Ад 00.00 16 сакавіка Чэхія закрываецца на карантын. Пра гэта абвясьціў прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш пасьля шасьцігадзіннага надзвычайнага паседжаньня чэскага ўраду.
Стан карантыну прадугледжвае абмежаваньне вольнага перамяшчэньня грамадзянаў на тэрыторыі Чэскай Рэспублікі за выключэньнем канкрэтна абгавораных выпадкаў і сытуацыяў.
Абмежаваньне вольнага перамяшчэньня не пашыраецца на найбольш жыцьцёва важныя сытуацыі. Можна будзе хадзіць на працу, у аптэку, мэдычныя ўстановы.
Не забаронена таксама бавіць час на прыродзе і ў парках, з умовай датрыманьня мінімальнай дыстанцыі 2 мэтры ад іншых людзей.
Абмежаваньне вольнага перамяшчэньня ўведзенае з прычыны таго, што, як зазначыў Бабіш, некаторыя людзі не выконваюць абмежаваньні, уведзеныя дупраць далейшага пашырэньня каранавірусу.
Міністар унутраных справаў Ян Гамачэк удакладніў: «Мы стараемся мінімілізаваць кантакты паміж людзьмі. Гэта не забарона выходзіць на вуліцу, гэта ня хатні арышт».
Чэхія — чацьвёртая пасьля Італіі, Гішпаніі і Аўстрыі краіна Эўропы, якая ўводзіць абмежаваньне вольнага перамяшчэньня грамадзянаў.