Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да канца красавіка, найбольш імаверна, усё закончыцца» — галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску 


Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску.
Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску.

«Усе эпідэміі заканчваюцца, ёсьць пэўныя заканамернасьці, таму і каранавірусная інфэкцыя мае пайсьці на спад» — лічыць Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску. Яго спэцыяльнасьць анэстэзіёляг-рэаніматоляг, больш за 12 гадоў ён працаваў у дзіцячай рэанімацыі, некалькі гадоў працаваў у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Максім Ачарэтні падкрэсьлівае, што ягоная ацэнка — пункт гледжаньня лекара-спэцыяліста, а не інфэкцыяніста, і ён абапіраецца на агульныя мэдычныя веды і досьвед працы як анэстэзіёлягам, так і ў тэрапіі інфэкцыйных хваробаў.

«Як правіла, рэсьпіраторныя інфэкцыі пачынаюцца з Паўднёва-Ўсходняй Азіі»

— Чалавецтва зьведала шмат эпідэміяў інфэкцыйных хваробаў. Не заўсёды знаходзілі лекі ад іх, але ва ўсіх выпадках эпідэміі заканчваліся, і людзі надалей не заражалі адзін аднаго. Якая заканамернасьць пашырэньня інфэкцыяў і чаму яно заўсёды заканчваецца?

— Усё вельмі неадназначна і да канца ня вывучана. Так, як вы кажаце, былі эпідэміі, яны заканчваюцца, чалавецтва жыве дагэтуль. Эпідэміі бываюць розныя. Напрыклад, чума. Яе эпідэмія ўзьнікае зь нейкіх першасных прыродных асяродкаў, а потым распаўсюджваецца на чалавецтва. Тое, што цяпер усіх нас непакоіць, — гэта рэсьпіраторная эпідэмія. Я б не рабіў акцэнту на слове «эпідэмія». Гэта распаўсюджаньне найхутчэй. Эпідэмія — гэта панятак са складанай інтэрпрэтацыяй.

Нас вучылі, што эпідэмія — гэта калі захварэе звыш 5% насельніцтва з пацьверджаным дыягназам. Калі глядзець на Кітай, дзе каля паўтара мільярда жыхароў, а захварэлі да 114 578 чалавек на 10 сакавіка, то там нават і 1 працэнту ня будзе. Эпідэміяй гэта назваць складана. Але калі называюць, то што зробіш, хай будзе эпідэмія. (Размова адбывалася 10 сакавіка да моманту, калі САЗ абвясьціла пандэмію. — РС).

Як правіла, рэсьпіраторныя інфэкцыі пачынаюцца з Паўднёва-Ўсходняй Азіі (Філіпіны, Віетнам, Кітай), ідуць на захад і даходзяць урэшце да Эўропы. Сапраўды, ёсьць такая думка, што эпідэмія затухае. Пры распаўсюджваньни вірусу ад чалавека да чалавека ягоныя шкодныя ўласьцівасьці зьмяншаюцца, таму паступова вірус выклікае цяжкія хваробы ўсе менш і менш.

Чаму затухаюць эпідэміі? Вірус праходзіць практычна па ўсіх людзях, нехта пераносіць цяжка, нехта лёгка, нехта інфікаваны, але зусім яго не адчувае, у выніку ў насельніцтва фармуецца агульны імунітэт. Не асабісты, не індывідуальны імунітэт кожнага чалавека, а імунітэт агульны, імунітэт папуляцыі. І ў меру таго, як чалавецтва сустракаецца з вірусам, які ідзе з усходу на захад, яно робіцца больш падрыхтаваным да гэтага вірусу, і ў выніку хвароба затухае сама па сабе.

Цяпер вельмі важнае значэньне маюць проціэпідэмічныя захады. Калі сёньня глядзець на Кітай, то яны — супэрмалайцы, я захапляюся. У іх на 10 сакавiка новых зарэгістраваных захворваньняў на вірус — 19 чалавек на ўвесь Кітай. Пры тым, што там адкрылі амаль 20 новых шпіталёў, яны ўжо больш за палову пазакрывалі, бо яны даюць рады, ужываючы проціэпідэмічныя захады.

Чаму яшчэ затухае хвароба? Гэта сэзоннасьць. Лічыцца, што пры тэмпэратуры звыш 8 градусаў вірус ужо ня будзе добра размнажацца. У зімовы пэрыяд людзі больш разам знаходзяцца ў памяшканьнях. Не ўва ўсіх памяшканьнях ёсьць нармальная вэнтыляцыя, і, вядома, вірус будзе распаўсюджваецца лепш, чым летам, калі ўсё праветрываецца, форткі адчыненыя, вірус не зьбіраецца, пылу менш.

Каб мець правераную, аб’ектыўную інфармацыю, я парэкамэндаваў бы карыстацца сайтам Сусьветнай арганізацыі здароўя. Там уся інфармацыя ў адкрытым доступе, у тым ліку па-расейску. А таксама сайтам Цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў ЗША, якая кантралюе сытуацыю ў сьвеце і выдае для ацэнкі ўсю статыстычную інфармацыю ня толькі пра каранавірус, але і пра любыя захворваньні, якія існуюць у сьвеце, а таксама дае інфармацыю аб прафіляктыцы і лячэньні.

— Вы кажаце, што ўсе эпідэміі ідуць на спад. На якой цяпер мы стадыі? Як хутка пашырэньне каранавіруснай інфэкцыі можа скончыцца ў Беларусі і ў сьвеце?

— Я магу толькі меркаваць, што да канца красавіка, найбольш імаверна, усё закончыцца, але гэта недакладна. Гэта толькі мая думка, на яе нельга разьлічваць як на ісьціну. Найбольш імаверна, што гэты вірус будзе сябе паводзіць як усякая вірусная рэсьпіраторная інфэкцыя. Гэта бачна і зь цяперашняй статыстыкі ў Кітаі.

«Сэзон рэсьпіраторных захворваньняў практычна прайшоў, і каранавірус мусіць пайсьці па спад»

— А якія засьцярогі ёсьць у вас як у доктара? Як зьмянілася ваша праца пасьля таго, як былі выяўленыя першыя выпадкі каранавірусу ў Беларусі?

Максім Ачарэтні
Максім Ачарэтні

— На каранавірус, найбольш праўдападобна, хварэлі раней кажаны. Ён хадзіў па папуляцыі кажаноў, яны адзін аднаго заражалі, нехта паміраў, у некага фармаваўся імунітэт. Гэты вірус жыў толькі сярод іх. Цяпер зьявілася такая праблема, што вірус, найбольш імаверна, ад кажаноў (ёсьць розныя вэрсіі — у тым ліку што ад марскіх жывёлаў ці зьмеяў) перайшоў на чалавека. Раней чалавечая папуляцыя з гэтым вірусам не сустракалася. І таму, калі кітайцы даказалі, што зьявіўся новы вірус, зь якім раней чалавецтва не сустракалася, яны забілі трывогу. Трывога зразумелая, бо мы ня ведаем, чаго ад гэтага чакаць. Не было вакцыны, не было вядома, як хвароба працякае, невядомыя блізкія і доўгатэрміновыя наступствы эпідэміі. Калі грып пачынаецца, мы ведаем, якая гэта хвароба, як будзе праяўляцца, што ёсьць патрэбная вакцына, і статыстычна мы можам меркаваць, колькі людзей захварэе, колькі памрэ. Мы да гэтага падрыхтаваныя.

Што тычыцца каранавірусу, то мы гэтага ня ведаем, таму атрымалася як атрымалася. Цяпер, праўдападобна, каранавірус сябе праявіць як звычайнае сэзоннае віруснае захворваньне. Таксама са сваёй сьмяротнасьцю. Але, паўтару, гэта недакладна. Калі раней яна была каля 4 працэнтаў, то цяпер спад летальнасьці — каля 2 з паловай працэнтаў. Вельмі моцна спадзяюся, што ідзе на спад, што будзе паляпшэньне. Хаця сытуацыя ў Італіі не зусім стасуецца з маімі словамі і меркаваньнямі. Сэзон рэсьпіраторных захворваньняў практычна прайшоў, і каранавірус мусіць пайсьці па спад.

«Чаго ты ідзеш на працу і ўсіх заражаеш?»

— Як бы дзіўна не гучала пытаньне, але ці ёсьць пазытыўныя наступствы ў сытуацыі з каронавірусам? Гігіенічныя стандарты, перагляд жыцьцёвых прыярытэтаў, праверка функцыянальнасьці сыстэмаў аховы здароўя?

— Гэта як вайсковыя вучэньні. Калі рыхтуесься да вайны, трэба праводзіць вучэньні, каб годна сустрэць небясьпеку. Так, вядома, з гэтага гледзішча ёсьць станоўчыя моманты. Мы даведаліся пра свае недахопы, недапрацоўкі, слабыя месцы і будзем іх адпаведна ўдасканальваць. Якія слабыя месцы? Тыя ж самыя маскі. Я нядаўна сядзеў на «гарачай лініі» міністэрства аховы здароўя, і шмат было пытаньняў, што бракуе масак. З аднаго боку, сапраўды не хапае, прамысловасьць не спраўляецца з такім патокам ахвочых купіць маскі. З другога боку, ня ў маскі ўсё ўпіраецца. Маскі важныя, каб хворы чалавек не распаўсюджваў хваробу, а не для здаровага чалавека.

Гэта і слабая інфармаванасьць насельніцтва. Можа, мы як дактары недастаткова паінфармавалі аб прафіляктыцы. Чаму іранец хадзіў некалькі дзён па Менску, пакуль высьветлілі, што ў яго каранавірус? Маглі б павесьці сябе інакш, было б менш заражаных людзей. Хаця ўсе выпадкі захворваньня ў Беларусі — ня цяжкія. Усе ў здавальняльным стане знаходзяцца.

Важна выконваць рэкамэндацыі наконт прафіляктыці, мыць рукі 20 сэкундаў, апрацоўваць рукі сьпіртам. Я бачу ў сваім шпіталі: павесілі спэцыяльныя дазатары са сьпіртавой рошчынай, каб людзі на ўваходзе і выхадзе з прыёмнага аддзяленьня апрацоўвалі рукі. Але людзі гэтага ня робяць, нібы іх гэта ня тычыцца. Чхаюць на ўсіх.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

САЗ дала рэкамэндацыі, што трэба рабіць, калі чхаеш ці кашляеш. Трэба ў месца локцевай ямкі, калі няма насоўкі, чхнуць ці кашлянуць. Калі ёсьць насоўка, лепей аднаразовая, то пасьля таго як чхнуў, выкінуць яе. Памый рукі паўсюль, дзе ёсьць магчымасьць. Калі пачуваесься дрэнна, надзень маску. Гэта агульныя прафіляктычныя захады для кожнай віруснай інфэкцыі. Я бачу, што нашыя людзі, за якімі назіраю, гэтага не выконваюць. Ходзяць хворыя на працу. Чаго ты ідзеш на працу і там і ў грамадзкім транспарце ўсіх заражаеш?

«Дзяцей гэта ня моцна тычыцца»

— Паводле паведамленьняў спэцыялістаў, найбольшую небясьпеку каранавірусная інфэкцыя нясе пажылым людзям, а таксама што мужчыны больш уразьлівыя на яе ў параўнаньні з жанчынамі і дзецьмі. Чаму? Ці гэтая заканамернасьць пашыраецца на іншыя вірусы?

Максім Ачарэтні
Максім Ачарэтні

— Пра мужчын не магу сьцьвярджаць, а пажылыя людзі сапраўды больш уразьлівыя. Чаму мужчыны? Мо таму, што яны меней жывуць, чым жанчыны. У чалавека ёсьць такі бялок-фэрмэнт АПФ (ангіятэнзін-ператваральны фэрмэнт). Ёсьць думка, што ён зьяўляецца рэцэптарам да каранавірусу. Каб вірус пачаў заражаць, яму трэба ў клетку чалавека ці жывёліны пранікнуць. Пераносчыкам якраз і будзе гэты бялок АПФ. Лічыцца, што з узростам яго актыўнасьць павялічваецца, і адпаведна ў пажылым узросьце ён вельмі актыўны, і адпаведна вірус як «на санках» можа пранікаць у арганізм дзякуючы актыўнасьці гэтага бялку. Гэта яшчэ вывучаецца, але як варыянт разглядаецца. Таму дзяцей гэта ня моцна тычыцца, адрозна ад старых людзей.

— Дактары вельмі крытычна ставяцца да руху «антыпрышчэпнікаў». Як вы думаеце, калі знойдуць вакцыну ад каранавірусу, ці гэта паўплывае на ворагаў прышчэпак? Ці варта цяпер рабіць прышчэпкі ад грыпу, каб засьцерагчыся?

— Вострыя рэсьпіраторныя захворваньні могуць быць вірусныя і бактэрыяльныя. Вірусы, якія найчасьцей ходзяць, — гэта грып, парагрып, РС-вірус, той жа каранавірус ходзіць на ўсіх краінах. Я ня маю на ўвазе COVID-19. Ёсьць маса іншых каранавірусаў. Бактэрыя, якая найчасьцей выклікае хваробы ў кожны прастудны сэзон, — гэта пнэўмакок. Клінічныя праявы, асабліва на пачатку хваробы — аднолькавыя. Калі чалавек захварэе адначасова і на каранавірусную інфэкцыю, і на грып, то адпаведна праявы будуць значна цяжэйшыя. А ад грыпу і ад пнэўмакоку існуе вакцына. Таму лепей правесьці прафіляктыку і імунізацыю.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG