Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ваша маска абараняе мяне, мая маска абараняе вас». Аповед інфэкцыяністкі, якая лечыць хворых на COVID-19


Кацярына Гашкава
Кацярына Гашкава

«Сама не баюся захварэць на COVID-19, але баюся заразіць сваіх пажылых і хворых родных», — кажа інфэкцыяністка Кацярына Гашкава. У 4-гадовым узросьце яна пераехала ў Прагу з Кіева разам зь сям’ёй. Кацярына скончыла мэдычны факультэт Карлавага ўнівэрсытэту, паводле спэцыяльнасьці яна інфэкцыяністка, працуе ў Усьці-над-Лабай у інфэкцыйным аддзяленьні мясцовага шпіталя. Кацярына расказала Свабодзе пра сваю працу з хворымі на каранавірусную інфэкцыю і сваё бачаньне таго, як будзе разьвівацца сытуацыя з пашырэньнем COVID-19 у Чэхіі і сьвеце. Увечары 19 сакавіка ў Чэхіі было 694 хворых на каранавірус.

«Мы павінны берагчы бацькоў, і бабуляў, і дзядуляў, а таму бараніць і сябе, каб не занесьці інфэкцыю»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Працы стала нашмат болей, даводзіцца дзяжурыць утрох, у разы вырасла колькасьць пацыентаў. Пэрсаналу не хапае. Усе вельмі стомленыя. У нашым шпіталі ляжаць і хворыя на каранавірусную інфэкцыю, і людзі з падазрэньнем, што яны інфікаваныя вірусам. У аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі таксама ляжаць пацыенты як з пацьверджаным дыягназам, так і з падазрэньнем на COVID-19. Цяпер чатыры чалавекі — у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, каля 18 чалавек з прыкметамі каранавіруснай інфэкцыі ў інфэкцыйным аддзяленьні. Большая частка заражаных маюць вельмі памяркоўныя сымптомы, ёсьць людзі і зусім без сымптомаў. Зь цяжкімі сымптомамі — меншасьць.

— У якіх умовах працуюць лекары? Якую дапамогу вам аказвае адміністрацыя, урад?

— Адміністрацыя робіць усё, што ў яе сілах. Увесь засьцерагальны рыштунак пераважна ідзе да нас — маскі, рэсьпіратары. На жаль, дзяржава нас крыху падвяла, недаацэніла сытуацыю, таму засьцерагальных і дэзынфэкцыйных матэрыялаў бракуе. Мы працуем у рэсьпіратарах, камбінэзонах, акулярах і пальчатках.

— Наколькі вам трывожна?

Кацярына Гашкава на працы
Кацярына Гашкава на працы

— Трывожна ня гэтулькі на працы. Больш трывожна па-за працай, на вуліцы, дзе ня ўсе паважаюць адзін аднаго і ня ўсе выкарыстоўваюць маскі.

— Як інфэкцыяністка скажыце: чым небясьпечны каранавірус?

— Найбольш небясьпечны ён для людзей старэйшага ўзросту, з парушэньнем імунітэту, з дыябэтам. Паколькі ў кожнага з нас ёсьць мамы, таты, бабулі і дзядулі, мы павінны іх берагчы — бараніць і сябе, каб не занесьці інфэкцыю, якая нас найхутчэй не загубіць, а для іх гэтая інфэкцыя можа стаць сьмяротнай.

— На сайце міністэрства здароўя Чэхіі ёсьць вельмі падрабязная статыстыка захварэлых на каранавірус, і зь яе вынікае, што інфікаваныя людзі абсалютна ўсіх узростаў — дзеці, падлеткі, маладыя, пажылыя.

— Заражаюцца ўсе. Крыху большы працэнт мужчын, якія заражаюцца. Цяжэйшыя сымптомы і формы разьвіцьця інфэкцыі ў старэйшых людзей.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

— Ці вы калі-небудзь сутыкаліся з падобнай сытуацыяй ў вашай практыцы?

— Не, але гэта ня першая эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі. У 2002 годзе быў SARS, гэта таксама каранавірус, ад якога была сьмяротнасьць 15%. Потым быў MERS, таксама каранавірус, які быў у краінах Блізкага Ўсходу. Кожны год у часе эпідэміі грыпу, асабліва калі быў H1N1-грып, была вялікая нагрузка на аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі. Гэта была складаная інфэкцыя, хвароба цяжка праходзіла, шмат маладых людзей на яе хварэлі, былі сьмерці.

«Даволі спрэчнае пытаньне наконт калектыўнага імунітэту»

— Цяпер экспэрты кажуць, што павінен выпрацавацца так званы калектыўны імунітэт, і тады пандэмія завершыцца, і хвароба адступіць. Як хутка ён можа сфармавацца?

— Гэта даволі спрэчнае пытаньне — наконт калектыўнага імунітэту. На сёньня ніхто асабліва ня ведае, наколькі нас ахоўваюць антыцелы, выпрацаваныя пасьля інфэкцыі. Як выглядае, ёсьць выпадкі, калі людзі заражаюцца тым жа каранавірусам другі раз. Магчымасьць так званага статкавага імунітэту... ня факт, што так будзе.

— Цяжка рабіць прагнозы, але тым ня менш, зыходзячы з вашай практыкі і адукацыі, як вы бачыце пэрспэктыву бліжэйшых месяцаў? Ці пойдзе эпідэмія ў Эўропе на спад, як у Кітаі цяпер? Ці ўсіх чакае рэзкае павелічэньне захворваньняў, як у Італіі?

— Усё залежыць ад нас з вамі. Наколькі мы зьбяромся, наколькі будзем паважаць адно аднаго і берагчы здароўе адно аднаго. Ваша маска абараняе мяне, мая маска абараняе вас. І мы павінны згуртавацца і думаць адно пра аднаго, тады ўсё атрымаецца і будзе ўсё добра.

«Лепей перастрахавацца, чым недаацаніць сытуацыю»

— Розныя краіны маюць розныя падыходы. Чэхія, Італія, Гішпанія ды іншыя краіны ўвялі жорсткі карантын. Усе суседнія зь Беларусьсю краіны закрылі межы. У Беларусі Аляксандар Лукашэнка называе пандэмію каранавірусу псыхозам і прапануе лячыцца гарэлкай, саўнай ці працаваць на трактары. Якія падыход вам як спэцыялістцы здаецца найбольш слушным?

— Мы ведаем, як гэта адбывалася ў Кітаі, дзе даволі хутка спахапіліся і прынялі ўсе неабходныя захады, і наколькі ўсё выйшла з-пад кантролю ў Італіі, дзе цягнулі з прыняцьцем мераў і дзе цяпер бракуе месцаў ня толькі ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, але і ў моргах; трымаюць трупы ў храмах, бо няма дзе складваць мёрвых.

— Дык вы лічыце жорсткія захады, як цяпер у Чэхіі, найбольш адэкватнымі на дадзены момант?

Праскае мэтро
Праскае мэтро

— Я лічу, што лепей перастрахавацца, чым недаацаніць гэтую сытуацыю. Гэта адносна новая інфэкцыя. Ніхто ня ведае, як яна сябе будзе паводзіць. Ад сьнежня мінула ня так шмат часу, каб мы маглі цалкам ацаніць усе яе рызыкі.

— А ці вы самі баіцеся захварэць на каранавірус?

— Я сама не баюся, але баюся заразіць сваіх родных, якія пажылыя і хворыя. У мяне маленькі сын, які цяпер сядзіць дома з бабуляй, у ізаляцыі. Сумуе, але нічога, давядзецца патрываць. Я паводжуся вельмі акуратна, заўсёды ў масцы, у рэсьпіратары, у краму хаджу ў рэсьпіратары і пальчатках.

«Нам бясплатна возяць піцу, пішуць вельмі добрыя электронныя лісты»

— А як вашыя хворыя рэагуюць?

— Хворыя паводзяцца па-рознаму. Як і паўсюль. Ёсьць гістэрыкі і панічныя атакі, а ёсьць і вельмі несур’ёзнае стаўленьне, калі людзі кажуць, маўляў, усё гэта не папраўдзе і мы нічога не баімся. Ёсьць людзі, якія яшчэ перад закрыцьцём межаў лёталі адпачываць у Італію, бо былі добрыя цэны. А некаторыя проста ў гістэрыцы нападаюць на людзей бяз масак і паводзяць сябе вельмі некарэктна. У той жа час многія шыюць маскі самі і раздаюць бясплатна хворым людзям, хворым дзецям. А іншыя людзі спрабуюць прадаваць маскі за велізарныя грошы, на бядзе іншых спрабуюць нажыцца.

— У Чэхіі на маленькіх крамках, якія трымаюць віетнамцы, вісяць абвесткі, што лекарам, кіроўцам трамваяў і паліцыянтам кава ды нешта да яе бясплатна. Ці адчуваеце вы праявы салідарнасьці зь лекарамі?

— Так, адчуваю. Каву я п’ю толькі на працы і дома цяпер, але вельмі прыемная прапанова. Нам бясплатна возяць піцу, пішуць вельмі добрыя лісты. Нядаўна адна бабулька зь іншага гораду даслала пернікі, якая сама сьпякла. Людзі спрабуюць нас падтрымаць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG