Абгрунтаваных і дастатковых доказаў віны затрыманых у Менску грамадзян Расеі няма. Пра гэта заявіла ўпаўнаважаная ў правах чалавека ў РФ Тацьцяна Маскалькова, перадае MK.ru.
Паводле яе, неспакой таксама выклікаюць абгрунтаванасьць і дастатковасьць доказаў «для іх затрыманьня і правядзеньня сьледчых дзеяньняў пры прад’яўленьні да іх абвінавачаньня».
Маскалькова нагадала, што, згодна з фэдэральным канстытуцыйным законам, упаўнаважаны можа дзейнічаць толькі пры паступленьні звароту, якога яшчэ не было.
Аб затрыманьні ў ноч на 29 ліпеня пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) паведамілі ў той жа дзень беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазьней зьявілася ўдакладненьне, што гаворка ідзе пра г.зв. расейскую ПВК «Вагнэр»; акрамя таго, на поўдні краіны затрымалі яшчэ аднаго чалавека.
30 ліпеня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў журналістам, што па факце затрыманьня расейскіх баевікоў пад Менскам завялі крымінальную справу аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. «33 баевікі затрымалі, да двухсот дзесьці знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], паводле апэратыўнай інфармацыі. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена», — сказаў Раўкоў.
У сваю чаргу МЗС РФ вечарам 30 ліпеня выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што «адыёзная трактоўка беларускім бокам затрыманьня 33 грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі».
«На сёньня нам вядома, што названая група рухалася транзытам праз Менск у Стамбул, маючы на руках усе неабходныя дакумэнты, уключаючы авіябілеты, — адзначае замежнапалітычнае ведамства. — Усю лягістыку на тэрыторыі Беларусі забясьпечвала беларуская кампанія. Зь невядомых прычынаў група ня трапіла на свой рэйс Менск — Стамбул і вымушана была затрымацца ў Беларусі ў чаканьні набыцьця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй».
«Спроба прадставіць тое, што здарылася, як вонкавае ўмяшаньне ў справы рэспублікі, выклікае як мінімум зьдзіўленьне. У распараджэньні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсьць усе неабходныя дакумэнты для высьвятленьня праўды», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
МЗС РФ настойвае на неадкладным забесьпячэньні доступу консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых. «Неабходна спыніць нагнятаньне непатрэбных, асабліва ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў, нэгатыўных эмоцый», — заклікала расейскае замежнапалітычнае ведамства.