Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная Дума прыняла закон аб блякаваньні Facebook, YouTube і Twitter за мадэрацыю пастоў расейскіх СМІ


Дзяржаўная Дума Расеі прыняла ў канчатковым, трэцім чытаньні закон, які дазваляе блякаваць сацыяльныя сеткі і сэрвісы за тое, што расейская ўлада палічыць цэнзурай расейскіх СМІ. Законапраект быў унесены ў парлямэнт 19 лістапада і прыняты ў тэрміновым парадку.

Законапраект уводзіць статус уладальніка інфармацыйнага рэсурсу, датычнага да «парушэньняў асноўных правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна Расеі». У выпадку, калі Генэральная пракуратура прызнае інтэрнэт-сайт парушальнікам правоў і свабодаў, пасьля ўзгадненьня з Міністэрствам замежных спраў «Роскомнадзору» дазваляецца заблякаваць яго — цалкам або часткова.

Раней «Роскомнадзор» ужо крытыкаваў сацыяльныя сеткі YouTube, Facebook і Twitter за ўжываньне агульных правілаў мадэрацыі да расейскіх выданьняў. Ведамства называла цэнзурай узроставыя абмежаваньні YouTube для фільму «России-1» пра захоп школы ў Беслане і крытыкавала «частыя выпадкі» азначэньняў і папярэджаньняў для відэа, разьмешчаных у сэрвісе.

Асобным галасаваньнем 23 сьнежня быў прыняты ў трэцім чытаньні закон аб штрафах для інтэрнэт-правайдэраў і сайтаў за адмову выдаліць забароненую ў Расеі інфармацыю на патрабаваньне «Роскомнадзора». Замежныя сайты прапанавана штрафаваць на суму да адной пятай выручкі ад гадавога абароту. У выпадку зь міжнароднымі кампаніямі такія штрафы могуць дасягаць сотняў мільёнаў і мільярдаў даляраў. Як расейская дзяржава будзе спрабаваць спаганяць гэтыя грошы з замежных кампаній — не ўдакладняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG