Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў на Facebook пра вынікі працы за два месяцы: на дапамогу беларускім мэдыкам сабралі 302 619 даляраў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гэта пяць тысяч даляраў на дзень або дзьвесьце даляраў на гадзіну, адзначае Стрыжак. З гэтай сумы 58 957 даляраў унесла беларуская дыяспара з-за мяжы.
«Узгадайце гэта кожны раз, калі хтосьці скажа, што беларусы ня здольныя на салідарнасьць і ўзаемадапамогу», — дадае ён.
Цяпер кампанія ладзіць тое, што называе «краўдштормам»: тэрміновы збор грошай на пакупку партыі з 30 тысяч рэсьпіратараў. За тры дні на гэта сабралі 50 тысяч рублёў, засталося сабраць яшчэ 27 тысяч.
Днём раней пра кампанію на ангельскай мове расказала AFP, рэпартаж апублікавалі на папулярным партале Yahoo.com. Тры тыдні таму Стрыжак даваў вялікае інтэрвію Свабодзе.
Кампанія #ByCoid19 ня толькі прымае ахвяраваньні, але і зьбірае заяўкі на дапамогу ад лекараў, а таксама прапануе мэдыкам службу псыхалягічнай падтрымкі.
Грошы на дапамогу лекарам зьбіраюць таксама праз сайт Molamola.by, праз часопіс «Имена» і іншыя крыніцы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.