Беларуская стыпэндыятка прэміі Вацлава Гаўла Наста Бойка піша пра тое, як мэдыцынская маска стала сымбалем сучаснасьці.
На пачатку мінулага тыдня ў Чэхіі на карантын закрыліся школы і ўнівэрсытэты. Потым наш офіс перайшоў працаваць з дому, а на наступны дзень чэскі ўрад абвясьціў пра надзвычайнае становішча і закрыцьцё межаў з 16 сакавіка. На выходных Чэхія закрылася на карантын.
«Цяпер маскі выглядаюць ня так сьмешна»
Яшчэ да гэтых навін у мяне быў квіток у Менск на 14 сакавіка і зваротны на 18-га. Тыдзень таму я ня думала заставацца ў Чэхіі, але каранавірус меў свае пляны.
У Празе мы з каляжанкай з Расеі амаль кожную хвіліну адсочвалі навіны, і гэта было апраўдана: плынь новай інфармацыі не спынялася. У галаве сядзела адна думка: толькі б мы змаглі трапіць дадому. Квіткі на самалёты да Масквы зьнікалі проста на вачах, а ў вачах маёй калегі зьнікала надзея ў найбліжэйшы час убачыцца з мужам. Апагеем стаў момант, калі «Белавія» пачала масава адменяць рэйсы. Добра, што майго рэйсу сярод скасаваных не было.
Мы прыехалі ў Прагу ў сьнежні на паўгода і думалі толькі пра новы досьвед, падарожжы, знаёмствы... Мы і падумаць не маглі, што ў сакавіку прыйдзецца выбіраць: заставацца ў закрытай Чэхіі ці вярнуцца на час дадому. І здаецца, што на фоне каранавірусу зьніклі абсалютна ўсе астатнія навіны.
У Празе адчуваецца паніка. Сытуацыя зьмяняецца імгненна, у крамах пусьцеюць паліцы (мыла я змагла купіць толькі ў трэцяй краме), на дзьвярах кожнай аптэкі ўжо два тыдні вісяць паперкі пра тое, што масак, антысэптыкаў і пальчатак у продажы няма. Кавярні працуюць да 20.00, адмяніліся ўсе масавыя імпрэзы. Кудысьці зьніклі турысты — Прага пустая, і гэта зусім не падобна да звычайнага вечара пятніцы. Празь некалькі дзён кавярні пачалі выдаваць ежу і напоі праз акенцы. У некаторых месцах зьявіліся абʼявы з просьбай захоўваць дыстанцыю 1,5 мэтра.
У суботу па дарозе ў аэрапорт я разглядала праскія вуліцы: не хацелася верыць у тое, што гэты прыгожы горад апусьцеў.
У чарзе на рэгістрацыю на рэйс Прага — Менск налічыла чалавек 12 у масках (разам са мной). Людзі бяз масак глядзяць на нас дзіўна: ці то зайздросьцяць, ці злуюцца, што мы, можа,хворыя і будзем ляцець зь імі ў адным самалёце.
Праскі аэрапорт таксама пусты. У масках шмат людзей рознага ўзросту. Некаторыя работнікі аэрапорта ў пальчатках і масках, некаторыя безь нічога. Праз гучную сувязь расказваюць пра каранавірус. Дарэчы, такое было і ў крамах, і тады мая каляжанка параўнала гэта з ваеннай зводкай.
Чую, як нехта разважае: «Цяпер маскі выглядаюць ня так сьмешна». Дзьве пажылыя жанчыны, пазіраючы на пасажыраў у масках, кажуць: «Ды не, тут няма асабліва каранавірусу, усё ў парадку».
У самалёце напружаньне крыху спала. Можа быць, прычына ў ветлівых бортправадніках і ў тым, што неўзабаве ўсе мы будзем дома. Прыкладна ў сярэдзіне палёту праз навушнікі чую, як мая суседка кажа сваёй сяброўцы: «Трэба ж маскі мяняць, а яна не мяняе! Навошта яна ўвогуле яе начапіла!» Я хачу пракамэнтаваць заўвагу, але стрымліваюся. Маскі, дарэчы, я мяняла своечасова.
«Вашага выніку няма, але калі будзе адмоўны, то я вам паведамлю. Калі не, то вас знойдуць. І гэта буду ўжо ня я»
Праз акно самалёта бачу, што некаторыя супрацоўнікі менскага аэрапорту стаяць у масках і пальчатках. У будынку нас сустракаюць памежнікі, а потым яшчэ адныя на пашпартным кантролі — усе ў масках і пальчатках.
На пашпартным кантролі ў мяне запыталіся, дзе я была апошнім часам, і без праблемаў прапусьцілі.Калі супрацоўніца аэрапорта пачула, што я прыляцела з Прагі і хачу здаць тэст на каранавірус, то спыталася, навошта,у Чэхіі ж усё добра. Тэмпэратуру нам ня мералі.
Адразу пасьля выхаду я ўбачыла вялікую чаргу ахвочых здаць аналіз. Потым высьветлілася, што гэта чарга для студэнтаў. Мяне і яшчэ некалькі чалавек з таго ж рэйсу адправілі ў іншую. За 10 хвілін, пакуль я стаяла ў чарзе, як мінімум тры чалавекі, паглядзеўшы, што стаяць доўга, а здаваць тэст неабавязкова, пайшлі далей. Аналіз бяруць проста ў куточку аэрапорта — мазок з носа і горла. Запісваюць прозьвішча, адрас, тэлефон, рэйс і абяцаюць паведаміць вынік празь дзень.
Суткі я старалася нікуды не выходзіць і чакала. Але на наступны дзень ніхто не патэлефанаваў, не прыехаў і не прыслаў SMS. Толькі лекцыі ў БДУ перанесьлі на няпэўны тэрмін.
Раніцай у панядзелак мне патэлефанавала мэдсястра з паліклінікі і спытала ўсё тое ж самае, што і ў аэрапорце, а таксама ці няма ў мяне якіх-небудзь сымптомаў кшталту хворага горла ці кашлю, ці здавала я аналіз. Было відаць, што яна ня ведае выніку, але я ўсё ж спыталася.
«Вашага выніку няма, але калі будзе адмоўны, то я вам паведамлю. Калі не, то вас знойдуць. І гэта буду ўжо ня я», — прагучала ў слухаўцы.
Мы дамовіліся, што кожную раніцу цягам двух тыдняў я буду пісаць ёй у «Вайбэры» пра сваё здароўе.
Засталося апошняе: здаць білет назад у Прагу ці як-небудзь перанесьці дату. У офісе «Белавія» мне сказалі, што мой рэйс не адменены, таму ўнясеньне зьменаў і вяртаньне квітка магчымыя толькі ў адпаведнасьці з правіламі ўжытага тарыфу. То бок здаць яго я не магу, а памяняць — толькі з даплатай 50 эўра. Але я ня ведаю, калі змагу вярнуцца ў Чэхію, таму мяняць квіток проста ня мае сэнсу. І нават калі я туды палячу, мяне, хутчэй за ўсё, ня пусьцяць.
Тым часам дадому дабралася і мая каляжанка. Пакуль яна ляцела ў самалёце, у Маскве ўвялі карантын для ўсіх, хто прылятае з Эўропы. І нават для беларусаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.