Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна паабяцала Малдове дапамогу ў пастаўках вугалю. Энэргетычны крызіс зацягваецца


Адна з электрастанцый у Малдове
Адна з электрастанцый у Малдове

Кіеў паабяцаў паставіць вугаль Кішынёву для вырашэньня энэргетычнага крызісу ў самаабвешчаным Прыднястроўі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паабяцаў прэзыдэнтцы Малдовы Маі Санду паставіць вугаль для вырашэньня прыднястроўскага энэргетычнага крызісу.

Увечары 8 студзеня стала вядома, што лідэры правялі тэлефонную размову, у якой, паводле прэс-службы прэзыдэнта Малдовы, яны «абмяркоўвалі гуманітарную сытуацыю ў прыднястроўскім рэгіёне» і пагадзіліся шукаць рашэньні разам.

Спыненьне паставак прыроднага газу расейскай кампаніяй «Газпром», насуперак абавязаньням па кантрактах, прывяло да вострага крызісу. Тысячы людзей сутыкаюцца зь нястачай цяпла, сьвятла, а ў некаторых выпадках пітной вады ва ўмовах холаду і эканамічных цяжкасьцяў, гаворыцца ў паведамленьні з Кішынёва, якое цытуе «Настоящее время».

Зеленскі ў сваім вячэрнім звароце пацьвердзіў тэлефонную размову з Санду. Ён заклікаў «дапамагчы Малдове перажыць складаны пэрыяд энэргетычных праблемаў і не дазволіць Маскве маніпуляваць энэргарэсурсамі супраць улады ў Малдове».

Ён абвясьціў аб гатоўнасьці Ўкраіны дапамагчы, у прыватнасьці вугалем.

«Вельмі важна падтрымліваць стабільнасьць, даць усім людзям у Малдове ўмовы спакойнага жыцьця і працы для сваёй краіны, пераадолець беднасьць і дзеля нашага агульнага руху ў Эўрапейскі зьвяз», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

28 сьнежня 2024 году расейскі манапаліст «Газпром» абвясьціў аб спыненьні газавых паставак у Малдову, тлумачачы гэта тым, што Малдова «рэгулярна не выконвае абавязкаў у аплаце ў адпаведнасьці зь бягучым кантрактам». Масква патрабуе ад Кішынёва вярнуць запазычанасьць у памеры 709 мільёнаў даляраў.

Час спыненьня паставак газу ў Малдову супаў са спыненьнем транзыту праз Украіну.

У Малдове 16 сьнежня ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі ў энэргетычным сэктары. Такі самы рэжым неўзабаве ўвялі і ўлады самаабвешчанай рэспублікі Прыднястроўя. Там 1 студзеня адключылі газ, было адключана і цэнтральнае ацяпленьне. Запасаў газу, паводле зьвестак мясцовых уладаў, хопіць на 20 дзён. Яго выкарыстоўваюць на прыгатаваньне ежы.

Малдаўская ДРЭС, якая знаходзіцца пад кантролем Тыраспаля, перайшла на генэрацыю электраэнэргіі на вугалі і працуе толькі на непрызнаную рэспубліку. На тэрыторыі пад кантролем Кішынёва, якая больш не атрымлівае электраэнэргіі з ДРЭС, тарыфы на электраэнэргію павялічыліся. Кішынёў павялічыў пастаўкі электраэнэргіі з суседняй Румыніі. Раней у Кішынёве прапаноўвалі купляць румынскую энэргію і ўлады Прыднястроўя, але тыя на прапанову не адказалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG