Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіхоўскі: Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе


Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі расказвае, чаму параза Лукашэнкі — гэта катастрофа для Пуціна, заяўляе, што ніякае сілавое ўмяшаньне Расеі ў беларускія справы немагчымае, і кажа беларусам — «За нашу і вашу свабоду».

Сьцісла:

  • Асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна — гэта адносіны сапраўдных ворагаў, гэта ніякая не таямніца.
  • Калі Беларусь падасьць расейцам сыгнал: «Мы здолелі зрынуць свайго вечнага прэзыдэнта» — для Пуціна гэта канец.
  • Калі Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам, ні на якія прэфэрэнцыі ад Масквы ён можа не разьлічваць.
  • Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе.
  • Я думаю, нейкія намёкі, нейкая падтрымка Бабарыку была паабяцаная ў Маскве.
  • Ніхто ў Расеі не зразумее і не падтрымае сілавога ўмяшаньня ў Беларусь.

— У Беларусі выбары, Беларусь кіпіць, два патэнцыйныя кандыдаты ўжо за кратамі (адзін зь іх узначальваў «Белгазпрамбанк») — а ў расейскай прэсе, на асноўных тэлеканалах фактычна цішыня. Салаўёў ды іншыя тэлевядоўцы па-ранейшаму абмяркоўваюць Украіну і ЗША, пра Беларусь маўчок. Чым бы вы гэта патлумачылі?

— На самой справе Расею падзеі ў Беларусі вельмі цікавяць. Гэта настолькі хваравітая тэма, што начальства лічыць за лепшае пра яе маўчаць.

Усе ведаюць, што асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна — гэта адносіны сапраўдных ворагаў, гэта ніякая не таямніца. Апошняя зьнявага з боку Лукашэнкі Пуціну — парад у Менску 9 траўня, гэта быў яўна шчаўчок па носе Пуціну, маўляў, ты баісься, а я не баюся. Акрамя таго, ніхто толкам ня ведае, якія там былі пляны аб’яднаньня, аншлюсу ці паглынаньня — але відавочна, што нейкія надзеі наконт гэтага ў Пуціна былі. І яны з трэскам праваліліся. Так што прычынаў мець асабістую нянавісьць да Лукашэнкі ў Пуціна больш чым дастаткова. Яны ад пачатку, зь першай сустрэчы адзін аднаго цярпець не маглі. А цяпер гэта набыло яшчэ горшы характар.

Але, зь іншага боку, ёсьць нешта значна больш важнае за асабістыя адносіны. Гэта клясавая, ідэалягічная салідарнасьць. «Дыктатары ўсяго сьвету, яднайцеся». Вядома, што Пуцін мае ірацыянальную з гледзішча інтарэсаў дзяржавы сымпатыю да самых розных дыктатараў і аўтакратаў, ад Асада да Эрдагана. І абсалютную нянавісьць да дэмакратычных лідэраў, асабліва лідэраў краінаў СНД. Зь ніводным зь іх у яго адносіны ня склаліся, зь некаторымі была вайна, зь некаторымі проста паршывыя адносіны, але добрых стасункаў не было ні з кім.

Што тычыцца Беларусі, то гэта сапраўдная «скрепа» пуцінскай сыстэмы. Можна як заўгодна сабачыцца з Лукашэнкам, ненавідзець яго, ставіць яму палкі ў колы. Але крах рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі — гэта пахавальны звон для рэжыму Пуціна ў Маскве. Пуцін разумее, што калі Беларусь (самая блізкая для расейцаў рэспубліка) падасьць ім сыгнал — вось мы здолелі зрынуць свайго вечнага прэзыдэнта — для Пуціна гэта канец.

Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі

Таму лёгіка асабістых адносінаў, эканамічная лёгіка рэзка проціпастаўляе Пуціна Лукашэнку. Яны ворагі — у падманутых чаканьнях, у эканоміцы і палітыцы. Але «скрепы» намёртва прывязваюць Пуціна да Лукашэнкі. Параза Лукашэнкі — для Пуціна катастрофа.

Таму расейскія СМІ і маўчаць, бо ня хочуць надта яўна і надта груба ўлазіць. Яны разумеюць, што надта грубае ўвязваньне спрацуе хутчэй супраць Лукашэнкі. Бо Лукашэнка разыгрывае адначасова дзьве карты. З правага рукава дастае карту — я гарант незалежнасьці, калі нехта да нас сунецца (а хто гэты «нехта»? Не Нямеччына ж, ня Польшча — вядома ж, Расея), то мы іх сустрэнем як у 1941-м. Зь левага рукава ён дастае процілеглую карту — адзінства, братэрства, агульнае мінулае.

І задача Масквы — яму не перашкаджаць. Тое, што яго запрасілі на парад у Маскву і ён сядзеў побач з Пуціным — гэта выкарыстаньне гэтых сакральных савецкіх струнаў.

— Стратэгічна палітыка Расеі ў тым, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе — і нават некаторыя апошнія падзеі «па прымірэньні» пацьвярджаюць гэта. Але пры гэтым Масква, як падаецца, ня супраць патузаць, аслабіць яго.

— Так, асабістыя прычыны, паўтаруся, будуць прысутнічаць. Пуцін — чалавек эмацыйны, помсьлівы, злапомны. Патузаць Лукашэнку за вусы і ўкалоць — гэта з прыемнасьцю. Калі Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам, ні на якія прэфэрэнцыі ад Масквы ён можа не разьлічваць. Пуціну важна, каб Лукашэнка быў паўзадушаны, паўдохлы, але заставаўся ва ўладзе.

Адзіная рэальная праблема для Пуціна — калі Лукашэнка сыдзе ў выніку мірнай рэвалюцыі. Бо тады ўвесь пуцінскі міт узьлятае на паветра. Які гэта міт? Першае, рэвалюцыя — гэта кроў, хаос, разбурэньне. Няпраўда, няма гэтага ў Беларусі. Міт другі — усе дэмакратычныя рэвалюцыі супраць Расеі, там ненавісьнікі і ворагі. Зноў няпраўда.

Але ў Пуціна, акрамя пракляцьцяў на адрас рэвалюцыі, за душой няма нічога. У яго павернутая глыбока ў мінулае псыхалёгія, але яна, як спадзяецца Пуцін, знаходзіць водгук у мільёнаў людзей, якія таксама жывуць мінулым. І магчымае мірнае падзеньне аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі — гэта крах і катастрофа ўсёй гэтай пуцінскай ідэалёгіі.

— Менск зараз фактычна адбірае «Белгазпрамбанк», дзе 20 гадоў быў старшынём праўленьня цяперашні апанэнт Лукашэнкі Віктар Бабарыка — але Масква глядзіць на гэта дастаткова абыякава. Што яшчэ Расея можа праглынуць у гэтай выбарчай кампаніі?

— Я цалкам дапускаю, што Бабарыка, які меў пэўныя адносіны з Газпромам, мог мець пэўныя размовы ў Маскве. Яму абяцалі падтрымку. Гэта было зьвязана з жаданьнем трошку адпомсьціць Лукашэнку, папсаваць яму нэрвы. Бо для Пуціна гэта вялікае асабістае прыніжэньне, што ён павінен дэманстраваць пяшчотныя і братэрскія адносіны з чалавекам, якога ён не выносіць. Гэта вечная неабходнасьць двух людзей, якія ненавідзяць адзін аднаго, але вымушаныя выяўляць пяшчотнае сяброўства — яна яго дзіка злуе.

Таму я думаю, што нейкія намёкі, нейкая падтрымка Бабарыку была паабяцаная ў Маскве. Вядома, не на ўзроўні Пуціна, нават не на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта, але на ўзроўні Газпрому. Але ў межах. Папсаваць Лукашэнку імідж, кроў, а не ўсур’ёз пачынаць зь ім барацьбу.

— А калі беларусам удасца зрабіць цуд і сваімі рукамі мірным шляхам адхіліць Лукашэнку ад улады — якой можа быць рэакцыя Масквы?

— Ніякай. Ніякага сілавога ўмяшаньня (ня толькі на ўзроўні войска, але нават на ўзроўні спэцназаў, усялякіх ГРУ) ня будзе. Наколькі я разумею Пуціна і расейскую палітыку — гэтага ня будзе са стопрацэнтнай верагоднасьцю. Ніхто ў Расеі не зразумее і не падтрымае сілавога ўмяшаньня ў Беларусь. Нават калі падключаць усю прапаганду і будуць тлумачыць, што мы хочам абараніць Беларусь ад ЗША, масонаў, ЦРУ — не пракоціць. Ніхто ў Расеі не зразумее ніякага ўмяшаньня ў Беларусь, гэта выклікала б дзікае раздражненьне ў Расеі. І Пуцін ня той, і народ ня той.

— Дык што — Пуцін праглыне зьмену ўлады ў Беларусі моўчкі і нічога ня зробіць?

— Абсалютна нічога. Пуцін надакучыў у Расеі. Магчыма, менш, чым Лукашэнка ў Беларусі — але надакучыў. У такой сытуацыі пачаць гучную кампанію супраць Беларусі — гэта атрымаць бумэранг. Таму, калі б Лукашэнку скалупнулі, — Масква б рыпела зубамі, але рабіла б добрую міну. Той жа Пяскоў казаў бы — гэта іхняя ўнутраная справа, мы адпачатку ні ўва што ня ўмешваліся, народ мае права вырашаць свой лёс.

А далей расейцам падавалі б інфармацыю ў такім стылі, што ў Беларусі стала горш, што беспрацоўе, што бардак — з падтэкстам: «Вось што бывае, калі мяняюць кіраўніка дзяржавы». Гэта адзіная лінія абароны, якая б засталася ў Расеі. Спрабаваць арганізоўваць нейкія хваляваньні рукамі мясцовых жыхароў — гэтага я не выключаю, агентуры і ўплыву хапае. Але ніякага сілавога ўмяшаньня быць ня можа.

У Маскве цяпер многія «хварэюць» за беларусаў, і стары лёзунг «за вашу і нашу свабоду» сёньня ў Расеі вельмі актуальны. Посьпех беларускай рэвалюцыі, калі б ён адбыўся, акрыліў бы неверагодную колькасьць людзей у Расеі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG