Амэрыканская выведка прыйшла да высновы, што расейская ваенная выведка (ГРУ) прапанавала грашовую ўзнагароду зьвязаным з талібамі баевікам за забойствы вайскоўцаў міжнароднай кааліцыі ў Аўганістане. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскіх выведкавых службах паведаміла ў пятніцу газэта «Нью-Ёрк Таймс».
Меркавана радыкальныя ісламісты і зьвязаныя зь імі ўзброеныя злачынцы атрымлівалі ўзнагароду за свае акцыі. Летась у Аўганістане забілі 20 амэрыканскіх вайскоўцаў. Невядома, хто зь іх мог быць аб’ектам аплачаных паслуг.
Паводле газэты, пра сакрэтныя выплаты вядома ўжо некалькі месяцаў. Часткова інфармацыю атрымалі на допытах талібаў. Хто пэўна стаіць за выплатамі невядома, але амэрыканскія аналітыкі лічаць, што, хутчэй за ўсё, апэрацыю праводзіць сакрэтнае падразьдзяленьне ГРУ, якое афіцыйна завецца вайсковай часткай 29155.
«Нью-Ёрк Таймс» піша, што, як лічаць заходнія выведкі гэтым падразьдзяленьнем вядзецца кампанія па дэстабілізацыі Захаду праз дывэрсіі, рознага кшталту падрыўную дзейнасьць і забойствы. Менавіта гэтае падразьдзяленьне падазраюць у замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у Солсбэры ў сакавіку 2018 году.
Арганізацыя забойстваў салдат кааліцыі будзе ўяўляць сабой значную эскаляцыю падтрымкі Расеяй талібаў. І першым вядомым выпадкам атакі на войскі заходняй кааліцыі, які арганізаваны расейскай ваеннай выведкай, піша «Нью-Ёрк Таймс».
Паводле Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара Ўладзімера Пуціна, у Крамлі нічога ня ведаюць пра такія абвінавачаньні. «Калі іх вылучаць, мы адкажам на іх», — заявіў Пяскоў у адказ на запыт газэты. Афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю.