Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы ЭЗ: Расея распаўсюджвае фэйкі пра каранавірус на некалькіх мовах краінаў ЭЗ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пракрамлёўскія акаўнты ў сацсетках і расейскія пракрамлёўскія СМІ вядуць «кампанію па дэзынфармацыі» на некалькіх мовах краінаў ЭЗ і спрабуюць нагнятаць «сумнеў, паніку і страх» і падарваць давер грамадзтва да сыстэм аховы здароўя краінаў ЭЗ.

Пра гэта заявіла Эўрапейская служба зьнешнепалітычнай дзейнасьці (EEAS), якая сумяшчае ў ЭЗ функцыі зьнешнепалітычнага ведамства і рэалізуе агульную для Зьвязу палітыку бясьпекі і абароны. Яе даклад цытуе газэта The Financial Times.

Па зьвестках ведамства, з 22 студзеня па 10 сакавіка ў Эўразьвязе было выяўлена амаль 80 прыкладаў дэзынфармацыі пра захворваньне COVID-19, як ад прыватных акаўнтаў, так і ад акаўнтаў прарасейскіх арганізацый.

Экспэрты EEAS падкрэсьліваюць, што ў кампаніі былі задзейнічаны фэйкавыя акаўнты, якія раней распаўсюджвалі ілжывыя паведамленьні аб сытуацыі ў Сырыі і пратэстах «жоўтых камізэлек» у Францыі.

Карыстальнікі гэтых акаўнтаў публікуюць фэйкавыя навіны на ангельскай, нямецкай, гішпанскай, італьянскай і францускай мовах. У Італіі акаўнты задавалі грамадзянам краіны пытаньні: ці змогуць італьянскія і мясцовыя органы ўлады справіцца з крызісам у галіне аховы здароўя і недахопам абсталяваньня ў бальніцах. Гішпанскія акаўнты ў сваю чаргу падкрэсьлівалі, што ў адрозьненьне ад мясцовых уладаў, Расея і асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін спраўляюцца з распаўсюдам каранавірусу ў сваёй краіне.

Акрамя сацсетак у кампаніі былі задзейнічаныя і прарасейскія навінныя рэсурсы.

Адзін навінны сайт з малдаўскім URL і паведамленьнямі на расейскай мове 4 сакавіка выказаў здагадку, што ўспышка каранавірусу была «хлусьнёй».

У Армэніі мясцовая служба расейскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Спутник» працытавала «экспэрта», які заявіў, што ўспышка вірусу не была выпадковасьцю. Паводле яго, яна была створана сакрэтнымі элітамі, такімі як ЦРУ, сусьветны ўрад ці амэрыкана-вугорскі мільярдэр Джордж Сорас для стварэньня новага эканамічнага крызісу і кантролю за розумамі людзей.

Пры гэтым у іншых пракрамлёўскіх СМІ меркавалася, што пандэмія «менш шкодная, чым сэзонны грып».

«Кампанія была закліканая павялічыць паніку і страх, а таксама прадухіліць доступ людзей да надзейнай інфармацыі пра каранавірус і прыманыя захады грамадзкай бясьпекі, — цытуе даклад Financial Times. — Гэта частка больш шырокай стратэгіі, якую выкарыстоўвае Крэмль: яна заключаецца ў спробе падарваць эўрапейскія грамадзтва знутры, выкарыстоўваючы існуючыя ўразьлівасьці і супярэчнасьці. Пры гэтым пракрамлёўскія агенцтва па дэзынфармацыі не спрабуюць „прадаць ідэю“, а хутчэй уводзяць у зман аўдыторыю, у той час як журналісты з аўтарытэтных навінных агенцтваў старанна правяраюць і пераправяраюць крыніцы і дадзеныя ».

На думку экспэртаў EEAS, мэтай кампаніі было «пагоршыць крызіс у сфэры аховы здароўя ў заходніх краінах», у прыватнасьці «падарваць грамадзкі давер да нацыянальных сыстэмаў аховы здароўя» і тым самым «перашкодзіць эфэктыўнаму адказу на распаўсюд» захворваньняў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG