Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэр зь Беларусі Стрыжак пра абстрэл Новалуганскага ў Данбасе: гэта ваеннае злачынства


Абстрэл пасёлку толькі цудам не забраў жыцьці дзясяткаў дзяцей. МНС Украіны разам з украінскімі і міжнароднымі валянцёрскіх арганізацый працягваюць аднаўляць інфраструктуру і сацыяльныя аб’екты пасёлку Новалуганскае.

Гэтае паселішча ў Данецкай вобласьці Ўкраіны знаходзіцца непасрэдна каля лініі разьмежаваньня з тэрыторыяй самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

Новалуганскае было абстраляна з «Градаў» надвячоркам 18 сьнежня. Абстрэл, як мяркуецца, рабіўся з боку кантраляванай сэпаратыстамі Горлаўкі. У пасёлку былі разбураны, пашкоджаныя або згарэлі дзясяткі жылых дамоў, школа, дзіцячы сад.

Нягледзячы на маштаб разбурэньняў, у выніку абстрэлу ніхто не загінуў: 8 чалавек былі параненыя, некаторыя — цяжка. Але ўсё магло абярнуцца зусім інакш. У дзіцячым садку, куды патрапіў адзін са снарадаў «Граду», у момант абстрэлу нікога не было толькі дзякуючы выпадковаму зьбегу абставінаў: усіх дзяцей незадоўга да гэтага павезьлі на спэктакль у мясцовы ДК.

Апошні абстрэл ўкраінскіх гарадоў з установак «Град», параўнальны паводле наступстваў з абстрэлам Новалуганскага, адбыўся ў канцы студзеня 2017 году ў Аўдзееўцы. Да Аўдзееўкі з «Градаў» на Данбасе стралялі больш за два гады таму, зімой 2015 году.

Напярэдадні абстрэлу, 17 сьнежня, Расея афіцыйна адклікала сваіх вайскоўцаў з Сумеснага цэнтру кантролю і каардынацыі рэжыму спыненьня агню (СЦКК) у Данбасе. Кіеў назваў гэтае рашэньне «правакацыяй» і таксама вывеў сваіх прадстаўнікоў.

Многія экспэрты і палітыкі, прычым і ў Расеі таксама, палічылі гэтую падзею прадвесьцем новага абвастрэньня ў зоне канфлікту. Сэпаратысты «ДНР» таксама заявілі аб абстрэлах сваіх населеных пунктаў, напрыклад, Горлаўкі і Кадзіеўкі (былога Стаханава). Ва ўсіх выпадках абвінавачваньні і апраўданьні будуюцца паводле аднаго і таго ж сцэнару: кожны з бакоў кажа, што яго апанэнты самі абстрэльваюць ўласныя гарады.

Рабочие восстанавливают линию электропередач в Новолуганском
Рабочие восстанавливают линию электропередач в Новолуганском

Сытуацыя вакол Новалуганскага, аднак, мае свае нюансы: пасёлак доўгі час знаходзіўся ў так званай «шэрай зоне», ня быў заняты нікім і перайшоў пад кантроль ўкраінскай арміі толькі год таму, у канцы сьнежня 2016 году. Сюды нават прыяжджалі людзі зь іншых населеных пунктаў падкантрольнай Украіне тэрыторыі Данецкай вобласьці, разьмешчаных далей ад «лініі размежаваньня».

«Зіма абяцае быць вельмі гарачай», — напісаў пасьля абстрэлу Новалуганскага валянтэр зь Беларусі Андрэй Стрыжак, які практычна з самага пачатку канфлікту ў Данбасе прыяжджае туды з гуманітарнай дапамогай. На гэты раз ён апынуўся там у складзе міжнароднай місіі па назіраньні за парушэньнямі правоў чалавека ў зоне канфлікту. Пра ўбачанае на свае вочы і пачутым ад мясцовых жыхароў Андрэй Стрыжак распавёў Радыё Свабода.

— Як і калі вы апынуліся пасёлку Новалуганскае?

— Зь іншымі праваабаронцамі з Чэхіі, Нямечыны, Украіны і Расеі мы ўдзельнічаем у міжнароднай місіі па назіраньні за парушэньнямі правоў чалавека ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі, у гэтым пасёлку мы былі на наступны дзень пасьля абстрэлу.

— Што вы ўбачылі там у першыя суткі пасьля таго, што здарылася? І што вам распавядалі мясцовыя жыхары пра тое, як гэта адбывалася і пры якіх абставінах?

— Гэта былі вельмі сур’ёзныя разбурэньні ў цэнтры пасёлка, у якім у прынцыпе няма канвэнцыйных мэт, ня ўлiчваючы месца разьмяшчэньня адной з частак, дзе знаходзіцца казарма. Там няма нейкіх баз захоўваньня тэхнікі, гэта не баявыя пазыцыі, гэта менавіта мірны пасёлак, які, у прынцыпе, раней ніколі не адчуваў такіх сур’ёзных наступстваў баявых дзеяньняў.

У першы дзень, калі мы туды прыбылі, уражаньне было вельмі гнятлівае. Велізарная колькасьць разбуранага жылога фонду. Так ці інакш было пашкоджана каля 30 прыватных дамоў, агулам — каля ста будынкаў. Было прамое пападаньне ў дзіцячы сад, прамое пападаньне ў двор школы, у амбуляторыю. То бок былі пашкоджаныя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры.

Пасёлак да нашага прыезду ўжо часткова быў падлучаны да аўтаномнай энэргасеткі, але адразу пасьля абстрэлу ён застаўся без электрычнасьці і бяз газу, таму што быў перабіты газаправод. На двары — зіма. Гэта досыць сур’ёзнае парушэньне правілаў вядзеньня вайны. Асабіста я гэта расцэньваю як ваеннае злачынства.

Наступствы абстрэлу пасёлку Новалуганскае
Наступствы абстрэлу пасёлку Новалуганскае

— Ці пацьверджана, зь якіх гармат рабіўся абстрэл?

— Паводле ацэнак экспертаў, у тым ліку пацьверджаных ацэнак экспэртаў з украінскай Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый, гэта былі снарады ракетнай сыстэмы залпавага агню БМ-21 «Град». У межах населенага пункту ўпала каля 30 снарадаў. Мы бачылі, як група разьмініраваньня даставала маршавыя рухавікі ракет з варанок і вывозіла іх.

— Ці ёсьць нейкія вэрсіі ў экспэртаў, у вайскоўцаў, адкуль рабіўся абстрэл?

— Паводле нашых назіраньняў, якія пацьверджаныя азімутамі напрамку палёту, глыбінёй варанок, спэцыфікай ўваходжаньня снарадаў [у зямлю], можна сьцьвярджаць, што абстрэл рабіўся з кірунку Даламітавая — Горлаўка. На дадзены момант гэта тэрыторыі, не падкантрольныя ўраду Ўкраіны.

Цалкам гутарку з Андрэем Срыжаком чытайце ТУТ,

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG