Улады Канады ў чацьвер казалі, што на гэты момант не існуе ніякіх доказаў таго, што вакцына ад COVID-19, распрацаваная кампаніяй AstraZeneca, выклікае пабочныя эфэкты, у прыватнасьці ўтварэньне тромбаў і парушэньне згусальнасьці крыві, інфармуе Голас Амэрыкі.
«У цяперашні час няма ніякіх сьведчанняў таго, што вакцына пацягнула за сабой гэтыя інцыдэнты», — гаворыцца ў заяве Міністэрства аховы здароўя Канады. У заяве дададзена, што ніводная з партый вакцыны, якія знаходзяцца цяпер у цэнтры расьсьледаваньня ў Эўропе, не была дастаўлена ў Канаду.
З падобнымі заявамі, паводле дадзеных Reuters, таксама выступілі ўрады Аўстраліі, Мэксыкі і Філіпін.
«Мы працуем з гэтай вакцынай, мы працягваем яе выкарыстоўваць», — заявіў у размове з журналістамі ў Мэльбурне віцэ-прэм’ер Майкл Маккормак. Галоўны доктар Аўстраліі Пол Кэлі таксама заявіў, што пакуль няма доказаў таго, што менавіта вакцына выклікала ўтварэньне тромбаў.
Напярэдадні аўстрыйскі нацыянальны рэгулятар прыпыніў выкарыстаньне партыі вакцыны COVID-19 фірмы AstraZeneca (нумар партыі ABV5300), пасьля таго, як у чалавека быў дыягнаставаны множны трамбоз (утварэньне тромбаў у крывяносных судзінах) і ён памёр праз 10 дзён пасьля вакцынацыі.
Другі аўстрыйскі пацыент быў пасьля вакцынацыі шпіталізаваны з тромбаэмбаліяй лёгачнай артэрыі (закупорваньне артэрый у лёгкіх). Цяпер ён папраўляецца. Паводле стану на 9 сакавіка 2021 году ёсьць яшчэ два паведамленьні пра выпадкі тромбаэмбаліі ў пацыентаў, прышчэпленых вакцынай з гэтай партыі.
Некалькі эўрапейскіх краін, у тым ліку Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Люксэмбург, Нарвэгія і Эстонія, прыпынілі выкарыстаньне вакцыны з гэтай партыі як крок засьцярогі.