Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вальжына Морт: «Тое, што адбываецца ў Беларусі — сапраўдная паэзія, увасобленая ў цэлай краіне»


Вальжына Морт
Вальжына Морт

Што выкладае Вальжына Морт у адным з самых прэстыжных унівэрсытэтаў ЗША? З чаго нараджаюцца яе вершы? Якую ролю ў іх адыгрываюць бабуліны сьведчаньні? Адкуль бяруцца мэтафары ў яе паэзіі? Як ёй бачыцца сёньняшняя Беларусь? З паэткай размаўляе Ян Максімюк.

Вальжына Морт — беларуска-амэрыканская паэтка, жыве ў горадзе Ітака ў штаце Нью-Ёрк, дзе выкладае ў прэстыжным Карнэльскім унівэрсытэце, у якім у 1948-1959 гг. выкладаў расейска-амэрыканскі пісьменьнік Уладзімір Набокаў.

Сёлета ў ЗША ў выдавецтве Farrar, Straus & Giroux выйшаў паэтычны зборнік Вальжыны Морт «Music for the Dead and Resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых»), залічаны літаратурнай крытыкай у топ паэтычных выданьняў 2020 году ў ЗША.

Ітака на зямлі каюга

«У нас тут назвы падзяляюцца на дзьве катэгорыі. Гэта грэцкія назвы, зь міталёгіі. А таксама індзейскія назвы, бо тут раней жылі некалькі плямёнаў індзейцаў. Тут, дзе жывём мы, некалі жыло племя каюга, таму наша возера тут называецца Каюга. Каюга — гэта таксама людзі, якія жывуць ля возера. Кожнае нашае мерапрыемства ў Карнэльскім унівэрсытэце пачынаецца са словаў памяці, з таго, на чыёй зямлі мы знаходзімся. Мы выказваем словы павагі да мясцовага насельніцтва».

«Шпіён» на ангельскім факультэце

«Я такі шпіён на ангельскім факультэце. Там я выкладаю паэзію, прыгожае пісьменства, вяду майстар-клясу для „маленькіх“ студэнтаў, якія атрымліваюць бакаляўраў, і для „вялікіх“ студэнтаў, якія вучацца ў нас у магістратуры на пісьменьніцкай праграме. Таксама я выкладаю курс, які сама стварыла — курс мастацкага перакладу. Чаму я называю сябе шпіёнам? Таму што на нашым ангельскім факультэце мае калегі выкладаюць выключна англамоўных аўтараў — брытанцаў, амэрыканцаў, — а я выкладаю замежных аўтараў у перакладзе, чаго на ангельскім факультэце рабіць ня мушу, але раблю».

Вершы-блізьняты

«Я пішу адразу на дзьвюх мовах — па-ангельску і па-беларуску. Таму гэтая кніжка („Music for the Dead and Resurrected“. — РС) існуе ў мяне і па-беларуску. Яны кніжкі-блізьняты. Усё, што я пішу, гэта вершы-блізьняты. Таму для вас я пачытаю з гэтай кніжкі па-беларуску. Я вельмі спадзяюся, што ў новай Беларусі яна выйдзе па-беларуску».

Прорва

«У мае школьныя гады паміж урокамі гісторыі ў школе і тымі гісторыямі, якія апавядала мне на кухні бабуля пасьля школы, была прорва. Бабуля апавядала штодзень, ператвараючы наш кожны абед у мэмарыял, у гадзіну жалобы і памяці. Паміж іхнымі афіцыйнымі наратывамі і нашымі, сямейнымі і інтымнымі, была прорва. Прорва маўчаньня».

Бабуліна сьведчаньне і гаваркія рэчы

«Цяпер я разумею, што галоўнай формай камунікацыі паміж мной і бабуляй было сьведчаньне. Але сапраўдныя сьведкі тых бабуліных гісторый ня выжылі і сьведчыць не маглі. Таму бабуліна сьведчаньне было ў тым, што нават і гісторыі няма. Нічога няма. І з таго часу для мяне асабіста беларускае сьведчаньне — гэта сьведчаньне прадметаў жыцьця, прадметаў побыту.

Мне заўсёды здавалася, зь дзяцінства, што бабуліны рэчы размаўляюць са мною, што старыя рэчы ў вясковых хатах, дзе мы бывалі, таксама размаўляюць са мною, і з усімі жывымі. Заўсёды здавалася, што размаўляюць яны зь нейкім дакорам, што кажуць: ты ходзіш узад-уперад, чаму ты ня спынісься, чаму не паслухаеш нас, чаму ты не паразмаўляеш з намі? Чаму ты слухаеш тэлевізар, слухаеш настаўнікаў у школе, а ня слухаеш бабуліну сумку, якая адкрываецца, як рот? Чаму ня слухаеш цьвік на сьцяне, які глядзіць як вока?».

Перадача BBC і акардэон

«Два месяцы таму зьвярнулася да мяне брытанская журналістка Моніка Ўітлак, якая працуе на BBC. Яна мяне запрасіла працаваць разам над перадачай „Belarus across the barricades“. І мы напісалі гэтую перадачу пра Беларусь на вельмі інтымным узроўні галасоў звычайных беларусаў. Мы хацелі паказаць, што значыць жыць сярод гэтага тэрору, разгорнутага супраць беларускіх людзей. Гэтая перадача складаецца з інтэрвію зь беларусамі, маімі сябрамі зь Менску, а таксама зь сьведчаньняў і некаторых кароткіх цытатаў зь вершаў. (...)

Я вырасла пад акардэонам, таму што я была маленькая, а акардэон — вялікі і цяжкі інструмэнт. Бабуля яго да мяне прывязвала, бо рамяні былі завялікія для маіх плячэй. Там, дзе акардэон грае ў перадачы, — гэта я граю. Мы з дачкою кожны вечар сьпяваем разам „Купалінку“ пад мой акампанэмэнт. Я вучылася ў музычнай школе, сьпявала ў тэатры, але, вядома, цяпер я граю на вельмі дзіцячым узроўні».

Мэтафары ў вершах

«Шматлікія рэчы ў маіх вершах, якія чытаюцца як мэтафары, для мяне мэтафарамі не заўжды зьяўляюцца. Яны для мяне — сапраўдныя рэальныя рэчы, прастора майго жыцьця. Я наогул вельмі люблю мэтафару, ня толькі як літаратурны сродак для прыгажосьці. Я бачу мэтафару як нешта вельмі пачуцьцёвае, інтымнае, асабістае, што стварае інтымны асабісты сусьвет, які помніцца нейкімі нечаканымі суадносінамі паміж знаёмымі рэчамі. Музыка для мяне — мэтафара траўмы і болю. Бабуля апавядала мне гісторыі беларускага выжываньня, беларускага болю заўсёды пад радыё, якое было ўключанае на кухні. (...) У 1980-я гады па радыё перадавалі клясычную музыку, Рахманінава, Скрабіна, і вось у мяне мэтафара таго, што Моцарт, Рахманінаў, Бах — гэта беларускі боль. Гэта гісторыі маёй сям’і. Гэта ўсё зьвязана ў адну прастору».

Эсэ пра Максіма Знака

«Мы з Максімам вучыліся разам у школе. Мы належым да таго пакаленьня беларусаў, якія пачалі вывучаць гісторыю Беларусі ў пятай клясе. Мы атрымалі гэты бел-чырвона-белы падручнік, які развальваўся ў руках, у якім было столькі словаў і ніводнай карцінкі, ніводнай ілюстрацыі. Я напісала пра гэта (у нядаўнім эсэ пра Максіма Знака. — РС). Максім тады, у пятай клясе, быў нашым капітанам каманды па гісторыі Беларусі. І вось такая страшная беларуская іронія, што капітан маёй дзіцячай каманды па гісторыі цяпер робіць беларускую гісторыю як палітвязень. (...) Гэтае эсэ ўчора выйшла па-ангельску, а на мінулым тыдні — па-нямецку. Цяпер яно яшчэ і на швэдзкую мову перакладаецца».

Беларусь сёньня і памяць

«Цяпер для мяне вельмі важна, што ўпершыню, прынамсі на працягу майго жыцьця, сьвет бачыць ня толькі беларускую годнасьць і беларускі боль, але і беларускую радасьць. Першы раз у маім жыцьці беларуская радасьць — гэта ня нейкая абстракцыя недзе на заднім пляне, а нешта вельмі рэальнае, увасобленае ў людзях, у вуліцах. Усё жывое ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі, як мне здаецца, брыніць словамі і сэнсамі, усё гаворыць з намі і з усім сьветам.

Мы бачым, як усе працуюць цяпер над тым, каб памятаць, бо памяць — гэта дзеяньне. Нездарма людзі атрымліваюць суворыя прысуды за тое, што пісалі словы на асфальце: мы будзем памятаць, мы не забудзем. Каб помніць, трэба ўмець заўважаць, трэба ўмець заўважаць маленькія дэталі, заўважаць гэтыя надпісы на сьценах, заўважаць адно аднаго, ведаць адно аднаго. Тое, што цяпер адбываецца — гэта проста неверагодна. Гэта сапраўдная паэзія, увасобленая ў цэлай краіне. Гэта мастацтва. Гэтым займаецца мастацтва — тым, каб заўважаць і памятаць. І цяпер у нас цэлая краіна гэтым займаецца».

Два вершы з кнігі «Music for the Dead and Resurrected»:

Прыпынкі: Ars Poetica

Ня кнігі, а
вуліца адкрыла мне рот, як лыжка лекара.

Адна за адной, вуліцы
прадставіліся імёнамі
забойцаў.

У дзяржаўных архівах
вокладкі
прырасьлі тромбамі
да ўліковых кніг акрываўленых.

У маленькай кватэры я збудавала зь сябе
асобны пакой.

У маленькай кватэры
я збудавала з сябе
асобны пакой,
засяліла яго
калібанамі
плянаў на будучыню.

Будучыня, што ходзіць па раскладзе грамадзкага транспарту
ад заапарка да цырка,
будучыня.
Ці маеш алібі на архівы, на вуліцы, на кватэры, будучыня?

У сумцы,
якая трымала — праз тры вайны — пасьведчаньні
аб нараджэньні мерцьвякоў, бабуля
хавала ад мяне
шакаляд.
Сумка адкрывалася, як рот, што крычыць.

Сумка адкрывалася, як рот, што крычыць.
Дзьве спражкі назіралі за мной празь сьцены,
праз дні,
праз джаз.

Хто навучыў цябе, сумка, быць страшным
тварам?
Цалую спражкі, клянуся быць тваёй служкай.

Жнівень. Яблыкі. У мяне нікога няма.
Яблык пасьпеў — вось мне і сям’я.

І чатырохногі стол замест ката.

У храме Гастраному
я стаўлю сябе,
як сьвечку, у чаргу

да жрыцы,
што ахоўвае веды цэн
на мяса, цнатлівасьць
пакетаў малака.
Мая будучыня — крыху рэшты.

Будучыня, што ходзіць па раскладзе грамадзкага транспарту.
Вуліцы прадставіліся імёнамі
забойцаў, а я збудавала
зь сябе асобны пакой,
у якім памяць — нелегальная
імігрантка праз час —
бясконца прыбірае
за ўяўленьнем.

У пакоі, дзе памяць здымае бялізну з ложкаў —
бялізну, што тромбам прырасла
да матрацаў, я цалую

яблычкі — мае брацікі, цалую спражкі,
што назіраюць за намі праз сьцены,
праз дні,
праз джаз;
шакаляд з сумкі,
якая трымала
— праз тры войны —
пасьведчаньні аб нараджэньні мерцьвякоў!

Трымай мяне, яблычак.

Цягніковы накцюрн

З усіх дрэваў,
бачаных мелькам
дрэвы ў вакне начнога цягніка, —
самыя сумныя дрэвы.

Здаецца, вось-вось і скажуць нешта,
але яны зьнікаюць,
як салдаты.

Правадніцы разносяць выпрасаваную бялізну для сну.
Пасажыры сядзяць схіліўшыся
над іконамі
бутэрбродаў.

У шклянцы кавы лыжка мяшае цукар
і б’ецца срэбным тварам аб грані.

У вакне — фігура змагаецца зь белымі
навалкамі, з белай прасьціной.

Часам шыльды з назвамі гарадоў
абяцаюць магчымасьць дакладных словаў
для таго, што праносіцца міма.

У запаленых вокнах людзі, здаецца, не жывуць,
а праводзяць апэрацыі на кухонных плітах.

Кляновыя паркі дыхаюць подыхам істотаў,
здольных да мовы.

Радыяцыя, этымалёгія глебы,

накіраваная ў будучыню,
гатуе тэзу
пра новыя вытокі старых каранёў,
пра сакрэтныя, мардоўныя місіі абдруковак,
пра жахлівае здрадніцтва яблыкаў,
пра бескампрамісную адданасьць цэзію.

Мой дзіцячы голас,
мае далоні,
мае ступні —
усё, што жыве
на самым краю мяне, —
шшш, вось-вось каштаны скажуць нешта.

А яны зьніклі.

Мяне выдалілі зь мікрараёну,
прыкаванага арэлямі да зямлі.
Мяне выдалілі, пакуль я пасьпела
выкапаць мову з паветра
сваімі дзіцячымі нагамі.

Мяне выдалілі дзюбамі — буслоў, пад’ёмных кранаў.

Вось кандуктар прабівае вочы
сьпячым пасажырам.

Іншыя вершы і размова цалкам у далучаным відэа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG