Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзём пешкі з рэчамі з аэрапорту». Беларусаў не пусьцілі ў самалёт да Масквы з Гоа


Ілюстрацыйнае фота. Індыйская паліцыя на варце ў аэрапорце Бэгумпэт, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Індыйская паліцыя на варце ў аэрапорце Бэгумпэт, 2016 год

Усе яны мелі квіткі на гэты рэйс, але турапэратар кажа, што ў іх няма віду на жыхарства ў Расеі. Адказнасьць за іхны лёс ён таксама зь сябе здымае, бо Расея закрыла межы з прычыны пандэміі каранавірусу.

«Ахова з аўтаматамі выгнала нас з аэрапорту. Мы чакалі рашэньня нашага консула, які абяцаў прыслаць трансфэр ці пасяліць у гатэль. У выніку мы нічога не дачакаліся. Цяпер мы падзяліліся на дзьве групы і накіраваліся шукаць жытло. На сувязь з намі не выходзяць ні турапэратар, ні авіякампанія, якая нас не забрала», — расказаў карэспандэнту Свабоды Галей, адзін з турыстаў.

Беларускія турысты ў індыйскім аэрапорце Дабалім 18 сакавіка
Беларускія турысты ў індыйскім аэрапорце Дабалім 18 сакавіка

23 турысты зь Беларусі не змаглі вылецець 18 сакавіка з індыйскага аэрапорта Дабалім (штат Гоа) у маскоўскі аэрапорт Унукава рэйсам FV5884. Пуцёўкі яны набывалі ў расейскага турапэратара «Библио-Глобус».

Сярод турыстаў дзеці ва ўзросьце 2 гадоў і сталая жанчына з гіпэртаніяй.

«Пры праходжаньні рэгістрацыі нам усім адмовілі ў рэгістрацыі на рэйс, бо няма нашых білетаў у базе дадзеных. Прычыны нам не патлумачылі. Са слоў работнікаў аэрапорта, нашы квіткі анулявалі. Мы зьвязаліся з прадстаўнікамі турфірмы, але яны зьнялі зь сябе ўсю адказнасьць і накіравалі ў амбасаду Беларусі ў Індыі».

Турысты выйшлі на сувязь з консулам Алегам Вансяком. За 5 гадзін да вылету ім прыйшло паведамленьне, каб набылі транзытныя білеты праз Маскву ў Менск. Аднак ужо з такімі наяўнымі квіткамі на рэйс FV5884 іх не пусьцілі, сказаў Свабодзе беларускі турыст.

«Адпачынак скончыўся, грошай на пражываньне няма, ежы і вады нам не прапаноўваюць. Усім трэба на працу і да родных, людзі на ўзводзе і на мяжы зрыву. Просім умяшацца ў сытуацыю, якая склалася, і экстрана дапамагчы сваім грамадзянам», — сказаў ён.

Пасьля таго, як беларускіх турыстаў папрасілі пакінуць будынак аэрапорта, яны пайшлі шукаць жытло. Група з 13 чалавек, у якой быў турыст, які зьвязаўся з карэспандэнтам Свабоды, ішла пешкі з рэчамі да найбліжэйшага паселішча.

«Спадзяёмся, што МЗС накіруе ноту пратэсту. „Библио-Глобус“ ніяк не рэагуе. Грошы яны вяртаць ня хочуць, ня хочуць выйсьці на сувязь ці прапанаваць нейкія альтэрнатывы. У нас няма грошай, а цэны на жыльлё тут высокія. За пакой просяць 5 тысяч рупій. Будзем шукаць нешта прымальнае».

Расейскі турапэратар: «Расея закрыла межы для замежных грамадзянаў»

Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся ў маскоўскае бюро «Библио-Глобус». Там сказалі, што ніякай адказнасьці за беларускіх турыстаў не нясуць «у такой сытуацыі».

«У такой сытуацыі, паколькі Расея закрыла межы на ўезд для замежных грамадзянаў, турысты могуць быць прынятыя толькі пры наяўнасьці віду на жыхарства. Пры адсутнасьці такога дакумэнта турысты самастойна набываюць білеты з Індыі ў краіну грамадзянства. Калі яны не прадставілі від на жыхарства, то білеты іх анулявалі», — паведаміла прадстаўніца турапэратара.

На кампэнсацыю турысты разьлічваць ня могуць і павінны набыць квіткі за свае сродкі, сказалі ў «Библио-Глобусе».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG