Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ працягваюцца спрэчкі пра стратэгію вакцынацыі


Вакцынацыя прэзыдэнта Румыніі Кляўса Ёханіса
Вакцынацыя прэзыдэнта Румыніі Кляўса Ёханіса

Эўрапейскі зьвяз, магчыма, дапусьціў памылкі пры забесьпячэньні вакцынацыі насельніцтва краінаў — членаў ЭЗ ад каранавіруснай інфэкцыі, прызнаў намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Тымэрманс.

У інтэрвію нямецкаму выданьню Tagesspiegel ён адзначыў, што памылкі маглі дапусьціць як органы ўлады ЭЗ, так і асобныя дзяржавы. Пры гэтым Тымэрманс заклікаў дачакацца канца эпідэміі, каб у поўнай меры ацаніць, чаго было больш — памылак або правільных рашэньняў.

Шэраг палітычных сілаў у Эўропе і некаторыя краіны ЭЗ падвяргаюць крытыцы абраны Эўракамісіяй падыход да вакцынацыі, згодна зь якім закупка і размеркаваньне вакцынаў ажыцьцяўляецца Брусэлем цэнтралізавана, а магчымасьць саміх дзяржаў закупіць вакцыны ў абыход Эўракамісіі абмежаваная.

Напярэдадні лідэры шасьці краінаў — Аўстрыі, Чэхіі, Славеніі, Баўгарыі, Харватыі і Латвіі — заклікалі правесьці экстранны саміт ЭЗ, каб абмеркаваць «дысбалянс», які, як сьцьвярджаецца, пачынае складвацца паміж краінамі ЭЗ. Лідэры гэтых краін сьцьвярджаюць, што разьмеркаваньне вакцын паміж краінамі ЭЗ адбываецца несправядліва, у выніку чаго некаторыя зь іх апярэджваюць іншыя па тэмпах вакцынацыі і ўжо летам могуць дасягнуць калектыўнага імунітэту, а іншыя адстануць.

Крытыку выклікае і павольны — у параўнаньні, у тым ліку, з ЗША і Вялікабрытаніяй — тэмп вакцынацыі. Хаця б адну дозу вакцыны, паводле апошніх дадзеных, у сярэднім атрымалі прыкладна 10 адсоткаў жыхароў ЭЗ, аднак у шэрагу краінаў, напрыклад у Латвіі і Баўгарыі, гэты паказчык істотна ніжэйшы. Пры гэтым у Брытаніі хаця б адну дозу ўжо атрымала траціна насельніцтва.

У ЭЗ ухваленыя для выкарыстаньня вакцыны чатырох вытворцаў — Pfizer, Moderna, AstraZeneca і Johnson & Johnson. Пры гэтым фактычныя пастаўкі вакцын менш, чым прадугледжвалася кантрактамі. Так, AstraZeneca, па апошніх дадзеных, да канца чэрвеня зможа паставіць уЭЗ толькі 100 мільёнаў дозаў, а не 300 мільёнаў, як чакалася.

Нягледзячы на гэтыя праблемы, тэмпы вакцынацыі ў большасьці краін ЭЗ у апошнія тыдні прыкметна паскорыліся.

  • У ЭЗ пакуль не ўхваленая для выкарыстаньня расейская вакцына «Спутнік V», яе заяўка знаходзіцца на разглядзе. Дьзеве краіны ЭЗ — Вугоршчына і Славаччына — закупілі расейскую вакцыну самастойна (яны маюць такое права, паколькі «Спутнік» ня ўключаны ў сыстэму цэнтралізаваных закупак ЭЗ), прычым у Вугоршчыны яе выкарыстоўваюць пры вакцынацыі, а ў Славаччыне пакуль не. Закупка расейскай вакцыны, ня ўхваленай ЭЗ, выклікала ў Славаччыне ўрадавы крызіс, які прывёў да адстаўкі міністра аховы здароўя. Шэрагу сілаў, якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю, не спадабалася, што прэм’ер вёў перамовы пра расейскую вакцыну патаемна, не папярэдзіўшы саюзьнікаў па кааліцыі.
  • У самой Расеі, па апошніх афіцыйных дадзеных, было зроблена каля 7 мільёнаў прышчэпак — у пераліку на душу насельніцтва гэта менш, чым у большасьці краінаў ЭЗ.
  • У Беларусі, як паведамлала БЕЛТА, 26 лютага выпушчана першая партыя расейскай вакцыны «Спутнік V» — 15 тысячаў ампул, якія цяпер у інстытуце імя Гамалеі ў Расеі праходзяць экспэртызу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG