Рашэньне аб прызнаньні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй сайту, яго акаўнтаў у Instagram, Facebook, Telegram, а таксама Telegram-чату «Клуб Камэнтатараў Petitions.by» было прынята судом Цэнтральнага раёну Менску 30 сьнежня 2024 году, паведаміла «Вясна».
Petitions.by — сэрвіс для падачы публічных калектыўных зваротаў да органаў улады. У 2021 годзе сайт быў заблякаваны ў Беларусі. Паводле ўладаў, на сайце нібыта вялі «збор подпісаў пад пэтыцыямі пратэставага характару», а таксама публікаваліся пэтыцыі, якія зьмяшчаюць «інфармацыю, што дыскрэдытуе заканадаўчую сыстэму Беларусі, дзейнасьць Нацыянальнага сходу, ЦВК, заклікі прызнаць несапраўднымі прэзыдэнцкія выбары».
- Плятформа электронных пэтыцый Petitions.by была створаная, каб грамадзяне маглі «калектыўна ці індывідуальна зьвярнуцца да беларускіх чыноўнікаў самага рознага ўзроўню па вырашэньне праблем двара, вуліцы, раёна, горада, усёй краіны».
- На ёй публікуюцца электронныя пэтыцыі, а пасьля таго як пад зваротам зьбіраецца дастатковая колькасьць подпісаў, яна накіроўваецца ў адказны за вырашэньне пытаньня дзяржаўны орган.
- Апошнія пэтыцыі, апублікаваныя на сайце, датычыліся праблем з даступным асяродьдзем у Баранавічах, зацяканьня сутарэння ў доме па вул. Гогаля ў Полацку, выкарыстаньня пэтардаў у спальных раёнах у навагоднюю ноч.
Форум