Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»

абноўлена

Кадр з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам
Кадр з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ПВК Вагнэра» пад Менскам

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «ПВК Вагнэра», паведамляе БелТА. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.

БелТА апублікавала сьпіс затрыманых — 33 чалавекі ва ўзросьце ад 24 да 55 гадоў.

У дзённых навінах на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі апэратыўныя кадры, на якіх бачна, як вялікая група мужчын трапляе на камэры відэаназіраньня санаторыю пад Менскам. Пасьля гэтага — працэс затрыманьня «баевікоў» у нумарах і пагрузка ў аўтазакі.

Кадры затрыманьня, паказаныя на тэлеканале «Беларусь 1»
Кадры затрыманьня, паказаныя на тэлеканале «Беларусь 1»

У кадры трапілі грошы, зброя, расейскія пашпарты, прэзэрватывы, інструкцыі кіраваньня «робатамі-падрыўнікамі», аркушы з тэкстам на арабскай мове, шаўроны з надпісам: «Наш бизнес смерть, и бизнес идет хорошо».

Прэс-сакратар Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Свабодзе, што «ўсё будзе ў афіцыйных каналах». Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава сказала Свабодзе, што не валодае інфармацыяй аб гэтай справе, але спадзяецца, што неўзабаве інфармацыя зьявіцца. Прэс-служба Камітэту дзяржаўнай бясьпекі не адказвае на тэлефанаваньні. Амбасада Расеі не камэнтуе затрыманьні, пра якія піша БелТА.

«Атрымалі інфармацыю» пра 200 баевікоў

БелТА са спасылкай на неназваныя праваахоўныя органы сьцьвярджае, што «была атрыманая інфармацыя аб прыбыцьці на нашую тэрыторыю больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі». Пры сабе кожны «меў па невялікай ручной паклажы, тры вялікія цяжкія чамаданы».

Прыбыўшы ў Беларусь, група людзей (200 ці 32, не ўдакладняецца) «засялілася ў адзін з гатэляў Менску і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Менскага раёну». Адміністрацыя санаторыю зьвярнула ўвагу на «нехарактэрныя для расейскіх турыстаў паводзіны» людзей і на «аднастайнае адзеньне ў стылі мілітары».

«Сьпіртнога не ўжывалі, забаўляльных установаў не наведвалі, трымаліся адасоблена, імкнучыся не прыцягваць да сябе ўвагі, — апісвае БелТА падазроных людзей у мілітары-форме. — Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і ваколіцы санаторыю».

Усе затрыманыя (у загалоўку гаворыцца пра 32, у тэксьце пра 33 чалавек) — грамадзяне Расеі.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі могуць выкарыстаць навучаных баевікоў прыватных вайсковых кампаній. Пра гэта казаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

«Дзяржсакратар [Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў] правільна сказаў, што ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас замала „майданутых“), іх падцягнуць збоку. Гэта прафэсійныя вайскоўцы, бандыты, якія спэцыяльна рыхтуюцца, у асноўным у межах „ПВК“ (прыватныя вайсковыя кампаніі. — РС) па ўсім сьвеце і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах», — казаў днямі Лукашэнка.

2017 год: баевікі па наводцы «фраў А».

У 2017 годзе па ўсёй Беларусі пракаціліся «маршы дармаедаў». Людзі пратэставалі супраць дэкрэту, паводле якога грамадзяне краіны мусілі плаціць грошы ў бюджэт за тое, што не працуюць.

Хвалю пратэстаў вырашылі зьбіваць рэпрэсіямі. Галоўным фігурантам гэтых маршаў назвалі Мікалая Статкевіча. Ён нібы езьдзіць па кансультацыі ва Ўкраіну, атрымлівае адтуль грошы. Пра гэта падрабязна расказваецца ў дакумэнтальным фільме «Званок сябру» тэлеканалу «Беларусь-1».

Да «пятай калёны» пачалі залічваць і анархістаў. Беларускіх леварадыкалаў, як вынікае зь фільму на канале «Беларусь-1», натхнялі «ўкраінскія аднадумцы па барацьбе зь дзяржавай». Менавіта на анархістаў палявалі міліцыянты ў цывільным пасьля «Маршаў недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка і ў Менску 15 сакавіка. Афіцыйна іх затрымалі за тое, што падчас маршу твары ў іх былі закрытыя.

Але ўжо пасьля судоў на тэлеканале АНТ расказалі пра «нажы і кастэты», якія былі ва ўдзельнікаў менскага пратэсту. Праўда, падчас судовых працэсаў над затрыманымі ў Менску сьведкі-амапаўцы не гаварылі ні пра якую зброю.

21 сакавіка, перад заплянаванай масавай акцыяй на Дзень Волі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра трэнавальныя лягеры баевікоў пад Бабруйскам і Асіповічамі, і ўжо праз пару гадзін пачаліся затрыманьні па «справе патрыётаў».

Агулам праз падазрэньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні затрымалі 35 чалавек. Сярод фігурантаў былі вайскоўцы, гісторыкі, дызайнэры, памежнікі, рамесьнікі, актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту».

Справа пачалася нібыта зь ліста невядомай грамадзянкі Нямеччыны «фраў А.» на імя Лукашэнкі пра тое, што 25 сакавіка ў Менску рыхтуюцца правакацыі. Ніякай грамадзянкі Нямеччыны грамадзкасьці так і не прадэманстравалі. А справа нават не дайшла да суду, усіх фігурантаў адпусьцілі праз два месяцы пасьля затрыманьня без аніякіх кампэнсацый і прабачэньняў.

Тады ж паведамлялася аб прарыве беларускай мяжы з боку Ўкраіны джыпам з баевікамі. Таго джыпа таксама не знайшлі, а ўкраінскі бок заявіў, што такога інцыдэнту проста не было.

25 сакавіка 2017 году скончылася брутальным разгонам пратэстоўцаў, на вуліцу вывелі вадамёты, АМАП меў зброю з гумовымі кулямі. Затрымалі сотні людзей.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG