Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіць у Радзе Бясьпекі ААН і ПАРЭ


Сьвятлана Ціханоўская пасьля галасаваньня на сваім выбарчым участку, 9 жніўня 2020 году.
Сьвятлана Ціханоўская пасьля галасаваньня на сваім выбарчым участку, 9 жніўня 2020 году.

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў пачатку верасьня плянуе выступіць з дакладам на найбуйнейшых сусьветных палітычных пляцоўках, паведамілі Свабодзе ў яе штабе.

У Менску больш за чатыры гадзіны адбываўся пратэставы «Марш міру і незалежнасьці». ФОТА, ВІДЭА

«Заплянаваны ўдзел празь відэасувязь 4 верасьня з дакладам у Радзе Бясьпекі ААН, затым 8 верасьня — у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы», — сказалі ў штабе.

Ціханоўская пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня, выехала ў Літву. На яе ініцыятыву ў Беларусі сфарміраваная Каардынацыйная рада. Мэтай яе зьяўляецца дыялёг з уладамі.

Да Сьвятланы Ціханоўскай зьвяртаюцца прадстаўнікі многіх краін сьвету. Яна правяла каля дзясятка гутарак асабіста і па тэлефоне зь міністрамі замежных справаў розных краін — ад Францыі да Канады. Кантактавала з прэзыдэнтамі і прэм’ер-міністрамі эўрапейскіх краін, уключна з кіраўніком ураду Эўразьвязу Урсулай фон дэр Ляйен. Правяла шэраг сустрэчаў з амбасадарамі, дэпутатамі Эўрапарлямэнту і дэпутатамі парлямэнтаў розных краін.

У Беларусі з 9 жніўня працягваюцца акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў прэзыдэнта. Пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 году. Самыя масавыя акцыі адбыліся 16, 23 і 30 жніўня. У ходзе акцый пратэсту, якія прайшлі 9-11 жніўня, затрымалі каля 7 тысяч чалавек.

Да цяперашняга часу большую частку затрыманых вызвалілі. У ходзе акцый пратэсту і катаваньняў пасьля іх загінулі людзі, аднак іх колькасьць адрозьніваецца паводле розных крыніц. Сотні былі пабітыя і шпіталізаваныя.

25 жніўня Ціханоўская паведаміла, што загінулі ня менш за шэсьць чалавек. Управа Вярхоўнага камісара правоў чалавека ААН паведаміла пра гібель чатырох чалавек на акцыях пратэсту ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG