Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як змагаюцца са свабодай інтэрнэту і як сацсеткі выкарыстоўваюць супраць дэмакратыі: даклад Freedom House


Колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў са свабодным (зялёны колер), часткова свабодным (жоўты) і несвабодным (сіні) доступам да інтэрнэту ў 2017 годзе паводле Freedom House.
Колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў са свабодным (зялёны колер), часткова свабодным (жоўты) і несвабодным (сіні) доступам да інтэрнэту ў 2017 годзе паводле Freedom House.

Міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала чарговы даклад аб свабодзе ў інтэрнэце: Freedom of the Net 2017.

Свабода ў інтэрнэце зьмяншаецца сёмы год запар, часьцейшымі становяцца адключэньні мабільнага інтэрнэту (у тым ліку з палітычных прычынаў і ў раёнах пражываньня этнічных ці рэлігійных меншасьцей), фізычныя і тэхнічныя атакі на незалежныя мэдыі і актывістаў.

Найгоршым ворагам свабоды ў інтэрнэце застаецца трэці год запар Кітай, сьледам ідуць Сырыя і Эфіёпія. 36% насельніцтва Зямлі жыве без свабоды ў інтэрнэце (у ліку такіх і Беларусь). Цалкам свабодны доступ да інтэрнэту ёсьць толькі ў 23% (Заходняя Эўропа, ЗША, Канада, Аргентына, Паўднёвая Афрыка, Аўстралія...). Найбольш свабоды ў карыстальнікаў з Эстоніі і Ісьляндыі.

Фэйкі, узломы, блякаваньні — што новага?

За мінулы год, паводле дакладу, анлайн-маніпуляцыя інфармацыяй і дэзынфармацыя мелі вялікую ролю ў выбарах кіраўніцтва 18 дзяржаваў (у тым ліку ЗША). «Фэйкавымі навінамі» (хлусьлівымі або толькі часткова праўдзівымі) і акаўнтамі-ботамі, якія ствараюць бачнасьць падтрымкі фэйкаў і праўладных думак, карыстаюцца ня толькі Кітай і Расея, а, паводле дакладу, тры дзясяткі краінаў, у тым ліку Вэнэсуэла, Мэксыка, Турэччына.

Непраўдзівыя навіны і правакацыйныя камэнтары могуць рассылаць і сапраўдныя — але ўзламаныя — акаўнты вядомых асобаў (як то было зь Міколам Статкевічам і яго жонкай напярэдадні Дня Волі).

10 спосабаў распазнаць хлусьню ў сетках і прэсе. Інструкцыя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:05 0:00

Усё больш краінаў (34 сёлета супраць 25 летась) ужываюць хакерскія атакі на СМІ і ўзломы старонак палітычных актывістаў. Мэдыі «затыкаюць» DDoS-атакамі — у Вэнэсуэле пад такую атаку трапіла нават арганізацыя падтрымкі людзей з ВІЧ/СНІД, якая інфармавала людзей пра распаўсюд лекаў.

Некаторыя ўрады цяпер блякуюць жывыя відэатрансьляцыі (стрымы) або доступ да мабільнага інтэрнэту падчас палітычных акцыяў, адкуль спрабуюць весьці стрымы (апошняе было ў тым ліку ў Беларусі, у час акцыяў сувязь абрывалася), а відэаблогераў штрафуюць і садзяць за краты. Некаторыя робяць хітрэй: напрыклад, пасьля таго, як Зімбабвэ разблякавала доступ да мэснджэру WhatsApp, урад падвысіў цэны на мабільны інтэрнэт у пяць раз.

Шэраг краінаў змагаецца са сродкамі ананімнасьці ў інтэрнэце (у Беларусі яны юрыдычна забароненыя, але блякаваньне Tor дала адваротны эфэкт — ім пачалі часьцей карыстацца). Некаторыя ўрады (у тым ліку Расея і Вялікая Брытанія) патрабуюць ад кампаніяў даваць сродкі расшыфроўкі перапіскі — рабіць «бэкдоры» («чорныя хады») ў шыфравальных альгарытмах.

Але некаторыя краіны блякуюць частку інтэрнэту як адказ на фэйкі і маніпуляцыі — як то зрабіла Ўкраіна з расейскімі сацсеткамі і сэрвісамі. Freedom House называе гэта «трывожнай тэндэнцыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG