Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У баях у Курскай вобласьці загінулі сама меней 13 расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сама меней 13 расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы загінулі ў Курскай вобласьці Расеі пасьля пачатку ўкраінскага наступу ў рэгіёне, падлічыла выданьне «Вёрстка». Сярэдні ўзрост загінулых — 20 гадоў, малодшым было па 18 гадоў.

Усе загінулыя апынуліся з розных рэгіёнаў: Алтайскага і Краснадарскага краёў, рэспублік Башкартастан і Удмуртыя, Белгарадзкай, Валагодзкай, Ленінградзкай, Пензенскай, Пскоўскай, Растоўскай, Сьвярдлоўскай, Чалябінскай і Яраслаўскай абласьцей, распавядае выданьне.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абяцаў не прыцягваць вайскоўцаў тэрміновай службы да ўдзелу ва ўварваньні ва Ўкраіну, аднак матросы тэрміновай службы гінулі на караблях Чарнаморскага флёту. Вайсковыя экспэрты тлумачылі, што ў ВМФ не хапае кантрактнікаў, каб цалкам сфармаваць экіпажы караблёў.

Пасьля ўкраінскага наступу ў Курскую вобласьць прадстаўнікі расейскіх уладаў сталі казаць, што абяцаньне Пуціна не распаўсюджваецца на абарону расейскіх тэрыторыяў. Агульная колькасьць загінулых расейскіх вайскоўцаў тэрміновай службы, паводле незалежных падлікаў, набліжаецца сама меней да 200.

14 лістапада адразу два расейскія праваенныя блогеры з буйной аўдыторыяй раскрытыкавалі расейскае ваеннае камандаваньне за адпраўку недакладных справаздач у Маскву, зьвяртае ўвагу выданьне «Агентство». Гэта адбываецца на фоне паведамленьняў пра высокія страты ў рэгіёне. Пуцін двойчы публічна заяўляў, што ўкраінская групоўка ў Курскай вобласьці патрапіла ў акружэньне. Абодва разы гэта аказвалася няпраўдай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG