Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп намінаваў Кенэдзі-малодшага на пасаду міністра аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША


Дональд Трамп і Робэрт Кенэдзі-малодшы
Дональд Трамп і Робэрт Кенэдзі-малодшы

Кенэдзі ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай гонцы ў 2024 годзе як незалежны кандыдат, але выйшаў зь яе ў жніўні, падтрымаўшы Трампа.

Абраны прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп у чацьвер аб’явіў аб вылучэньні Робэрта Кенэдзі-малодшага на пасаду кіраўніка Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў.

«Бясьпека і здароўе ўсіх амэрыканцаў — найважнейшая задача любой адміністрацыі, і Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў адыграе вялікую ролю ў абароне людзей ад шкодных хімікатаў, забруджвальнікаў, пэстыцыдаў, фармацэўтычных прадуктаў і харчовых дабавак, якія прывялі да сур’ёзнага крызісу здароўя ў нашай краіне», — напісаў Трамп на плятформе Truth Social.

Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў адказвае за працу Ўпраўленьня санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA), Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC), Нацыянальных інстытутаў аховы здароўя (NIH), а таксама праграм Medicare і Medicaid, якія забясьпечваюць мэдыцынскае страхаваньне для маламаёмных, асобаў, старэйшых за 65 гадоў, і інвалідаў.

Зь бюджэтам у 3,09 трлн даляраў на 2024 фінансавы год, што складае 22,8% фэдэральнага бюджэту, Міністэрства аховы здароўя адыгрывае ключавую ролю для дзясяткаў мільёнаў амэрыканцаў.

Кенэдзі, сын сэнатара Робэрта Кенэдзі і пляменьнік прэзыдэнта Джона Кенэдзі, удзельнічае ў пераходнай камандзе Трампа, разглядаючы рэзюмэ кандыдатаў на ключавыя пасады ў дзяржаўных структурах, якія адказваюць за ахову здароўя. Раней Кенэдзі агучваў свае прыярытэты: барацьбу з эпідэміяй хранічных захворваньняў, такіх як атлусьценьне, дыябэт і аўтызм, а таксама скарачэньне колькасьці хімікатаў у прадуктах харчаваньня.

Нягледзячы на высокі ўзровень выдаткаў на ахову здароўя і фармацэўтыку, амэрыканцы менш здаровыя ў параўнаньні з жыхарамі іншых заможных краін, гаворыцца ў справаздачы Commonwealth Fund за 2023 год, якую цытуе «Голас Амэрыкі».

Кенэдзі таксама заявіў, што мае намер скараціць штат FDA і правесьці кадравую чыстку ў Нацыянальных інстытутах аховы здароўя.

«Вайна FDA супраць грамадзкай аховы здароўя хутка скончыцца», — напісаў ён у кастрычніку ў сацсетцы X, дадаўшы, што гэта тычыцца агрэсіўнага падаўленьня прымяненьня псыхадэлікаў, пэптыдаў, ствалавых клетак, непастэрызаванага малака, сонечнага сьвятла і іншых сродкаў.

Кенэдзі неаднаразова крытыкавалі за яго пазыцыю адносна прышчэпак (ён зьвязвае іх з ростам аўтызму сярод дзяцей). Яго таксама абвінавачвалі ў распаўсюдзе дэзынфармацыі падчас пандэміі COVID-19.

Сам Кенэдзі ня згодны зь ярлыком «антываксэра». Ён адзначае, што толькі патрабуе больш строгіх тэстаў вакцынаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG