Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякага спаду няма і бліжэйшым часам ня будзе», — каардынатар кампаніі #ByCovid19, які перахварэў на каранавірус


Андрэй Стрыжак. Архіўнае фота
Андрэй Стрыжак. Архіўнае фота

«Пандэмія не ідзе на спад», — лічыць адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак, які лечыцца ад пнэўманіі ў выніку перанесенай каранавіруснай інфэкцыі. Стрыжак расказвае, як выбарчая кампанія паўплывала на працу #ByCovid19 і колькі грошай беларусы ахвяравалі на змаганьне з пандэміяй.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Валянтэрская ініцыятыва дапамогі мэдыкам #ByCovid19 за 80 дзён працы перадала шпіталям 428 078 сродкаў абароны і 1421 адзінак апаратуры, было сабрана $335 000 на дапамогу ў барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй.

Глядзіце відэа цалкам

Прапануем фрагмэнты гутаркі

Сьцісла

  • Вірус можа пранікаць ня толькі праз органы дыханьня, але і праз вочы, і гэты момант таксама нельга выключаць.
  • Кампутарная тамаграма выявіла ў мяне фіброз лёгкіх, частка клетак маіх лёгкіх больш не працуе так, як яны павінны працаваць. Яны адмерлі фактычна.
  • Мы фіксуем новыя ўспышкі. Была ўспышка ў Бялынічах, Берасьце цяпер палае.
  • Калі ты прыходзіш у гэты шпіталь, заўсёды рызыкуеш.
  • Калі будзе спад — невядома, таму што няма ніякіх абмежавальных захадаў, каб вірус не распаўсюджваўся далей.
  • Больш за два з паловай месяцы я ня бачыў сям’ю. Сын хутка пойдзе безь мяне.


«Дзякуючы бізнэсоўцу Пракапеню атрымалі тэставаньне для каманды, якая працуе з кавіднымі шпіталямі»

— Больш за два з паловай месцы вы, ваша каманда працуеце проста ў шалёным рэжыме, і цяпер вы самі сталі ахвярай каранавірусу. Што адбылося? Як даведаліся?

— Гэта праўда. Два з паловай месяцы я працую ў тым рэжыме, які вы апісалі. І гэта адно з тлумачэньняў, чаму я не заўважыў гэтай хваробы, бо фізычна ўвесь гэты час адчуваў сябе вельмі стомленым. Кожны вечар ляжаў і фізычна «паміраў», бо моцна ўплываюць нагрузкі, якія маюць сябры нашай каманды. Я проста не адсачыў сымптомаў, калі яны былі. Але я дакладна ведаю, што ў мяне не было тэмпэратуры і кашлю.
Нядаўна, дзякуючы бізнэсоўцу Віктару Пракапеню, атрымалі тэставаньне для нашай каманды, якая працуе з кавіднымі шпіталямі. Бізнэсовец перадаў пэўную колькасьць тэстаў. Высьветлілася, што ў мяне ёсьць пэўныя антыцелы. Я зрабіў дадатковыя дасьледаваньні — кампутарную тамаграму і ПЦР (лябараторны тэст, які дазваляе даведацца, ці ёсьць РНК вірусу на сьлізістых гартані і насаглоткі).

Спачатку я даведаўся праз вынікі кампутарнай тамаграфіі, што ў мяне пнэўманія. А на наступны дзень я даведаўся вынік ПЦР, які быў адмоўным. Такім чынам адзін тэст паказаў, што ў мяне ёсьць антыцелы чалавека, які перахварэў на каранавірус, другі засьведчыў, што вірусу цяпер няма, а кампутарная тамаграфія паказала, што ў мяне пнэўманія ў рэшткавай форме, таму можна сказаць, што я каранавірусную інфэкцыю і пнэўманію перанёс на нагах. Цяпер лячу пнэўманію.
Што да дакладнасьці тэстаў, то адзінае, у чым можна быць на 100% упэўненым, гэта вынікі кампутарнай тамаграмы, якая паказала мне пнэўманію, усё астатняе мае хібы, нават ПЦР. Я буду праходзіць яшчэ адзін тэст на антыцелы пасьля таго, як вылечу пнэўманію, бо я хачу здаць плязму. Нягледзячы на тое, што навукоўцы кажуць, што гэта ня надта надзейны спосаб лекаваньня, але, калі ёсьць хаця б малы шанец дапамагчы чалавеку, які цяпер цяжка хварэе на COVID-19 і яго наступствы, то я гэта зраблю.


«Беларуская сыстэма аховы здароўя, як і іншыя сыстэмы аховы здароўя, не былі гатовыя да такога ўсплёску інфэкцыйнага захворваньня»

— Я сачу за вашай працай праз вашу старонку ў Фэйсбуку і бачу, што вы мелі заўсёды сродкі засьцярогі — маскі, пальчаткі. Ці ёсьць у вас меркаваньне, дзе вы маглі заразіцца? Ясна, што вы практычна штодня наведвалі кавідныя шпіталі...

— Я быў у шпіталях, дзе канцэнтрацыя вірусу вельмі высокая. Трэба разумець, што беларуская сыстэма аховы здароўя, зрэшты, як і іншыя сыстэмы аховы здароўя, не былі гатовыя да такога ўсплёску інфэкцыйнага захворваньня. Нават калі ў Беларусі ёсьць сыстэма інфэкцыйных шпіталёў, якія прыстасаваныя для лячэньня такіх хваробаў, то ўсе астатнія не прыстасаваныя для такіх небясьпечных хваробаў. Там няма дакладнага дзяленьня на брудную і чыстую зоны. Гэта ўсё імправізавана зроблена нейкім цэляфанам ці зачыненымі дзьвярыма.
Калі ты прыходзіш у гэты шпіталь, заўсёды рызыкуеш.

І другі момант. Першы месяц я езьдзіў па шпіталях толькі ў хірургічнай масцы. Тады яшчэ рэсьпіратары былі ў дэфіцыце. Потым я ўжо езьдзіў у рэсьпіратары. Вірус можа пранікаць ня толькі праз органы дыханьня, але і праз вочы, і гэты момант таксама нельга выключаць. Калі чалавек часта кантактуе з крыніцай небясьпекі, ня трэба зьдзіўляцца, што яна можа да яго і прыляцець.

— Ці ваш выпадак трапіць у афіцыйную статыстыку?

— Ня думаю, бо ў мяне ня быў выяўлены каранавірус тэстам ПЦР. Я дэ-факта перахварэў. Магчыма, ён трапіць у статыстыку колькасьці тэстаў. Ёсьць вельмі шмат пытаньняў і ў беларускіх лекараў, і ў лекараў ва ўсім сьвеце, на якіх адказаў няма. Гаворка ідзе пра тое, што гэта не рэсьпіраторны, а гемарагічны вірус, які ўзьдзейнічае на кроў чалавека. І гэта шмат тлумачыць, бо тыя пнэўманіі, якія дзіўным чынам працякаюць у многіх людзей, не выглядаюць як пнэўманіі. Звычайныя пнэўманіі выклікаюць тэмпэратуру, задышку, моцны кашаль. А гэтая часта выглядае па-іншаму.

Я ведаю некалькіх чалавек, у каго была такая самая клінічная карціна, як у мяне. У лепшым выпадку была тэмпэратура 37,1 ці 37,2, рэнтгенаграма нічога не паказвала зусім, аналізы крыві былі нармальныя, але разьвіваўся працэс, які можна назваць умоўна пнэўманіяй. У мяне кампутарная тамаграма выявіла фіброз лёгкіх, частка клетак маіх лёгкіх больш не працуе так, як яны павінны працаваць. Яны адмерлі фактычна. Я на пэўную колькасьць адсоткаў страціў магчымасьць дыхаць сваімі лёгкімі. Зафіксаваны фіброз сьведчыць, што гэтая пнэўманія раней была больш разьвітая ў маіх лёгкіх, чым цяпер.

«Спаду ніякага няма і, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам ня будзе»

— Колькасьць лічбаў ад мінздароўя, афіцыйная статыстыка сьведчаць, што адбываецца невялікае зьніжэньне колькасьці новых выпадкаў за дзень. Вы непасрэдна са шпіталямі кантактуеце штодня. Ці ёсьць адчуваньне ў валянтэраў #ByCovid19, што гэта ідзе на спад?

— Спаду ніякага няма і, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам ня будзе. Мы фіксуем новыя ўспышкі. На мінулым тыдні была ўспышка ў Бялынічах у Магілёўскай вобласьці, туды нядаўна пайшоў вялікі груз нашай дапамогі. Пра гэта ёсьць інфармацыя ў адкрытых крыніцах. Берасьце цяпер палае. І гэта вялікая праблема, бо цяпер эпідэміялягічная сытуацыя ўскладненая тым, што людзі стаміліся ад інфэкцыйнай інфармацыйнай хвалі, іх цікавяць іншыя рэчы, выбары, напрыклад, і людзі забываюцца на правілы бясьпекі. Людзі пачынаюць больш камунікаваць адзін з адным. Цяпер лета, хочацца патусавацца, зьезьдзіць на шашлык, да сяброў, да бацькоў, і, на жаль, гэта прыводзіць да таго, што людзі заражаюцца адзін ад аднаго. Усё працягваецца насамрэч.

Больш за два з паловай месяцы працуе наша каманда, за гэты час актуальнасьць трохі зьніжаецца, Мы бачым, што людзям гэта ня так цікава, як раней. Мы рыхтуемся да таго, каб перафарматавацца. Яшчэ не завяршаем сваю працу, дакладна да канца чэрвеня будзем працягваць.

Мы думаем пра тое, што будзем рабіць заўтра, улічваючы ўсе фактары, якія ў краіне адбываюцца. Калі будзе спад — невядома, таму што няма ніякіх абмежавальных захадаў, каб вірус не распаўсюджваўся далей. І адно з самых вялікіх пытаньняў — ня ўсё так проста з масавым імунітэтам, на які ёсьць спадзяваньне, які павінен сфармавацца, бо ў часткі людзей, якія перахварэлі на каранавірус у лёгкай форме, не фармуецца ўстойлівы імунітэт, і яны могуць яшчэ раз захварэць. Мне пашчасьціла, што ў мяне ёсьць антыцелы тыпу G, але ня ўсім так пашчасьціла.

«Мы думалі, што за пару месяцаў усё „разруліцца“, а цяпер бачым, што няма канца і краю»

— Вы цяпер на самаізаляцыі. Колькі ўжо ня бачылі сям’ю?

— Больш за два з паловай месяцы мы адно аднаго ня бачылі. Сын хутка пойдзе безь мяне, шмат чаго робіць цікавага. Бачу яго толькі на відэа, якія мне сваякі дасылаюць. Сытуацыя складаная, пабачым, як будзе разьвівацца. Жонка з сынам зьехалі на самаізаляцыю 15 сакавіка. Мы думалі, што за пару месяцаў усё «разруліцца», але цяпер бачым, што няма канца і краю. Няма ніякіх перадумоваў, што нешта палепшыцца ў гэтай сытуацыі, пакуль ня будзе распрацаваная вакцына, альбо пакуль сам вірус ня зьменіцца.

— Цяпер адбываецца выбарчая кампанія, ці яна неяк паўплывала на працу вашай каманды?

— У кожнага сябра кампаніі ёсьць свае асабістыя палітычныя погляды, якія ёсьць ягоным правам і ў якія мы ня ўмешваемся. Ён прыйшоў да нас не займацца палітыкай, а дапамагаць лекарам. Мы дамовіліся, што ня робім палітычных заяваў ад імя кампаніі. Кампанія носіць не палітычны, а дабрачынны характар.

— А як вы ацэньваеце закрыцьцё пляцоўкі MolaMola, празь якую ішлі ўсе ахвяраваньні?

— «Белгазпрамбанк» скасаваў у аднабаковым парадку кантракт на абслугоўваньне пляцоўкі, на якой было больш за 70 збораў, прысьвечаных барацьбе з COVID-19, гэта і зборы для маленькіх бальніц і вялікія зборы для дапамогі мэдыкам. А яшчэ дзясяткі збораў дапамогі дзецям, хворым на анкалягічныя захворваньні, зборы, якія былі апошняй надзеяй для многіх людзей. Збор на дапамогу прытулкам для жывёл і шмат яшчэ якіх важных і патрэбных збораў.

Хто вінаваты? Я шмат казаў і буду казаць і прыводзіць у прыклад сацыяльную адказнасьць бізнэсу ў нашай краіне, але калі ёсьць прыклады, то павінны быць і антыпрыклады. Я разумею, наколькі высокія стаўкі цяпер ва ўсёй гэтай гульні, і разумею, зь якіх вышыняў маглі папрасіць разарваць гэты кантракт. Але гэта не адмяняе антыпрыкладу.

Сам сайт жыве і працуе. Не працуе яго найважнейшая частка — плацёжная сыстэма, але пляцоўка застаецца месцам збору аднадумцаў, незалежна ад мэтаў вашага збору. І я ўпэўнены, што выйсьце будзе знойдзенае, бо пляцоўка стала вельмі важным інструмэнтам для людзкой салідарнасьці беларусаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG