Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар заклікаў да празрыстасьці сьледчага працэсу ў справе «Белгазпрамбанку»


Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў
Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў

Кіраўнікі Нацыянальнага банку Павал Калавур і Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль паінфармавалі амбасадара Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава аб прычынах затрыманьня экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, які прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта краіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

«Падчас сустрэчы з кіраўнікамі Нацбанку і КДК я быў паінфармаваны пра тыя прычыны, якія сталі асновай для затрыманьня і арышту гэтага чалавека (Віктара Бабарыкі). Прыняў гэтую інфармацыю да ведама. Суразмоўцы пацьвердзілі, што праца сьледчых органаў у дачыненьні да грамадзян Беларусі ва ўзаемадзеяньні з акцыянэрамі будзе весьціся ў строгай адпаведнасьці з законам», — гаворыцца ў камэнтары дыплямата на сайце амбасады Расеі.

У сытуацыі, якая склалася, неабходна як мага хутчэй зацьвердзіць новы склад праўленьня «Белгазпрамбанку» на падставе ўзгадненьня з акцыянэрамі (расейскія кампаніі «Газпром» і «Газпромбанк»).

«Важнае хуткае завяршэньне працы часовай адміністрацыі і ўзгадненьне складу праўленьня „Белгазпрамбанку“ з улікам забесьпячэньня законных інтарэсаў акцыянэраў і кліентаў банку, абгрунтаваных патрабаваньняў абароны замежных інвэстыцый. Таксама важна зрабіць усё, каб іміджавыя страты, якія панёс адзін зь вядучых беларускіх банкаў прэміяльнага сэгмэнту, былі зьнівэляваныя», — сказаў Дзьмітрый Мезенцаў.

Ён таксама падкрэсьліў важнасьць празрыстасьці сьледчага працэсу, што важна як для самой крэдытнай арганізацыі, так і для ўсёй банкаўскай супольнасьці Беларусі.

«Важна, каб грамадзкасьці даводзілася інфармацыя пра тое, як вядзецца дасьледчая праверка, наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі, якія прад’яўляюцца. Перакананы, што неабходныя крокі для гэтага будуць зробленыя. Невыпадкова прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што з вынікамі праверкі будуць азнаёмленыя і Інтэрпол, і краіны-суседкі, і Расея, і ЗША», — заявіў расейскі амбасадар.

Раней Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што кіраўніцтва Расеі ўсьведамляе прычыны сытуацыі вакол «Белгазпрамбанку». Калі мы гэты газпрамаўскі банк прыстукнулі, яны ўсё зразумелі", — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG