Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі пачаўся пажар — трэба самім гаcіць, а не чакаць ратавальнікаў». Хто і як дапамагае мэдыкам


Больш за 140 тысяч даляраў, 27 тысяч рэсьпіратараў, кілямэтры матэрыялу для шыцьця камбінэзонаў, рэстаранная ежа і «сухі паёк» — так беларусы дапамагаюць мэдыкам «гасіць пажар».

Андрэй Стрыжак — адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі ByCovid-19, створанай для дапамогі мэдыкам, падзяліўся са Свабодай прамежкавымі вынікамі працы.

Сёньня ён развозіў дапамогу гомельскім шпіталям.

Паводле каардынатара, на 15 красавіка кампанія ByCovid-19 сабрала на MolaMola каля 140 тысяч даляраў. А што зроблена?

  • Закупілі, «з-пад зямлі дасталі проста», 27 тысяч рэсьпіратараў;
  • набылі ці зрабілі для мэдыкаў больш за 6 тысяч засьцерагальных шчыткоў;
  • перадалі ў шпіталі і працягваюць перадаваць аднаразовыя халаты, засьцерагальныя камбінэзоны, акуляры, шчыткі, тэрмомэтры і іншыя мэдычныя прылады.

Акрамя таго:

  • стварылі валянтэрскую структуру па ўсёй краіне з удзелам 800 чалавек^;
  • штаб кампаніі (30 чалавек) мае лягістычны, юрыдычны, бухгальтарскі, камунікацыйны аддзелы;
  • ёсьць два транспартныя хабы — у Менску і ў Гомлі, куды кожны неабыякавы грамадзянін можа прынесьці дапамогу мэдыкам (сродкі індывідуальнай аховы, «сухі паёк», далучыцца да «швейнай вытворчасьці» ды іншае);
  • абвясьцілі дабрачынны аўкцыён, больш за сто карцін выстаўленыя на Kufar.by. Сродкі пойдуць на дапамогу мэдыкам;
  • зьвярнуліся з заклікам пра дапамогу да беларусаў замежжа.

«Беларусы замежжа нам ужо дапамагаюць. Прынамсі, з Канады. Яны сабралі каля пяці тысяч канадзкіх даляраў. На іх мы будзем набываць у ЭЗ пульсаксымэтры, бескантактныя тэрмомэтры і іншае абсталяваньне», — кажа Андрэй Стрыжак.

Кампанія працуе па заяўках мэдыкаў, выключна праз адміністрацыі шпіталяў. «Лягістыка ў нас цяпер распрацаваная так, што ад нашага складу ў Менску да любога шпіталя па Беларусі дастаўка грузу — 12–16 гадзін», — кажа каардынатар.

Рэсьпіратары, аднаразовыя халаты, ахоўныя камбінэзоны, шчыткі, акуляры перадаюцца ў шпіталі па дамове аб бясплатнай дапамозе — каб даць справаздачу людзям, якія ахвяруюць грошы на кампанію.

«Заявак вельмі шмат. Штодзень мы заканчваем працу з пустым складам. Паставак мала. Грошы ёсьць — а рэсьпіратараў не дастаць», — дадае Андрэй Стрыжак.

15 красавіка ён развозіў дапамогу па гомельскіх шпіталях. Гэта рэсьпіратары, «кроксы», аднаразовыя халаты, акуляры, прадукты.

«Гэта ня першая і не апошняя дастаўка. Мы наладзілі шчыльную камунікацыю з гомельскімі шпіталямі, атрымліваем заяўкі і стараемся пакрываць іх патрэбы», — кажа каардынатар.

Груз «зьбіраецца» і «забіраецца» на хабе. У склад, а таксама майстэрню па вытворчасьці засьцерагальных шчыткоў і шыцьці камбінэзонаў, ператварылася арт-прастора «Каўчэг». У «мірны» час тут ладзіліся культурніцкія імпрэзы. Цяпер працуюць валянтэры.

Юля Ганісеўская каардынуе збор шчыткоў і шыцьцё засьцерагальных камбінэзонаў.

«Мы маем загатоўкі шчыткоў. Іх трэба сабраць. За чатыры гадзіны чатыры чалавекі ўчора сабралі 107 шчыткоў. У мэдыкаў яны запатрабаваныя», — кажа Юля.

Цяпер валянтэры закупілі тканіны на 1300 ахоўных камбінэзонаў для мэдыкаў. «Шыць пагадзіліся многія людзі, цяпер — 35 актыўных швачак. Мы даём выкрайкі, тканіну, фурнітуру. Шыюць ня толькі ў Гомлі», — дадае каардынатарка.

Чаму Андрэй Стрыжак гэтым займаецца?

«Цяпер сытуацыя такая, што кожны актыўны грамадзянін можа нечым дапамагчы мэдыкам. Я разумею, што мы плацім падаткі і ўтрымліваем дзяржаўныя структуры. Але калі ў вас загарэўся дом, то можна чакаць дзяржаўных ратавальнікаў і сварыцца, што доўга ня едуць. А можна пачаць гасіць пажар самому. Сёньняшняя сытуацыя пацьвярджае важнасьць моцнай грамадзянскай супольнасьці, якая можа спрацаваць, калі дзяржава ня можа хутка зрэагаваць. Мы — сілы хуткага рэагаваньня на крытычную сытуацыю», — кажа каардынатар.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG