Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне «Аб дадатковых захадах у вырашэньні актуальных пытаньняў жыцьцядзейнасьці насельніцтва».
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Дакумэнт грунтуецца на пытаньнях, якія паступілі падчас збору подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты самога Лукашэнкі/ Прадугледжваецца штоквартальная справаздачнасьць аб выкананьні даручэньняў. Кантроль забясьпечаць КДК і прэзыдэнцкая адміністрацыя. Гэтыя абяцаньні носяць перадвыбарчы характар, хоць афіцыйна кандыдатам на прэзыдэнта Лукашэнка яшчэ ня стаў.
У сфэрах будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і энэргетыкі
- Распрацаваць праграму на павелічэньне электраспажываньня для патрэб ацяпленьня і гарачага водазабеспячэньня.
- Стварыць найбольш спрыяльных умоваў з улікам сусьветнага досьведу ў мэтах разьвіцьця электратранспарту.
- Удасканаліць парадак дзяржаўнага мыта за выдачу дазволу транспарту на ўдзел у дарожным руху без прывязкі да тэхагляду.
- Максымальна ўлічваць інтарэсы грамадзянаў пры плянаваньні маршрутаў грамадзкага транспарту.
- Забясьпечыць належную якасьць пітной вады, устойлівае водазабесьпячэньне, ачышчэньне і адвядзеньне сцёкавых водаў.
У сферы гандлю
- Узмацніць кантроль за цэнавай сытуацыяй на спажывецкім рынку.
- Прымаць неадкладныя меры рэагаваньня пры выяўленьні фактаў неабгрунтаванага завышэньня цэнаў на тавары.
У сфэрах занятасьці і сацыяльнага забеспячэньня
- Забясьпечыць вырашэньне пытаньняў занятасьці насельніцтва.
- Рабіць эфэктыўныя захады для падвышэньня заработнай платы ў арганізацыях зь нізкім узроўнем аплаты.
У сфэры аховы здароўя
- Працягнуць рэалізацыю сыстэмных мерапрыемстваў, накіраваных на аказаньне насельніцтву даступнай і якаснай мэдычнай дапамогі.
- Забясьпечыць наяўнасьць неабходных лекавых сродкаў і кантроль за неабгрунтаваным ростам цэнаў на іх.
У сфэры адукацыі
- Зьмена фармату ўступных iспытаў па асобных спэцыяльнасьцях, у тым ліку паступленьня па конкурсе атэстатаў без выпрабаваньняў для выпускнікоў, якія атрымалі мэтавыя накіраваньні.
- Пераважнае права на залічэньне за кошт сродкаў бюджэту ў вышэйшыя, сярэднія спэцыяльныя і прафэсійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі на сельскагаспадарчыя спэцыяльнасці для асобаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спэцыялістаў.
У грашова-крэдытнай сфэры
- Павышэньне даступнасьці крэдытных рэсурсаў для ўсіх катэгорый грамадзян на будаўніцтва і набыцьцё жытла.
- Забясьпечыць зьняцьце наяўных грашовых сродкаў з рахункаў з выкарыстаньнем банкаўскіх плястыкавых картак, у тым ліку ў сельскай мясцовасьці.
Акрамя таго, даў канкрэтныя даручэньні па Менску і рэгіёнах. Іх выкананьне даручана Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі. Поўны сьпіс прыведзены на сайце агенцтва БелТА.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.