Расейскае незалежнае выданьне «Новая газета» апублікавала відэакадры, на якіх удзельнікі «ПВК Вагнера» з адрэзанай галавой сваёй ахвяры — жыхара Сырыі, зь якога перад сьмерцю жорстка зьдзекаваліся.
У публікацыі названы імя і прозьвішча аднаго зь меркаваных удзельнікаў расправы: Станіслаў Дычко, 1990 году нараджэньня. Паводле «Новай газеты», ён з 2016 году знаходзіцца ў сьпісе байцоў «ПВК Вагнера».
Матэрыял апублікаваны пад загалоўкам «Галаварэзы 2.0».
Ён адкрываецца напамінам «Новай газеты» аб тым, што паўгода таму журналістыгэтага выданьня ўжо расказвалі аб злачынстве некалькіх наёмнікаў «групы Вагнера». Прадстаўленыя раней дакумэнты, як заяўляе газэта, даказвалі, што катаваньні, забойства і наступны зьдзек над трупам учынілі на тэрыторыі Сырыі расейскія грамадзяне.
Рэдакцыя паведамляе, што да гэтага часу ні пракуратура Расеі, ні Сьледчы камітэт не праявілі цікавасьці да гэтага злачынства.
«Мы змаглі атрымаць больш поўную вэрсію відэа, на якім зафіксавана расправа. Магчыма, новыя зьвесткі пераканаюць праваахоўнікаў, што зроблена злачынства супраць чалавечнасьці».
Журналісты лічаць, што на публікацыю павінна быць рэакцыя Сьледчага камітэту Расеі. «Новая газета» заяўляе, што цяпер вядомыя час і месца злачынства — чэрвень 2017 году, газавае радовішча Аш-Шаерам у Сырыі.
«Лякацыю з дапамогай фота можна вызначыць з дакладнасьцю да мэтра», — падкрэсьліваецца ў артыкуле. Вядомая і асоба забітага сырыйца. Вядомы як мінімум адзін удзельнік злачынства, маюцца і фатаздымкі, прыдатныя для ідэнтыфікацыі яго саўдзельнікаў.Крымінальны кодэкс РФ — 105-ы артыкул — прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне за наўмыснае забойства пры абцяжлівых абставінах. Іншы артыкул — 356-ы — вызначае пакараньне да 20 гадоў пазбаўленьня волі за жорсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі ці цывільным насельніцтвам.
За злачынствы, учыненыя паводле абодвух артыкулаў, тэрмін даўнасьці не прадугледжаны. Наёмніцтва зьяўляецца ў Расеі крымінальным злачынствам. Нягледзячы на гэта, расейскія адстаўныя вайскоўцы працягваюць удзельнічаць у ваенных канфліктах па ўсім сьвеце.
Як раней атрымлівалася высьветліць незалежным дасьледчыкам, «ПВК Вагнера», якую зьвязваюць з «кухарам Пуціна» Яўгенам Прыгожыным, фактычна зьяўляецца структурай ГРУ Міністэрства абароны Расеі, аднак расейскія ўлады гэта нязьменна адмаўляюць.
11 студзеня прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што ў Лібіі зараз ваююць больш за 2 тысячы «вагнераўцаў», на што Ўладзімір Пуцін адказаў, што яны «не прадстаўляюць інтарэсы Расеі» і «не атрымліваюць грошай ад расейскай дзяржавы».