Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію па літаратуры за 2020 год амэрыканскай паэтцы Луізе Глюк за яе “беспамылковы паэтычны голас, які з аскетычнай прыгажосьцю робіць індывідуальнае існаваньне ўнівэрсальным.
«Луіза Глюк шукае ўнівэрсальнае, чэрпаючы натхненьне ў мітах і клясычных матывах, прысутных у бальшыні яе твораў», — сказана ў прэс-рэлізе Каралеўскай акадэміі.
Луіза Глюк нарадзілася ў 1943 годзе ў Нью-Ёрку, жыве ў Кэймбрыджы, штат Масачусэтс. Апрача літаратурнай творчасьці яна выкладае ангельскую мову ў Ейльскім унівэрсытэце (Нью-Гэйвэн, штат Канэтыкат).
Паэтка дэбютавала ў 1968 годзе і неўзабаве была прызнаная адной з найвыдатнейшых паэтак у сучаснай амэрыканскай літаратуры. Яе пяру належаць дванаццаць зборнікаў паэзіі і некалькі кніг эсэістыкі.
Творчасьць Глюк характарызуецца імкненьнем да яснасьці. Дзяцінства і сямейнае жыцьцё, блізкая повязь з бацькамі, братамі і сёстрамі - тэмы, якія застаюцца цэнтральнымі ў яе творчасьці.
Вершы Луізы Глюк перакладала на беларускую мову, а таксама дасьледавала яе творчасьць Аляксандра Пятровіч.