Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аскетычная прыгажосьць, сямейная сага, анамалія і разьня. 12 эўрапейскіх літаратурных прэмій 2020


Прэміяваныя кнігі 2020 г.: «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца (прэмія Гедройця), «Анамалія» Эрвэ Лё Тэлье (Ганкураўская прэмія), «Вершы» Луізы Глюк (Нобэлеўская прэмія).
Прэміяваныя кнігі 2020 г.: «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца (прэмія Гедройця), «Анамалія» Эрвэ Лё Тэлье (Ганкураўская прэмія), «Вершы» Луізы Глюк (Нобэлеўская прэмія).

Як выглядала эўрапейская літаратура ў 2020 годзе ў сьвятле вядомых літаратурных прэмій, міжнародных і нацыянальных? Піша Ян Максімюк.

Панятак «вядомая прэмія», зразумела, даволі суб’ектыўны, але я рызыкнуў выбраць тузін літаратурных узнагародаў, спадзеючыся, што яны і чытачам Свабоды пададуцца больш вядомымі за тыя, якіх я тут не называю.

Прэмія Гедройця (Беларусь)

Сёлета атрымаў яе Сяргей Дубавец (нар. 1959) за кнігу «Тантамарэскі», выдадзеную ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Кніга расказвае аб працэсе над беларускімі мытнікамі ў 2016–2017 гг., а ў цэнтры расповеду — мытнік і арганізатар культурнага жыцьця Астравеччыны Алесь Юркойць.

«Тантамарэскі» — падрабязны і бязьлітасны аналіз адной з найбольш абсурдных і ганебных праяваў функцыянаваньня беларускага рэжыму: правасудзьдзя ці, лепш пісаць, «правасудзьдзя». Кніга асабліва актуальная сёлета, калі з гэтым «правасудзьдзем» сутыкнуліся дзясяткі тысяч беларусаў.

Нобэлеўская прэмія (Nobelpriset, Швэцыя)

Атрымала яе амэрыканская паэтка Луіза Глюк (Louise Glück, нар. 1943) за свой «беспамылковы паэтычны голас, які з аскетычнай прыгажосьцю робіць індывідуальнае існаваньне ўнівэрсальным». Грашовы памер прэміі — 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў ($1,1 млн). Сёлетняе рашэньне швэдзкіх акадэмікаў, чаго хаваць, было для мяне поўнай нечаканасьцю. Я, канечне, замовіў сабе collected poems Луізы Глюк на Амазоне і на днях дачакаўся пасылкі. Што ні кажы, Нобэлеўская літаратурная прэмія ўплывае на продаж прэміяванага аўтара, нават такога, які піша «аскетычныя» вершы.

Каб хоць нешта тут з Луізы Глюк… Вось пераклад верша «The Wild Iris» на беларускую, які зрабіў Андрэй Вылінскі:

Дзікі касач

Пры канцы маіх пакут
былі дзьверы.

Паслухайце: я памятаю
тое, што вы клічаце сьмерцю.

Наверсе гукі, шоргат сасновых галін.
Потым нічога. Сонца слаба мігцела
над сухой паверхняй.

Як вусьцішна ліпець
сьвядомасьцю,
пахаванай у цёмнай зямлі.

Пасьля ўсё скончылася: ваш страх — быць
бязмоўнай душой, —
зьнянацку зьнік, задубелая зямля
прагнулася крыху. І ў нізкіх кустах,
падалося, пырхалі птушкі.

Вам, хто ня помніць
пераход з таго сьвету,
кажу, я зноўку мог гаварыць: тое,
што вяртаецца з забыцьця, прыходзіць,
каб адшукаць сабе голас:

з цэнтру майго жыцьця ўзьняўся
магутны фантан — цёмна-сінія
цені на марскім блакіце.

Букер (Booker, Вялікая Брытанія)

Сёлета журы гэтай прэстыжнай прэміі ўзнагародзіла амэрыканска-шатляндзкага аўтара Дугласа Стуарта (Douglas Stuart, нар. 1976) за ягоны дэбютны раман «Шагі Бэйн» («Shuggie Bain»). Раман расказвае пра жыцьцё хлопца Шагі, наймалодшага з трох дзяцей у сям’і маці-алькагалічкі, у 1980-я гады ў Глазга (Шатляндыя). Рукапіс быў адхілены сама менш 30 выдаўцамі, перш чым яго набыло і апублікавала амэрыканскае незалежнае выдавецтва Grove Atlantic.

Прысуджэньне Букераўскай прэміі за раман на ангельскай мове адбываецца штогод з 1969 году. Яе фінансавы памер — 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Спачатку прэмія прысуджалася толькі аўтарам зь Вялікай Брытаніі, Ірляндыі і краінаў Брытанскай садружнасьці. З 2013 году прэмію можа атрымаць любы аўтар англамоўнага раману, незалежна ад грамадзянства.

Міжнародны Букер (International Booker, Вялікая Брытанія)

Сёлетнія ляўрэаткі — нідэрляндзкая пісьменьніца Марыкэ Люкас Райнэвэлд (Marieke Lucas Rijneveld, нар. 1991) за дэбютны раман «Нязручны вечар» («The Discomfort of Evening») і яе перакладчыца Мішэль Гатчынсан. У рамане аўтарка распавядае гісторыю вясковай дзяўчынкі, якая аднойчы пажадала, каб яе невыносны брат зьнік назаўсёды, і яе жаданьне споўнілася.

Міжнародную Букераўскую прэмію заснавалі ў 2004 годзе. З 2016 году яе ўручаюць штогод за твор, перакладзены на ангельскую і выдадзены ў Вялікай Брытаніі. Яе фінансавы памер — 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў, якія дзеляцца пароўну паміж аўтарам і перакладчыкам прэміяванай кнігі. Іншыя аўтары і перакладчыкі, якія трапляюць у шорт-ліст прэміі, атрымліваюць па 1 тысячы фунтаў стэрлінгаў.

Ганкураўская прэмія (Prix Goncourt, Францыя)

Журы адзначыла раман Эрвэ Лё Тэлье (Hervé Le Tellier, нар. 1957) «Анамалія» («L’Anomalie») — твор даволі складаны фармальна (паасобныя разьдзелы пададзеныя ў розных стылістычных кодах: дэтэктыву, жахавіка, псыхалягічнага раману, etc.) і, так сказаць, футурыстычны. Загалоўная «анамалія» — гэта авіярэйс Парыж — Нью-Ёрк у сакавіку 2021 году, падчас якога адбыўся таямнічы і «анамальны» выпадак.

Аўтар належыць да гэтак званага Цэху патэнцыйнай літаратуры (Ouvroir de littérature potentielle, Oulipo) — заснаванага ў 1960 годзе аб’яднаньня пісьменьнікаў і матэматыкаў, якія дасьледуюць патэнцыйныя магчымасьці мовы шляхам стварэньня штучных літаратурных абмежаваньняў, разумеючы пад імі любыя фармальныя патрабаваньні да мастацкага тэксту (напрыклад, загадзя зададзены вершаваны памер або адмову ад выкарыстаньня некаторых літар). Мабыць, самы вядомы твор гэтага тыпу літаратуры — 300-старонкавы раман Жоржа Пэрэка «La Disparition» (1969), у якім ні разу не зьяўляецца літара «e», адна з найбольш частых у францускай мове.

Ганкураўская прэмія лічыцца самай прэстыжнай літаратурнай узнагародай Францыі. Яе фінансавая частка чыста сымбалічная — 10 эўраў. Але прысуджэньне прэміі радыкальна павялічвае продаж кніг прэміяванага пісьменьніка і традыцыйна перасоўвае яго ў першыя рады францускай літаратуры. Перш чым атрымаць Ганкураўскую прэмію за «Анамалію», Эрвэ Лё Тэлье выдаў больш за дзясятак зборнікаў апавяданьняў і іншых раманаў, а таксама зборнікі вершаў і п’есы.

Фэміна (Prix Femina, Францыя)

У 1903–2018 гг. з агульнага ліку 115 ляўрэатаў Ганкураўскай прэміі аказалася ўсяго 10 жанчын (каля 9%). І за гэты час усяго толькі тры жанчыны выбіраліся ў Ганкураўскую акадэмію (агульны лік акадэмікаў — 60).

У 1904 годзе 22 супрацоўніцы часопіса «Шчасьлівае жыцьцё» (La Vie heureuse, сёньня Femina) заснавалі прэмію «Фэміна» як альтэрнатыву «выключна мужчынскай» Ганкураўскай прэміі. У журы прэміі «Фэміна» ўваходзяць выключна жанчыны. У прэміі цяпер чатыры катэгорыі: Prix Femina (францускія раманы), Prix Femina Essai (францускія эсэ), Prix Femina Étranger (замежныя раманы) і Prix Femina des Lycéen (гэтую прэмію прысуджаюць ліцэісты).

Сёлетнюю «Фэміну» ў катэгорыі францускага раману прысудзілі Сэржу Жанкуру (Serge Joncour, нар. 1961) за раман «Nature humain» («Чалавечая прырода»). «Сэрж Жанкур пагружае нас у жорсткі і цудоўны сьвет зямлі, працы на зямлі, адносін з жывёламі, нараджэньня першых гандлёвых цэнтраў, куды на выходных сыходзяцца ўсе людзі з ваколіцы, бачачы, як у іх штодзённым жыцьці адбываюцца зьмены, але не разумеючы наступстваў палітычнага выбару, які ўплывае на іх лёс», — гаворыцца ў адной рэцэнзіі на прэміяваную кнігу.

Прэмія Паўночнай рады (швэдз.: Nordiska rådets litteraturpris; Скандынавія)

Прэмію Паўночнай рады 2020 атрымала фінская швэдзкамоўная пісьменьніца Моніка Фагерхольм (Monika Fagerholm, нар. 1962) за раман «Vem dödade bambi?» («Хто забіў бэмбі?»). Дзеяньне раману разгортваецца вакол групавога згвалтаваньня, зьдзейсьненага чатырма маладзёнамі з заможных сем’яў з прыгараду Хэльсынкі. У цэнтры ўвагі не само згвалтаваньне, а падзеі да і пасьля яго. Густа населены пэрсанажамі раман сатканы з мноства гісторый, успамінаў, дыялёгаў і культурных адсылак.

Прэмія Паўночнай рады — заснаваная ў 1962 годзе штогадовая ўзнагарода за літаратурны твор, напісаны на адной са скандынаўскіх моваў (дацкая, нарвэская, швэдзкая, ісьляндзкая, фінская, фарэрская, мовы саамі, грэнляндзкая) на працягу двух апошніх гадоў. Лічыцца самай прэстыжнай літаратурнай прэміяй Скандынавіі. Грашовы эквівалент складае 350 тысяч дацкіх кронаў ($57 000). У журы прэміі ўваходзяць 10 чалавек, якія прадстаўляюць (па двое ад кожнай краіны) Данію, Ісьляндыю, Нарвэгію, Фінляндыю і Швэцыю. Калі на конкурс вылучаюцца творы, напісаныя на грэнляндзкай, фарэрскай або саамскіх мовах, у журы ўводзяцца часовыя дадатковыя чальцы.

«Большая книга» (Расея)

Ляўрэатамі гэтай прэміі сёлета сталі:

1-е месца: Аляксандар Ілічэўскі за раман «Чарцёж Ньютана». Галоўны герой, фізык, шукае бацьку, займаецца праблемай цёмнай матэрыі, што прывядзе яго да мэтафарычнай сустрэчы з забытай ідэяй.

2-е месца: «Генэрал і яго сямʼя» Цімура Кібірава — сямейная сага на фоне падзей позьняга СССР.

3-е месца: «Былая Леніна» Шаміля Ідзіятуліна — пра зьмены ў жыцьці адной сямʼі з правінцыйнага гарадка, вакол якога разрастаецца звалка сьмецьця.

Прэмію «Большая книга» заснавалі ў 2005 годзе. Яе грашовы эквівалент: 1-е месца — 3 мільёны расейскіх рублёў ($40 000); 2-е месца — 1,5 млн расейскіх рублёў; 3-е месца — 1 млн расейскіх рублёў.

Нямецкая кніжная прэмія (Deutscher Buchpreis, Нямеччына)

Сёлета Акадэмія Саюзу нямецкіх кніжных гандляроў і выдаўцоў уганаравала сваёй прэміяй раман Анэ Вэбэр (Anne Weber, нар. 1964) «Annette, ein Heldinnenepos» («Анэта, эпас пра гераіню»). Раман — літаратурны партрэт Аны Бамануар, гераіні францускага руху супраціву падчас Другой сусьветнай вайны, якая дапамагала габрэйскім сем’ям хавацца ад нацыстаў у акупаванай Францыі.

Нямецкая кніжная прэмія, заснаваная ў 2005 годзе, прысуджаецца штогод за найлепшы нямецкамоўны раман. Кандыдатаў на прэмію прапануюць выдаўцы зь Нямеччыны, Аўстрыі і Швайцарыі. Пераможца атрымлівае 25 тысяч эўра, а пяці фіналістам (шорт-лістэрам) выплачваюць па 2,5 тысячы эўра. Прэмія Deutscher Buchpreis высока цэніцца ў нямецкамоўным сьвеце — яе прэстыж параўнальны з францускай Ганкураўскай і брытанскай Букераўскай прэміямі.

Прэмія Сэрвантэса (Premio Cervantes, Гішпанія)

Прэмія Сэрвантэса — найзначнейшая штогадовая літаратурная прэмія, якая з 1976 году прысуджаецца гішпанамоўнаму аўтару. Прэмію даюць не за канкрэтны твор, а за жыцьцёвы творчы даробак. Імёны кандыдатаў прапануюць акадэміі мовы гішпанамоўных краінаў, а ляўрэата вызначае Міністэрства культуры Гішпаніі. Ляўрэат атрымлівае суму 125 тысяч эўра. Прэмія ўручаецца 23 красавіка, у дзень сьмерці Мігеля дэ Сэрвантэса.

Сёлета прэмію Сэрвантэса атрымаў Франсыска Брынэс (нар. 1932), паэт з Гішпаніі. У мінулыя гады прэмію атрымлівалі, сярод іншых, Алеха Карпэнт’ер (Куба, 1977), Хорхэ Люіс Борхэс (Аргентына, 1979), Актавіё Пас (Мэксыка, 1981), Карляс Фуэнтэс (Мэксыка, 1987), Марыё Варгас Льёса (Пэру, 1994), Хуан Гайтысоля (Гішпанія, 2014).

Нікэ (Nagroda Literacka «Nike», Польшча)

Гэтая прэмія прызначаецца з 1997 году адмыслова створаным фондам (Gazeta Wyborcza і Fundacja Agory) з мэтай пашыраць сучасную польскую літаратуру, «з асаблівым акцэнтам на раман». Грашовая частка прэміі роўная 100 000 злотых ($27 000).

Прэмію «Нікэ» за 2020 год атрымаў Радэк Рак (нар. 1987), аўтар навуковай фантастыкі і лекар-вэтэрынар, за раман «Baśń o wężowym sercu albo wtóre słowo o Jakóbie Szeli». Якуб Шэля — адзін з найбольш вядомых правадыроў сялянскага паўстаньня («галіцыйскай разьні») 1846 году ў Заходняй Галіцыі, якое ўяўляла сабой хвалю масавых пагромаў і забойстваў мясцовай шляхты, урадавых чыноўнікаў і сьвятароў.

Ангелюс (Literacka Nagroda Europy Środkowej «Angelus», Польшча)

Ангелюс — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 2006 годзе, якую фінансуе горад Уроцлаў. Прысуджаецца ў галіне празаічных твораў, напісаных на польскай мове або перакладзеных на польскую мову. Мэта прэміі — папулярызаваць пісьменьнікаў з Цэнтральнай Эўропы, якія ў сваіх творах займаюцца найбольш важнымі тэмамі сучаснасьці і паглыбляюць веды пра сьвет іншых культураў.

У 2020 годзе прэмію атрымаў славенскі пісьменьнік, журналіст і кінарэжысэр Горан Войнавіч (Goran Vojnović, нар. 1980) за раман «Югаславія, мая краіна» («Jugoslavija, moja dežela», 2011), перакладзены на польскую Яаннай Паморскай як «Moja Jugosławia». Раман — сямейная гісторыя, сын шукае ў ёй сьляды бацькі, які загінуў у грамадзянскай вайне пасьля распаду Югаславіі ў 1991, і адкрывае, што бацька хаваецца як ваенны злачынца.

Грашовая частка прэміі «Ангелюс» — 150 000 злотых ($40 000) для прэміяванага аўтара і 25 000 злотых для яго перакладчыка (калі прэмію атрымлівае аўтар ня з Польшчы).

У 2011 «Ангелюса» атрымала Сьвятлана Алексіевіч за кнігу «Ў вайны не жаночае аблічча» (пераклаў Ежы Чэх). Зь Беларусі ў шорт-ліст Прэміі Ангелюса траплялі Ігар Бабкоў і Наталка Бабіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG