Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандрусевіча не пусьцілі на радзіму, Лукашэнка і 29 чыноўнікаў — пэрсоны нон-грата, затрымалі сябру прэзыдыюму КР. Найважнейшае за 31 жніўня


Ланцуг салідарнасьці. Менск, 31 жніўня. Чырвоны касьцёл.
Ланцуг салідарнасьці. Менск, 31 жніўня. Чырвоны касьцёл.

Кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вымушана вярнуўся ў Польшчу 31 жніўня, таму што беларускія памежнікі не ўпусьцілі яго на радзіму без тлумачэньня прычын.

Увечары 31 жніўня ў Менску жанчыны зноў выйшлі ў «ланцуг салідарнасьці» да Чырвонага касьцёла. Каталікі пасьля імшы зрабілі вакол Чырвонага касьцёла крыжовы шлях. Яны маліліся за мітрапаліта Кандрусевіча.

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на пачатку верасьня выступіць з дакладам пра сытуацыю ў Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН і на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў у сьпіс пэрсон нон-грата. У «чорным сьпісе» Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта, ЦВК, МУС і Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуры, КДБ, Сьледчага камітэту, Савету бясьпекі і Менгарвыканкаму. Беларусь «прыме адэкватныя меры» ў адказ на санкцыі з боку балтыйскіх краін, заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі.

Лукашэнка звольніў пасла Беларусі ў Гішпаніі Паўла Пуставога, які выказваўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях. Яго пазбавілі дыпляматычнага рангу «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў».

Супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву напярэдадні паседжаньня пашыранага складу рады. У яе доме прайшоў ператрус. ​

Крымінальную справу супраць футбалістаў «Крумкачоў» спынілі. Гульцоў клюбу Сяргея Казеку і Паўла Расольку затрымалі 30 жніўня ў справе аб нападзе на міліцэйскі аўтамабіль.

Міністар спорту даручыў падначаленым скасаваць падпіску на газэту «Прессбол», якая дае слова крытыкам улады.

У беларускай «Камсамолкі» новы галоўны рэдактар, якога прыслалі з Расеі. Галоўны рэдактар беларускага выпуску газэты «Комсомольская правда» Андрэй Ляўкоўскі, які кіраваў рэдакцыяй больш за 10 гадоў, паніжаны да першага намесьніка.

Сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі на 15 сутак арышту па абвінавачаньні ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.

З ініцыятывы Міністэрства культуры звольненая рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў Аліна Корбут. Тысячы беларускіх студэнтаў патрабуюць правесьці новыя выбары, заклікаюць выходзіць з БРСМ.

Выкладчыкі паведамілі, што Мікалай Лукашэнка забраў дакумэнты зь Ліцэю БДУ.

Дата сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве пакуль узгадняецца, візыт адбудзецца ў бліжэйшыя два тыдні, паведаміў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў. 2 верасьня Лаўроў правядзе перамовы з Макеем у Маскве.

Штаб Бабарыкі апублікаваў ягоны відэазварот аб стварэньні партыі. Зварот быў запісаны яшчэ да ягонага арышту, і ў ім гучаць словы «мы не змаглі перамагчы на выбарах». Пасьля Бабарыкі зь відэазваротам выступіла кіраўніца ягонага перадвыбарчага штабу Марыя Калесьнікава, якая цяпер уваходзіць у Каардынацыйную раду апазыцыі. Яна паведаміла, што ствараецца палітычная партыя «Вместе» (Разам) і блізкім часам будуць пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG