17 сакавіка беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя заявіў, што Беларусь прымае правільныя і дастатковыя меры для прафіляктыкі і выяўленьня выпадкаў каранавірусу. Але, як высьвятляецца, паміж заяўленымі мерамі і рэальнай працай сыстэмы – вялікая розьніца.
Каб дабіцца мэдычнага назіраньня і права на паўторны мазок, мне спатрэбілася чатыры дні званкоў у розныя інстанцыі.
Я прыляцела з Прагі ў суботу, 14 сакавіка. У Чэхіі на той час ужо абвясьцілі абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Я моцна кашляла, мела крыху падвышаную тэмпэратуру і таму перажывала, што мяне завязуць у «інфэкцыёнку» проста з аэрапорту. Прынамсі, на сайце аэрапорту ўказана, што пацыентаў з прызнакамі віруснай інфэкцыі выяўляюць яшчэ побач з бортам самалёта, і ўсе працэдуры яны праходзяць асобна.
Але адзіным чалавекам, якога зацікавіў мой кашаль, была жанчына на пашпартным кантролі. Праўда, цікаўнасьць пачалася і скончылася на словах «Вы кепска сябе адчуваеце?»
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Абяцаныя памяткі пра тое, што наступныя два тыдні трэба выклікаць хуткую пры любым пагаршэньні здароўя, нам не раздавалі. Анкету, якую, паводле Іны Карабан, намесьніцы кіраўніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Мінздароўя, мусяць выдаваць усім, таксама не выдавалі. Цеплавізараў я нідзе не заўважыла, але магу дапусьціць, што неяк няўважліва глядзела.
Рабіць мазок супрацоўніца аэрапорту крыху адгаворвала, але забараніць не магла. Мэдыкі абяцалі, што на працягу сутак будуць вядомыя вынікі. Мае сымптомы не пагаршаліся, і я вырашыла, што яны не настолькі моцныя, каб выклікаць хуткую.
У панядзелак аказалася, што мэдычнае назіраньне за людзьмі з нашага рэйсу арганізоўваюць выбарачна. Жанчыне, якая сядзела побач са мной у самалёце, патэлефанавалі з паліклінікі, паведамілі пра назіраньне і сказалі, калі і куды ісьці, каб здаць паўторны мазок.
Мне ніхто не званіў, я працягвала кашляць і крыху тэмпэратурыць.
У санітарнай службе аэрапорту мне сказалі, што раз мяне дагэтуль не забралі ў лякарню, значыць, тэст адмоўны. Але нагадалі, што ў паліклініку з такімі сымптомамі пасьля вяртаньня з-за мяжы ісьці ўсё адно нельга – трэба выклікаць доктарку дадому.
Доктарка меркавала інакш:
— Даставайце градусьнік. Ай, з такой тэмпэратурай трэба ў паліклініку самой прыходзіць, ну ё-маё!
— Я прыляцела з Чэхіі, у мяне тэмпэратура і сухі кашаль. Можа, ускладненьні ад нядаўняга грыпу, а можа і каранавірус. Санітарная служба кажа, мне нельга ў паліклініку.
— Вось хто гэта кажа, той хай і ходзіць на выклікі.
Каб дабіцца мэдычнага назіраньня і магчымасьці паўторна здаць мазок, я чатыры дні тэлефанавала ў розныя інстанцыі, і іх паказаньні катэгарычна не супадалі адно з адным.
Санслужба аэрапорту казала, што дадзеныя ўсіх людзей, якія здаюць мазкі, накіроўваюцца ў раённыя санстанцыі для перадачы ў паліклініку і арганізацыі назіраньня. У паліклініцы казалі, што нічога не атрымлівалі, а доктарка санстанцыі сьцьвярджала, што мне ўвогуле не павінны былі рабіць тэст у аэрапорце, і зьдзіўлялася, чаму я не хачу ісьці сама ў паліклініку. Патлумачыць, чаму іншыя людзі з рэйсу знаходзяцца пад мэдназіраньнем, а я – не, мне ня мог ніхто.
Нарэшце 18 сакавіка пасьля маіх чароўных словаў «гарачая лінія Міністэрства здароўя» мне менш чым праз хвіліну зноў патэлефанавалі з раённай санстанцыі. Аказалася, што акурат пасьля нашай размовы прыйшла новая інструкцыя. Паводле яе, людзі, якія прыбылі з Чэхіі, усё ж мусяць быць пад назіраньнем, і мае дадзеныя тэрмінова перадаюць у паліклініку.
З паліклінікі мне ў той дзень так і не пазванілі, затое прыйшоў міліцыянт. Прычыну званку ў маю кватэру ён тлумачыў вельмі блытана, а калі сыходзіў, сарваў маю абвестку для суседзяў «У *** кв. карантын. Званіце, толькі калі вы мэдык альбо хочаце пакінуць мне шакалядку. На ўсіх астатніх буду кашляць. Дзякуй».
Сёньня я ўсё ж пазваніла на гарачую лінію міністэрства. Там мяне запэўнівалі ў тым, што мэдназіраньня за мной быць не павінна, Чэхія не ўваходзіць у іх сьпісы, а санстанцыя ва ўсім мела рацыю. Але праз пару гадзін мне патэлефанавала загадчыца аддзяленьня тэрапіі раённай паліклінікі. Мае дадзеныя ім перадалі, я цяпер пад мэдназіраньнем, і на 13-ы дзень ад вяртаньня ў Беларусь мне зробяць паўторны мазок. Так я буду больш упэўнена, што магу выйсьці з дому і не забіць выпадкова парачку суседзяў ва ўзросьце.
Я працягваю хварэць, але абсьледаваць мяне амбуляторна зараз немагчыма – у паліклініку мне нельга, а новы загад міністэрства фактычна не працуе. Арганізаваць забор крыві ў хатніх умовах, кажуць, паліклініка ня можа. Доктарка на візыце паслухала мае лёгкія, у астатнім займаемся дыягностыкай «на авось». Альтэрнатыва – выклікаць хуткую і ехаць у лякарню.
Але пакуль усё, здаецца, ня так кепска. Ляжу, мераю тэмпэратуру, кашляю, сачу за дыханьнем. Мама зачытвае па тэлефоне цытату Аляксандра Лукашэнкі з новага нумару «Мэдычнага весьніка»:
«Мяне перш за ўсё цікавіць пытаньне – кіравальнасьць сыстэмы. Кіравальнасьць заўжды паказвае сябе і зьяўляецца лякмусавай паперкай у нейкіх неардынарных выпадках. Някепска працуе, вядома ж, сыстэма аховы здароўя, і ўрачы малайцы».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ