Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падпісаў закон аб блякаваньні YouTube і Facebook за «цэнзуру» расейскіх СМІ


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб санкцыях у адказ на цэнзуру супраць расейскіх СМІ на замежных інтэрнэт-плятформах.

Дакумэнт апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Закон быў прыняты Дзяржаўнай Думай 23 сьнежня і ўхвалены Саветам Фэдэрацыі 25 сьнежня.

Ён закране, сярод іншага, YouTube, Twitter і Facebook і дазволіць «Роскомнадзору» блякаваць гэтыя рэсурсы поўнасьцю або часткова за «дыскрымінацыю ў дачыненьні да матэрыялаў расейскіх сродкаў масавай інфармацыі».

Рашэньні аб мерах у адказ будуць узгадняцца з МЗС Расеі. Генэральны пракурор зможа прысвоіць уладальніку інфармацыйнага рэсурсу статус асобы, якая дапускае дыскрымінацыю супраць расейскіх СМІ, што будзе пагражаць інтэрнэт-плятформе санкцыямі. Законам прадугледжаныя магчымасьць блякаваньня, запаволеньня трафіку і адміністрацыйныя штрафы.

Блякаваньне будзе ініцыяваць Генэральная пракуратура пасьля ўзгадненьня з МЗС Расеі — у выпадку, калі ведамства вырашыць, што нейкія матэрыялы расейскіх мэдыя паніжаюцца ў выдачы або не публікуюцца замежнымі вэб-рэсурсамі.

Штраф для інтэрнэт-плятформаў за цэнзуру ў дачыненьні да расейскіх СМІ будзе складаць ад некалькіх тысяч да 3 млн расейскіх рублёў ($40 000). Блякаваньне і запавольваньне трафіку могуць выкарыстоўвацца разам са штрафамі. Блякаваньне рэсурсу цалкам будзе залежаць ад магчымасьцяў самой плятформы.

«Роскомнадзор» заяўляў, што закон нібыта абароніць права на свабоду інфармацыі ў Расеі ў выпадках, калі замежныя сацсеткі наўмысна блякуюць акаўнты расейскай тэлевізіі або здымаюць з паказу фільмы, зробленыя расейскімі вытворцамі.

Паводле зьвестак ведамства, у 2020 годзе нібыта «выяўлена 24 выпадкі „цэнзураваньня“ расейскіх СМІ з боку замежных інтэрнэт-кампаній»: на гэта скардзіліся дзяржаўныя Russia Today, РИА Новости, «Крым 24» і пракрамлёўскі журналіст Уладзімір Салаўёў. Пры гэтым замежныя рэсурсы адмаўлялі, што кантэнт пракрамлёўскіх расейскіх рэсурсаў цэнзуруецца або мэтанакіравана паніжаецца ў выдачы і рэйтынгах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG