Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прывёз Лукашэнка ад Пуціна?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на адкрыцьці мэмарыялу каля Ржэву (Расея). 30 чэрвеня 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на адкрыцьці мэмарыялу каля Ржэву (Расея). 30 чэрвеня 2020

Якое палітычнае значэньне ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў адкрыцьці Ржэўскага мэмарыялу савецкаму салдату? Навошта Ўладзімір Пуцін запрасіў на ўрачыстасьць кіраўніка Беларусі і толькі яго? Ці атрымаў Лукашэнка ад Пуціна дазвол на любыя дзеяньні падчас выбарчай кампаніі?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст і аглядальнік тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі.

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Пуцін мог бы зрабіць так, што ў Ржэве быў бы толькі ён адзін: рускі цар адкрывае рускі мэмарыял. Пуцін мог бы зрабіць і так, як ён зрабіў 24 чэрвеня — запрасіць у Ржэў прэзыдэнтаў Казахстану, Кіргізстану, Армэніі, Беларусі. А ён запрасіў толькі Лукашэнку.
  • Цікава, што за некалькі дзён да паездкі ў Ржэў Лукашэнка ў Салігорску казаў: дык што ж расейцы, чым яны думаюць? У іх жа толькі адзін саюзьнік — Беларусь.

Алеўскі:

  • Мне падаецца, што Лукашэнка езьдзіў па легітымнасьць да ня вельмі легітымнага Пуціна. У іх у абодвух аднолькавая праблема: сёлета ім трэба паказаць, што яны легітымныя кіраўнікі, тым часам як абодва выглядаюць як людзі, якія ўзурпавалі ўладу.
  • І Пуцін, і Лукашэнка ня могуць абаперціся на народ. У Расеі вера народу ва ўладу зьменшылася пасьля каранавірусу і ў сувязі з тым, як праходзіць галасаваньне па зьменах у Канстытуцыю. Яшчэ ня ўсе зразумелі, што яны прачнуцца заўтра ў краіне, дзе Пуцін — цар, а не прэзыдэнт. У Лукашэнкі губляецца ягоны ранейшы трывалы электарат, рэйтынг проста сьмешны. Гэта дзьве кульгавыя качкі.
  • Лукашэнка павінен прывезьці з Расеі легітымнасьць ці, ва ўсялякім разе, абяцаньне, што ніякіх праблемаў у яго ня будзе і ня будзе праблем з сувэрэнітэтам. Пуціну Лукашэнка быў патрэбны паўгода таму, каб не выкручваць Канстытуцыі рукі. Лукашэнка адмовіўся. Цяпер ім трэба адзін аднаго трымацца. Лукашэнка вяртаецца з разуменьнем, што ён прывёз дрэнны мір. Проста, у адрозьненьне ад Пуціна, у Лукашэнкі ёсьць плян на сваю найбліжэйшую будучыню, ён у гэтым сэнсе больш мужны чалавек, мне падаецца. У тым сэнсе, што ён цяпер ужо думае, што ён сыдзе, тым часам як Пуцін ведае, што ён ня сыдзе.
  • У 1996 годзе лёзунг «Мы ствараем саюзную дзяржаву» ўспрымаўся ў Расеі народам як магчымасьць вяртаньня ў ранейшае жыцьцё, да якога яны прызвычаіліся. Цяпер для ўльтранацыяналістычных і ультрапатрыятычных сілаў у Расеі аб’яднаньне зь Беларусьсю — гэта насамрэч не аб’яднаньне, а далучэньне Беларусі як часткі тэрыторыі Расеі. А іншым людзям, якім важныя лібэральныя каштоўнасьці, Беларусь непатрэбная. Саюзная дзяржава не павялічвае электаральную падтрымку Пуціна.

Навумчык:

  • Лукашэнка і Пуцін будуюць свае ідэалёгіі на «Вялікай Перамозе», толькі з рознымі адценьнямі. У Лукашэнкі гэта крыніца беларускай дзяржаўнасьці. У Пуціна гэта ідэя аднаўленьня імпэрыі.
  • Пуцін зрабіўся адэптам «Вялікай Расеі», якая складаецца ў яго ўяўленьні з уласна самой Расеі, «малой Расеі» (Украіны) і «Белай Расеі» (Беларусі). Украіна па-за межамі гульні, застаецца — Беларусь. Пуцін нядаўна даў зразумець, што Расея можа вярнуць сабе «несправядліва» аддадзеныя тэрыторыі. І Лукашэнка сёньня падтрымаў Пуціна ў ягонай галоўнай актуальнай ідэі, якая ўвасобілася ў лёзунгу «Можем повторить!». Такім чынам, Лукашэнка выступіў саюзьнікам у тым адзіным, што гаспадар Крамля можа даць свайму электарату (бо эфэктыўнай эканомікі, сацыяльнай забясьпечанасьці даць ня можа) — ідэі імпэрскасьці.
  • Нарэшце, выступ Лукашэнкі ў Ржэве быў цалкам у рэчышчы нядаўніх заяваў Пуціна, які прыпісвае ўсе заслугі ў вайне савецкаму (расейскаму) народу. Пуцін забываецца, што да чэрвеня 1941-га вайна ўжо ішла, брытанцы амаль два гады ваявалі з нацызмам, былі бамбаваньні немцамі Лёндану, а Сталін у той час пастаўляў Гітлеру карысную сыравіну.
  • Лукашэнка, хто б за ім ні стаяў, прыйшоў на пасаду ў выніку выбараў, Пуцін жа прыйшоў на пасаду як пераемнік, выключна ў выніку камбінацыяў. Але Лукашэнка гэтак жа ня хоча сыходзіць, як ня хоча сыходзіць і Пуцін. Тут яны аднолькава «нясьмелыя».
  • У дачыненьні да Лукашэнкі, як мне падаецца, Крэмль абраў такую стратэгію: хай застаецца на пасадзе, але — максымальна аслаблены.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG