На пасяджэньні 29 чэрвеня грузінскі парлямэнт завяршыў працэс канстытуцыйных зьмяненьняў, прагаласаваўшы ў трэцім, завяршальным чытаньні за папраўкі ў асноўны закон аб пераходзе на пераважна прапарцыйную сыстэму выбараў.
За рэформу, згодна зь якой на кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбарах 120 дэпутатаў будуць абраныя па партыйных сьпісах і яшчэ 30 — у мажарытарнай акругах, прагаласавалі 117 дэпутатаў. Трое выказаліся супраць.
Рэформа канстытуцыі лічыцца гістарычнай, паколькі за ўвесь пэрыяд незалежнасьці краіны толькі палова парлямэнтараў абіралася па партыйных сьпісах, а другая палова — у аднамандатных акругах.
Павелічэньне колькасьці дэпутатаў, абраных паводле прапарцыйнай сыстэмы, нароўні з паніжэньнем прахаднога бар’еру да 1 адсотка павінна спрыяць фармаваньню ў Грузіі больш плюралістычнай палітычнай сыстэмы і шматпартыйнага парлямэнту. Менавіта таму канстытуцыйную рэформу актыўна падтрымалі заходнія дзяржавы, якія разьвіваюць партнэрскія адносіны з Грузіяй.
У Беларусі фармаваньне Палаты прадстаўнікоў, ніжняй заканадаўчай палаты, адбываецца выключна паводле мажарытарнай сыстэмы.