Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У людзей, якія аказвалі рэгулярную дапамогу, не хапае сродкаў», — стваральніца плятформы «Имена» пра дабрачыннасьць у часы COVID-19

абноўлена

Кацярына Сінюк. Архіўнае фота.
Кацярына Сінюк. Архіўнае фота.

Больш як два месяцы маштабныя праекты дзеля барацьбы з каранавірусам стварае і рэалізуе онлайн-плятформа «Имена». Яе заснавальніца Кацярына Сінюк расказала Свабодзе пра розныя кірункі дапамогі, пра тое, як у грамадзтве мяняецца стаўленьне да дабрачыннасьці, а таксама выказала занепакоенасьць тым, што ў часе пандэміі істотна зьнізілася дапамога іншым праектам для самых уразьлівых, якія не зьвязаныя наўпрост з COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • За той час, што я працую ў «Именах», ніколі не было так, каб практычна ўся краіна займалася дабрачыннасьцю.
  • Збольшага дактары адэкватна ацанілі сытуацыю і прымалі дапамогу зь вялікай удзячнасьцю, але некаторыя баяліся, што да іх прыйдуць і скажуць, што нешта ня так аформілі.
  • Паступленьні ад бізнэсу ўтрая зьменшыліся на праекты, не зьвязаныя з каранавірусам. Упершыню мы сутыкнуліся з тым, што ў людзей, якія аказвалі рэгулярную дапамогу, не хапае сродкаў на картках.
  • Нейкая кампанія патраціла сотні тысяч даляраў, каб высьветліць, на які банэр карыстальнікі клікаюць больш. Сотні тысяч даляраў трэба ўкладаць у здароўе і адукацыю.

«Я адразу зразумела, што і нашым дактарам ня будзе хапаць сродкаў засьцярогі»

Кацярына Сінюк
Кацярына Сінюк

Атрымаць згоду на інтэрвію з Кацярынай Сінюк было проста, а вось знайсьці ёй для гэтага час — значна складаней. Больш як два месяцы Кацярына працуе практычна 24 гадзіны на суткі, таму нашая размова адбывалася позна ўвечары. І першае, пра што я запыталася, — пра здароўе яе і блізкіх у часе пандэміі.

— Мне падаецца, што я і муж перахварэлі на каранавірус у сакавіку. Тэст мы не рабілі, але тады тэмпэратура ў нас трымалася два тыдні, некалькі дзён было вельмі цяжка дыхаць. Падчас хваробы мы з мужам самаізаляваліся і працавалі дома. Гэта была не звычайная прастуда, такога з намі не было ніколі. Цяпер у мяне шмат сяброў і знаёмых, якія хварэюць на каранавірус, альбо іх блізкія захварэлі ці памерлі ад яго.

«Имена» практычна першымі ў Беларусі распачалі праекты, зьвязаныя з дабрачыннай дапамогай у часе пандэміі. Найперш яны стварылі тэлеграм-канал @Covid19.imena, празь які беларусы маглі папрасіць ці аказаць дапамогу ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, кажа Кацярына Сінюк:

— Мы назіралі за тым, што адбываецца з дактарамі ў Італіі, іншых краінах, і я задумалася: а куды нашым дактарам зьвярнуцца, калі ў нас пачнецца тое самае? Я разумела, што, найхутчэй, нашым дактарам таксама ня будзе хапаць сродкаў засьцярогі. Мы вырашылі з дапамогай тэлеграм-каналу зьвязваць дактароў, якім патрэбная дапамога, са спонсарамі, якія могуць дапамагчы. За тыдзень-два гэтых запытаў аказалася столькі, што мы зразумелі, што адзін чалавек з гэтым ня ўправіцца, і сталі шукаць валянтэраў. Гэты праект будзе працягвацца, пакуль ня стане зразумела, што пандэмія ў Беларусі завяршаецца і ўсе ўсім забясьпечаныя. Гэта быў для нас нечаканы праект, мы плянавалі зусім іншае.

Актуальныя «каранавірусныя праекты» онлайн-плятформы «Имена»

Ад старту тэлеграм-каналу мінула больш за два месяцы, і цяпер «Имена» маюць шэраг маштабных праектаў дапамогі.

  • 1. Супольны праект #BYCOVID19 — вялікі валянтэрскі праект, які пачыналі «Имена» разам з фандрайзінгавай плятформай хуткага збору сродкаў MolaMola і клюбам тэхнічнай творчасьці «Хакерспейс». На адной пляцоўцы аб’ядналіся айцішнікі, мэнэджэры, журналісты і самі лекары, каб хутчэй шукаць і дастаўляць сродкі індывідуальнай засьцярогі проста ў рукі лекараў. На сёньняшні дзень было атрымана 284 запыты ад шпіталёў па ўсёй Беларусі на мэдычныя рэсьпіратары, ахоўныя экраны, акуляры, камбінэзоны, аднаразовыя маскі.
  • 2. Збор грошай на куплю сродкаў індывідуальнай засьцярогі для сёстраў міласэрнасьці Чырвонага Крыжа, сацыяльных работнікаў і валянтэраў, якія рэгулярна дапамагаюць 92 000 адзінокіх пажылых людзей на даму.
  • 3. Збор грошай на куплю сродкаў індывідуальнай засьцярогі для настаўнікаў ва ўмовах пандэміі.
  • 4. Дапамога дамам для састарэлых і інтэрнатам для дарослых. Як адзначае Кацярына Сінюк, яны працуюць у каардынацыі з арганізацый «Есть дело» і Офісам па правах людзей з інваліднасьцю, але рэсурсаў не хапае. «Тысячы людзей задзейнічаныя, каб дапамагчы дактарам, і літаральна некалькі чалавек займаюцца дапамогай старым людзям», кажа Кацярына.
  • 5. Дапамога шпіталям з гаспадарчымі рэчамі — пральнымі машынамі, прасамі. «Такіх запытаў было вельмі шмат, і мы вырашылі іх вылучыць у асобную катэгорыю. Ёсьць аднаразовыя і шматразовыя касьцюмы, а для іх патрэбная пральная машына, якой шпіталі ня маюць. Цяпер дактары там фактычна жывуць, і ім патрэбная пральная машына абавязкова», — кажа кіраўніца онлайн-плятформы.

«Мы працуем наўпрост, а не празь міністэрствы і камітэты»

Кацярына Сінюк разам з валянтэрамі
Кацярына Сінюк разам з валянтэрамі

Кацярына Сінюк акрэсьлівае асноўныя прынцыпы, як трэба працаваць у часе пандэміі — хутка і без пасярэднікаў.

— Выключэньнем стаў толькі праект па падтрымцы сацработнікаў, які мы рабілі спачатку з Чырвоным Крыжам і Міністэрствам сацыяльнай абароны. Міністэрства хутка падлічыла патрэбы рэгіёнаў. Першую вялікую частку дапамогі адправілі па рэгіёнах, а далей плянуем дапамагаць ужо наўпрост на запыт, бо практыка паказвае, што сродкамі засьцярогі яшчэ хутчэй дапамагаць можна ня столькі зьбіраючы грошы, колькі зьвязваючы ўстанову са спонсарам, каб адразу дапамагаць таварам.

Напрыклад, у праекце дапамогі настаўнікам мы не працуем празь Міністэрства адукацыі ці нейкія камітэты па адукацыі, бо гэта будзе вельмі доўга. Людзі запаўняюць форму, пішуць, што ім патрэбна, і гэта працуе вельмі хутка. Эдуард Бабарыка ў адным з інтэрвію казаў, што ён зьдзіўлены, што не зьявіўся вялікі гулец, які б зьбіраў на дактароў. Калі мы яшчэ тэлеграм-канал запускалі, то разумелі, што менавіта хуткасьць адыгрывае вялікую ролю. Вельмі важна, каб гэта было дэцэнтралізавана, каб найхутчэй можна было і зьбіраць, і перадаваць дапамогу адразу ж. Мы не запускалі збор грошай на куплю сродкаў засьцярогі для лекараў, мы зьвязваем наўпрост — ёсьць пастаўшчык, ёсьць спонсар, які закупляе і дастаўляе.

Звычайна мы дапамагаем фондам і арганізацыям, наўпрост зь людзьмі не працуем, адрасна не зьбіраем, а тут патрэбная менавіта адрасная дапамога вялікай колькасьці людзей, інакш нічога не атрымаецца.

У онлайн-плятформе «Имена» працуюць 10 сталых супрацоўнікаў. «Каранавіруснымі» праектамі займаюцца 2 каардынатары і сама Кацярына Сінюк.

— Нашы супрацоўнікі працуюць пераважна з дому. Журналісты выяжджаюць з уласнай ініцыятывы. Мы даём ім сродкі засьцярогі. У #BYCOVID19 я сама бяру ўдзел як валянтэрка. Ежджу да пастаўшчыка па рэсьпіратары і потым вязу іх ці на склад, адкуль далей валянтэры развозяць па Беларусі, ці сама развожу, калі атрымальнікі дапамогі знаходзяцца ў Менску.

У нас ёсьць праекты для ўразьлівых групаў. Адзін зь іх — арганізацыя, якая дапамагае людзям з бакавым аміятрафічным склерозам (у іх вельмі аслаблены імунітэт). Атрымліваецца, што дактары, якія іх кансультуюць, аказаліся без засьцярогі, як і выязная служба дзіцячага госьпісу. Яны таксама ня могуць не выяжджаць у часе пандэміі і зьвярталіся, каб ім дапамаглі са сродкамі засьцярогі. Гэта легла на нас, дапамогу я сама ў асноўным развозіла.

«Я паверыла, што ў нас ёсьць грамадзянская супольнасьць»

Кацярына Сінюк кажа, што гэтулькі людзей, якім патрэбная дапамога, раней не было. Не было і такой стомленасьці, як у апошнія два месяцы. Пры гэтым шмат што яе радуе:

— Калі мы запусьцілі ў сакавіку тэлеграм-канал, я была такая натхнёная, што вось пачнём дапамагаць мэдыкам. Прайшоў тыдзень, мэдыкі нам пішуць, што ім патрэбная дапамога, мы даём у Тэлеграме іх кантакты — і ніхто не тэлефануе. У мяне была паніка. Што адбываецца? Чаму ніхто не рэагуе на пасыл дапамагчы мэдыкам, сродкі засьцярогі купіць? Быў амаль нэрвовы зрыў. Мэдыкі практычна плакалі, а ніхто сродкі засьцярогі не прапаноўваў...

Потым стала зразумела, што тады са сродкамі засьцярогі ўсё было яшчэ вельмі дрэнна, іх не выраблялі і не пастаўлялі. Я думала, што будзе катастрофа. Але ўсё неўзабаве зрушылася. Зьявілася армія людзей, спачатку адзін, два, дзесяць, потым сотні і тысячы, якія пачалі далучацца. На MolaMola людзі з розных рэгіёнаў спрабавалі дапамагчы мэдыкам са сваіх мясьцін. І ў мяне проста камень зваліўся з душы.

За той час, што я працую ў «Именах», было вельмі шмат розных гісторый, але ніколі не было, каб практычна ўся краіна займалася дабрачыннасьцю. Месяц назад я яшчэ разважала пра тое, калі ў нас зьявіцца культура дабрачыннасьці, думала, што гадоў дзесяць будзем да гэтага ісьці. Тое, што ў выніку адбылося, настолькі мяне зьдзівіла, узрадавала і матывавала, што я рэальна паверыла, што ў нас ёсьць грамадзянская супольнасьць. І гэта ня нейкая група людзей, гэта і ёсьць Беларусь, якая ўмее арганізоўвацца і мае пачуцьцё ўласнай годнасьці. Людзі даставалі сродкі засьцярогі «з-пад зямлі» — у безвыходнай сытуацыі беларусы ўзялі і зрабілі.

Пытаюся ў Кацярыны Сінюк пра супрацоўніцтва з чыноўнікамі, згадаўшы нядаўні выпадак, калі мэдыкам з хуткай дапамогі забаранілі прымаць дапамогу «МакДональдса», бо гэта нібыта карупцыя.

Кацярына Сінюк
Кацярына Сінюк

— Напачатку шпіталі ня ведалі, як прымаць дапамогу. Ня ўсе, але палова дакладна. Баяліся. Я пазваніла юрыстам зь фірмы Cobalt і папрасіла зрабіць адпаведную памятку, бо раней шпіталі з такім не сутыкаліся, ім проста быў патрэбны альгарытм дзеяньняў, каб не баяліся. Распрацавалі інструкцыю, як перадаваць і як прымаць дапамогу. Цяпер усе гэтым карыстаюцца, і стала спакайней. Спачатку, калі публікавалі нумар шпіталя і галоўнага лекара, дактары казалі, што за гэта на іх нехта «наехаў». Я нават і не даведалася хто. Але мэдыкі прасілі не прыбіраць тэлефон, бо былі ў такім адчайным стане, што многім было ўсё роўна, што на іх ціснулі. Збольшага ўсе дактары адэкватна ацанілі сытуацыю і прымалі дапамогу зь вялікай удзячнасьцю, але некаторыя баяліся, што да іх потым прыйдуць і скажуць, што нешта ня так аформілі.


«Тэма дабрачыннасьці будзе часьцей гучаць»

Ці зьменіць пандэмія падыходы журналістаў да сваёй працы? Кацярына Сінюк мяркуе, што гэтыя зьмены ўжо адчуваюцца:

— Мне падаецца, што журналістыка будзе ісьці ў кірунку ня толькі адлюстраваньня, яна будзе накіраваная на дзеяньне, каб нешта зрабіць, нешта зьмяніць. Больш будуць пісаць пра вырашэньне праблем, пра тое, каму варта дапамагаць. Тэма дабрачыннасьці будзе часьцей гучаць. Раней тое, што рабілі «Имена», адрозьнівалася ад публікацый, што выходзілі ў іншых СМІ, таму што ў нас ёсьць прынцып для публікацыі — як вырашаць праблему, што я, чытач, магу зрабіць, каб вырашыць праблему? Цяпер мэдыя будуць больш актыўныя ў гэтым кірунку.

Я спадзяюся, што многія людзі ўсьвядомілі, што такое дабрачынная інфраструктура, зразумелі, што для таго каб дапамагаць, павінны быць фонды. У Беларусі больш разьвітая адрасная дапамога, а не дапамога фондам. Мы гэта разьвіваем. Расказваем, што калі мы дапамагаем правераным фондам, то тады яны могуць дапамагаць вельмі многім людзям.

Што адбываецца зь іншымі праектамі «Имен»?

Кацярына Сінюк адзначае, што ў часе пандэміі амаль у 3,5 раза зьменшыліся паступленьні ад бізнэсу на іншыя праекты, не зьвязаныя з каранавірусам, і цяпер паўстае пытаньне выжываньня.

— У нас цяпер 14 актыўных праектаў, якая дапамагаюць сумарна 9 тысячам чалавек. Падтрымаць іх можна ТУТ. Гэта калі не лічыць новыя праекты, якія мы зьбіраемся запускаць — па анкалёгіі, абароне дзяцей, якія пацярпелі ад пэдафілаў (у наступным годзе плянуем). Важна, каб «Имена» выжылі ў гэтым крызісе. Мы працуем, не падымаючы галавы. Узялі больш людзей у каманду. У нас шмат расходаў, і нам патрэбная і падтрымка дзяржавы. Але мы ня маем ніякай падтрымкі, і ў нас цяпер няма ўпэўненасьці, што зьбяром сродкі на сваю працу. У адрозьненьне ад Расеі і многіх іншых краін, дзе дзяржава дала некамэрцыйным арганізацыям падатковыя канікулы нароўні з малым і сярэднім бізнэсам, а таксама ўвяла падатковыя льготы для бізнэсу, які дапамагае фондам, у Беларусі ня толькі няма адтэрміновак, але ёсьць нават павышаныя падаткі. Да таго ж прынялі новы дэкрэт з новым паборам, які можна назваць не інакш як дадатковым падаткам на карыстаньне замежнымі ахвяраваньнямі.

Мэдыкі — гэта першы эшалён тых, каму патрэбная дапамога. Другі эшалён — гэта тыя праекты, ад якіх цяпер адмовіліся спонсары, і «Имена» для іх — апошняя надзея. І мы ня можам ім адмовіць, бо ім няма куды больш зьвярнуцца.

Мы будзем мяняцца ў плянаваньні таксама — будзем прымаць праекты для тых, хто аказаўся ў гаротным стане, і рассылаць апытанкі па НДА, каб яны запоўнілі і сказалі, ці ёсьць у іх рэсурсы, каб выжываць, і якая дапамога патрэбная іх падапечным. Павінны аб’яднацца ўсе тыя, хто дапамагае ўразьлівым групам, таму што цяпер ім моцна бракуе дапамогі.

Паступленьні ад бізнэсу ўтрая зьменшыліся на праекты, не зьвязаныя з каранавірусам. Упершыню мы сутыкнуліся з тым, што ў людзей, якія падпісаліся і аказвалі рэгулярную дапамогу, не хапае сродкаў на картцы. Раней маглі быць тэхнічныя прычыны, ці людзі зьмянілі праект, ці скасавалі падпіску, а тут проста ў людзей няма грошай.

«Беларусь нібыта IT-краіна, а мы аказаліся не абароненыя нават ад элемэнтарнага»

Кацярына Сінюк апошнія месяцы працуе практычна круглыя суткі. Са сьмехам згадвае, што нядаўна была ў жывым эфіры ў офісе, і толькі пазьней заўважыла, што на ёй піжамная байка:

Перакус падчас працы
Перакус падчас працы

— Не заўважаю, як дні праходзяць. У панядзелак плянаваньне, у пятніцу — падсумаваньне, а ў мяне адчуваньне, што адзін дзень паміж панядзелкам і пятніцай праходзіць. Як пераключаюся і адпачываю? Прагулкі і кніжкі. Калі знаходзіцца час...

Калі казаць пра станоўчыя вынікі пандэміі, то пасьля таго, як сьвет выйдзе з глябальнага эканамічнага крызісу, на маю думку, будзе больш інвэстыцый ня толькі ў дабрачыннасьць, але ў ахову здароўя і адукацыю. Беларусь нібыта IT-краіна, нібыта жыве ў прагрэсіўным сьвеце, а мы аказаліся не абароненыя нават ад элемэнтарнага. Я памятаю, як на адным з форумаў, наколькі памятаю, Віктар Пракапеня расказваў пра тое, што нейкая кампанія патраціла вельмі шмат соцень тысяч даляраў на тое, каб высьветліць, на які банэр карыстальнікі клікаюць больш. І цяпер, калі гэта ўсё адбываецца, я разумею, што ў сьвеце няправільна разьмеркаваныя рэсурсы і няслушна расстаўленыя акцэнты, калі мы аказаліся настолькі ўразьлівымі. Сотні тысяч даляраў трэба ўкладаць у здароўе і адукацыю, ствараць тэхналёгіі, якія будуць бараніць чалавецтва.

Падтрымаць праекты плятформы «Имена» можна ТУТ.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG