Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дыяспара Грузіі пачала маніторынг выкананьня ў краіне права на прытулак


Праваабаронца Раман Кісьляк, архіўнае фота
Праваабаронца Раман Кісьляк, архіўнае фота

Маніторынг выкананьня ў Грузіі права на палітычны прытулак пачынае 14 лістапада беларуская дыяспара, ён працягнецца сама меней паўгады, паведаміў «Позірку» праваабаронца, намесьнік старшыні арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісьляк.

«Мы будзем зьбіраць факты, зьвесткі — любую інфармацыю, якая тычыцца права на прытулак. Гэта інтэрвію, статыстыка, іншыя формы. Паспрабуем пабачыць, дзе выконваецца гэтае права, дзе парушаецца, што не працуе», — распавёў Раман Кісьляк.

Паводле яго, цяпер ёсць «несыстэмныя веды» пра сытуацыю, а маніторынг дасьледуе ўсё, можна будзе «даць рэальную карціну, як гэта на самай справе адбываецца ў Грузіі».

«Мы цяпер атрымліваем інфармацыю пра парушэньні: дакумэнты губляюцца ў дэпартамэнце міграцыі, людзі і арыгіналы прадстаўляюць, і копіі, частка зьнікае. І гэта недапушчальна. Не даюць магчымасьць выказацца на першым інтэрвію па наданьні прытулку, а на другім (мясцовае заканадаўства прадугледжвае два інтэрвію з заяўнікам — рэд.) запытваюць: „Чаму вы не казалі на першым?“ Ёсьць рэчы, якія, ня ведаю, сьвядома ці несьвядома робяць, і на гэта варта ўказаць», — лічыць Раман Кісьляк.

Акрамя таго, паводле правабаронцы, у Грузіі існуе праблема зацягваньня разгляду спраў аб наданьні прытулку. «Мы на гэта ўжо ўказалі, праводзілі пікеты», — адзначыў Раман Кісьляк.

Па выніках маніторынгу плянуюць скласьці справаздачу сама меней на трох мовах: грузінскай, беларускай і ангельскай. Гэтай справаздачай, паводле Кісьляка, змогуць скарыстацца іншыя праваабарончыя арганізацыі для сваіх дакладаў і аналізу сытуацыі, калі інтэрвіюеры будуць згодныя; «нешта можа быць узята для правядзеньня цяжбаў, іншых палітычных і прававых дзеяньняў».

Раман Кісьляк прагназуе, што пры правядзеньні маніторынгу сытуацыя будзе мяняцца.

«Бо ўлады будуць бачыць, што мы гэта адсочваем, фіксуем. Можа быць, яна і палепшыцца, — мяркуе ён. — Грузінскія ўлады павінны разумець, што гэтая частка рэчаіснасьці стане вядомай ня толькі ім самім, але і партнэрам, міжнародным праваабарончым арганізацыям, іншым краінам».

Цяпер Раману Кісьляку вядома прыкладна пра 20 адмоваў беларусам у прытулку, і гэта «дастаткова шмат», бо агулам каля 60 беларусаў падалі заявы на атрыманьне гэтага статусу ў Грузіі. Сам Кісьляк таксама атрымаў адмову і цяпер судзіцца з грузінскімі ўладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG