Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка Наста Кудасава: «Я больш не адчуваю сябе ў меншасьці»


Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура
Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура

Ян Максімюк размаўляе з паэткай Настай Кудасавай пра тое, як сёлетнія грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі ўплываюць на яе творчасьць і бачаньне сьвету.

Нацыятворчыя працэсы

— Калі мы размаўлялі з вамі для Свабоды ў пачатку лета 2019-га, вы сказалі, што ў Беларусі час спыніўся і нічога не адбываецца. І што асабліва на правінцыі, у малых гарадках, вы маеце адчуваньне нейкай задухі, як быццам беларусы выпалі з агульнаэўрапейскага жыцьця. Як яно, гэтае беларускае жыцьцё, бачыцца вам цяпер, пасьля лета 2020?

— Да мяне, мабыць, яшчэ не прыйшло канчатковае асэнсаваньне таго, што з намі адбылося. Але магу сказаць словамі Дзьмітрыя Строцава — ён, па-мойму, першы напісаў у фэйсбуку тое, што на языку ўва ўсіх вярцелася. Там у фэйсбуку, калі заходзіш, штодня пытаюцца: што ў вас новага? Помніцца, што Строцаў першы напісаў: «Што ў вас новага? — Народ». І гэта сапраўды. Ад жніўня такое беспрэцэдэнтнае адчуваньне, і яно ня толькі ў мяне, што ў нас новае ўсё: новы народ, новая краіна ў добрым сэнсе гэтага слова.

Я ніколі ня думала, што ў сваім жыцьці я пабачу такія магутныя зьмены, нацыятворчыя. Я чамусьці была скептычна настроеная, мне здавалася, што нас усё задавальняе больш-менш, што я заўсёды знаходжуся ў такой маргінальнай меншасьці. Карацей, я нават уявіць сабе не магла, што ў нас будуць такія маштабныя нацыятворчыя працэсы, што ў нас такі цудоўны народ, які імкнецца да вельмі магутных сьветапоглядных рэчаў.

Я вельмі ўражаная, таму ў мяне цяпер зусім іншае адчуваньне. Ужо больш не адчуваю, што я ў меншасьці. І гэта такое прыемнае, нешта новае.

Агаломшаная Рагачовам

У нас у Рагачове, вядома, ня так моцна адчуліся зьмены, але ўсё адно, калі былі гэтыя першыя дні пасьля… Ведаеце, мы пражылі некалькі дзён без інтэрнэту, у мяне не працавала нічога і я тры дні ня ведала нічога, што адбываецца са сьветам. Пасьля таго як скончыўся гэты інфармацыйны вакуўм і я прачытала пра той жах, які адбываўся ў Менску, я выехала ў горад і абсалютна выпадкова раптам пабачыла, як на ганак станцыі пераліваньня крыві выйшаў увесь пэрсанал у белых халатах, зь белымі кветкамі… Гэта была нейкая акцыя, відаць.

Я была агаломшаная, у Рагачове я ня бачыла такога ніколі, каб нашы людзі праяўлялі нейкую грамадзкую пазыцыю, каб ладзілі нейкія акцыі. У правінцыі людзі звычайна стараюцца не вылучацца… Гэтая акцыя на ганку ламала ўсю маю сыстэму, усю маю думку пра беларусаў. Я ў той момант зразумела, што вельмі мала ведаю свой народ…

Я ўжо цяпер разумею, што гэтая задуха была неарганічная для нас, што задуха муляла ўсім насамрэч, толькі беларусы гэтага не паказвалі. Беларусы вельмі цярплівыя, такія інтэлігентныя, маўклівыя, але яны, выяўляецца, усё разумеюць, і яны таксама маюць гонар, годнасьць, голас…

Тое, што цяжка выношваецца

— Пішуцца вам вершы ў гэты час? Я, як і шмат іншых чытачоў, якія любяць беларускую паэзію, чытаў ваш верш пра лётчыка Акрэсьціна, якім вы адгукнуліся на гвалт і катаваньні ў менскай турме пры завулку імя гэтага лётчыка. Што-небудзь іншае, навеянае апошнімі пратэставымі падзеямі ў Беларусі, вам напісалася? Не прачыталі б?

— Яно, ведаеце, выношваецца вельмі цяжка. Але яно напішацца. Яно будзе, адчуваю, што мне будзе яшчэ шмат чаго сказаць. Нават той верш пра лётчыка Акрэсьціна — ён невялікі, восем радкоў, але я яго вельмі доўга выношвала… Цяпер назапашваю нешта іншае. Ну вось сёньня напісаўся новы верш, я яго выклала ў фэйсбук. Ён навеяны ня толькі беларускімі падзеямі. Тут жа, бачыце, увогуле са сьветам адбываецца нешта сумнае. Гэты гвалт бясконцы…

Здаецца, як можна, пражыўшы дваццатае стагодзьдзе такое страшнае, наступаць на тыя ж граблі, зноў трапляць у тыя ж нечалавечыя сытуацыі? Таму для мяне гэта самая балючая тэма… Мяне больш хвалюе тэма зла, нейкага непераможнага зла, якое заўсёды ў чалавеку ёсьць. Здаецца, гісторыя нас навучыла чамусьці, а потым праходзіць час і выяўляецца, што гісторыя нас нічому не навучыла…

Магу вам прачытаць гэты верш, які дапісала сёньня:

Песьні шчасьця рыпяць курапацкім пяском на зубах,
ад разумнага добрага вечнага ўжо зводзіць сківіцы.
Што б ні сеяў, пажнеш тут адно —
Сандармох,
Карабах.
Бессэнсоўна высільвацца, лепей адразу засіліцца
і ня глухнуць ад болю,
ня сьлепнуць ад праўды прычын,
не жахацца ад зьзяньня таго, хто пайшоў самаспаленым.
Ты ня фэнікс.
Таму ўцісьні сорам глыбей і сачы,
як разносіцца ноч нематой над астрогамі спальнымі…
…Ноч ідзе, закалыхвае тых, што жывуць на «ура!»
Як жа хораша сьпіцца ім, Госпадзе!
Чуеш, як лёгка ім…
Ну, а ты вымкні волю, сумленьне завесь, паўтарай:

ле-пей лё-ка-ем,
лепей лёкаем…
Лепей
лёкаем?!

Каб вершы засталіся назаўжды

— Як вы ставіцеся наагул да паэзіі, якая, скажам так, апэратыўна адгукаецца на палітычна-грамадзкую рэчаіснасьць? Вы чытаеце такія вершы, ці ўсё ж вам больш да душы асабістая лірыка, заглыбленасьць у індывідуальны сьвет чалавека? Маякоўскі і Цьвятаева, напрыклад. Хто бліжэйшы?

— Пачну з канца. Вы назвалі такіх цікавых паэтаў. Маякоўскі і Цьвятаева — абсалютна мае любімыя паэты. Я іх не падзяляю неяк, бо ўсё-ткі паэта любіш, мабыць, за мову, за слова. А тэмы абірае кожны сам… Я лічу, што паэзія мусіць быць рознай, любой…

Я ведаю, што часам ёсьць творы, напісаныя на злобу дня, такога публіцыстычнага характару, калі ты чытаеш і разумееш, што гэта ўсё-ткі публіцыстыка, пададзеная ў вершаванай форме. Гэта нешта такое аднадзённае. Ёсьць такія вершы, і яны маюць права быць, і яны дапамагаюць камусьці пражыць рэчаіснасьць. Але мне цікава, каб у гэтым можна было чуць паэзію… Я чалавек сацыяльны, як і кожны іншы, таму тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі, гэта таксама маё асабістае. Але такой лёзунгавай паэзіі мне не хацелася б… Хачу, каб гэта быў тэкст, актуальны ня толькі сёньня, у 2020-м годзе, а які застанецца назаўжды, і гэта будзе сапраўдная паэзія…

Нявыдадзеная кніга

— У вас рыхтавалася да друку паэтычная кніжка, трэцяя, калі не памыляюся. Што зь ёю?

— Гэта чацьвёртая кніжка. Так, яна рыхтавалася. І бачыце, што адбылося сёлета. Цяпер я гляджу на ўсё тое, што было падрыхтавана да друку, і разумею, што нават ня маю маральнага права выдаць тую кнігу ў такім выглядзе, у якім яна была да ўсяго, што цяпер адбылося. Таму я яе адклала і думаю, што трэба дапісаць тое, што просіцца, і далучыць туды творы, якія напісаліся цяпер. Яна мусіць быць іншай.

Проста ўжо нельга ў 2020-м годзе выдаць кнігу з творамі, якія былі напісаныя тады. Мы ўжо іншыя, і ў нас ужо столькі іншага болю назапашана, што гэта ўжо будзе неяк недарэчы і сорамна. Таму хачу дапісаць тое, што ўва мне там недзе сядзіць, дарабіць, і гэтую кніжку трошкі ўдасканаліць. А мо яна будзе нават зусім ужо іншай, не такой, як я плянавала. Пагляджу.

Самота на правінцыі?

— Як вы трываеце гэты час, калі з увагі на каранавірусную заразу, ну і на пратэставую сытуацыю, літаратурнае жыцьцё ў краіне прыглухла. Кнігі неяк выходзяць, але малапрыкметна, няма літаратурных сустрэчаў, публічных прамоцыяў новых выданьняў, сустрэчаў з чытачамі. Ня сумна вам?

— Я і так звычайна жыву даволі адасоблена ад літаратурнага жыцьця, яно звычайна ў Менску адбываецца, а ня тут. Таму я не адчула асаблівых зьменаў для сабе. Мае стасункі зь людзьмі звычайна праз інтэрнэт, празь перапіску, таму мне нармальна. Адзінае — я апошнім часам не магла ўвогуле чытаць, было нейкае аняменьне ад жаху, што проста кніжкі перасталі чытацца. Месяц я проста нічога не магла чытаць, і толькі нядаўна вярнулася да больш-менш нармальнага жыцьця…

Ня ведаю, калі скончыцца гэтая сытуацыя дзікунства, якое цяпер адбываецца. Бо вельмі хацелася б зажыць такім цудоўным жыцьцём, ёсьць пэўныя надзеі, што калі мы пераможам, колькі ўсяго можна будзе зрабіць, ёсьць столькі плянаў…

— Наколькі істотна для вас мець жывы кантакт са сваімі чытачамі ці слухачамі, выступаючы з чытаньнем вершаў непасрэдна перад імі, перад жывой аўдыторыяй? Ці вы можаце бяз гэтага абысьціся?

— Гэта істотна, вядома. Гэта вельмі натхняе, але мне ня трэба гэта часта. Мне дастаткова гэта мець, можа, раз на год — куды-небудзь выехаць на нейкі фэстываль і адчуць такі ўздым. Увесь астатні час я не адчуваю сябе забытай ці непачутай. Усё-ткі нейкія водгукі я атрымліваю, нейкія лісты, словы падзякі. Так што не адчуваю, што я адна. А такі непасрэдны кантакт… Часам непасрэдныя кантакты прыносяць толькі расчараваньне і напружаньне, па-рознаму бывае з жывымі людзьмі…

Значнасьць у літаратуры

— І маё апошняе пытаньне, агульнага характару. Чаго вам хочацца дасягнуць у літаратуры? Каб вашы зборнікі выходзілі шматтысячнымі тыражамі? Каб вашы вершы ўвайшлі ў школьныя хрэстаматыі? Ці, можа, нечага іншага?

— Я думала нядаўна над гэтым, чаго я хачу. Ведаю дакладна, што я б хацела, каб мяне чыталі. Мне вельмі важна быць значным паэтам і адчуваць сваю значнасьць усё-ткі. Бо гэта адзінае, што я магу рабіць сапраўды добра. Я больш нічога ў жыцьці рабіць сапраўды добра не магу. У мяне няма ніякай іншай прафэсіі. Мне важна тут максымальна сябе рэалізаваць і адчуваць, што вось я гэта недарэмна зрабіла. Няхай гэта будуць і тысячныя тыражы, хоць ня ведаю, чым вымяраецца гэтая значнасьць.

Мне сапраўды гэта важна, я чамусьці не магу быць з гэтым сам-насам больш. Бо занадта шмат празь сябе прапускаеш чужога болю. Як паэт, ты як актор у нейкім сэнсе. Ты пражываеш розныя ролі, розных людзей, якія вакол цябе… Усе гэтыя болькі чужыя празь сябе прапускаеш, робісься такім лірычным героем. Я не магу, каб гэта было дарэмна. Мне будзе невыносна, калі яно згіне, недзе праплыве. Мне вельмі хацелася б, каб людзі гэта пачулі і падзялілі са мной, тым больш што адчуваю вялікую салідарнасьць зь людзьмі, калі пішу вершы і калі іх друкую.

Я атрымліваю вельмі многа добрых водгукаў, у тым сэнсе, што яны кажуць: нам гэта вельмі трэба, дзякуй, вы сказалі тое, што я адчуваў, падабралі патрэбныя словы. Вось я — чалавек, які падбірае патрэбныя многім словы. І таму мне вельмі хацелася б застацца ў літаратуры, так сур’ёзна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG