Вечарам 30 ліпеня Міністэрства замежных справаў Расеі апублікавала заяву «для СМІ» ў сувязі з затрыманьнем у Беларусі 29 ліпеня 33 чалавек, якіх беларускія ўлады называюць баевікамі ПВК «Вагнэр» і падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў.
Трактоўку падзеяў беларускім бокам МЗС Расеі называе «адыёзнай» — яна «не вытрымлівае ніякай крытыкі». Ведамства паўтарае вэрсію, якую раней агучыў амбасадар Расеі ў Беларусі: затрыманыя «пасяліліся ў санаторыі, бо спазьніліся на самалёт», легальна ехалі транзытам празь Беларусь і мелі працоўныя дамовы. Лягістыку на тэрыторыі Беларусі «забясьпечвала беларуская кампанія»
«Спроба прадставіць падзеі як вонкавае ўмяшаньне ў справы рэспублікі выклікае прынамсі зьдзіўленьне, — піша МЗС Расеі. — У распараджэньні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсьць усе неабходныя дакумэнты для высьвятленьня праўды.
Павінен быць неадкладна забясьпечаны доступ консульскіх супрацоўнікаў да нашых грамадзян. Неабходна спыніць нагнятаньне непатрэбных, асабліва ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў, нэгатыўных эмоцыяў».