзяць праверку

Раней у сувязі з паведамленьнямі пра выпадкі трамбозу, якія ўзьніклі ў некаторых прышчэпленых, вакцынацыю прэпаратам AstraZeneca часова прыпынілі Нідэрлянды, Ірляндыя, Данія, Нарвэгія і Ісьляндыя. Аўстрыя, Эстонія і Італія заблякавалі ўжываньне адной канкрэтнай партыі вакцыны. У прыватнасьці, у Аўстрыі 49-гадовая мэдсястра памерла ад праблемаў са згусаньнем крыві праз 10 дзён пасьля прышчэпкі, а ў яе 35-гадовай калегі разьвілася тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі.

AstraZeneca запэўніла ў адсутнасьці падвышанай рызыкі ўтварэньня тромбаў пасьля ўжываньня вакцыны. Канцэрн спаслаўся на вынікі дасьледаваньня дадзеных больш як 17 мільёнаў жыхароў краін ЭЗ і Вялікай Брытаніі. Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) абвясьціла, што правярае паведамленьні аб магчымых пабочных эфэктах, якія выклікалі занепакоенасьць у шэрагу краінаў. У той жа час прадстаўнік арганізацыі Крыстыян Ліндмаер у інтэрвію інфармагенцтву Reuters заявіў, што цяпер няма пацьверджаньня непасрэднай узаемасувязі трамбозу з вакцынацыяй. Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) таксама праводзіць праверку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG