Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Пасьля крытыкі Расеі менскі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя заявіў, што Беларусь выконвае яе рэкамэндацыі

Пасьля крытыкі Расеі менскі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя заявіў, што Беларусь выконвае яе рэкамэндацыі


Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) апублікаваў 17 сакавіка заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбы зь ім у Беларусі.

У заяве офіс WHO адзначае, што:

  • выказвае падтрымку і салідарнасьць адносна высілкаў Беларусі ў барацьбе з COVID-19, высока цэніць падыход да гэтай барацьбы з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя;
  • адзначае значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19 з выкарыстаньнем лябараторнай дыягностыкі, а таксама высілкі ў ізаляцыі, аказаньні дапамогі пацыентам і адсочваньні тых, з кім кантактавалі інфікаваныя;
  • вышэй названае — ключавыя захады, рэкамэндаваныя WHO дзеля спыненьня перадачы і прадухіленьня распаўсюду каранавірусу;
  • улады Беларусі адкрытыя ў абмене зьвесткамі пра COVID-19 і своечасова прадстаўляюць справаздачы ў WHO адпаведна міжнародным правілам;
  • міністэрства здароўя Беларусі рэгулярна дае насельніцтву зьвесткі пра разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 і рэкамэндацыі аб захадах абароны;
  • у адсутнасьць у Беларусі некантраляванай перадачы новага каранавірусу захады, што прымаюць улады, адпавядаюць рэкамэндацыям WHO і грунтуюцца на падставе наяўных рызыкаў;
  • пры тым у сьвеце сытуацыя з COVID-19 пагаршаецца, усе краіны мусяць рыхтавацца да далейшага распаўсюду інфэкцыі, адэкватна ацэньваць узровень пагрозаў і ведаць, што ўнівэрсальнага падыходу не існуе;
  • абмежаваньні на перасоўваньне людзей і тавараў падчас надзвычайных сытуацыяў у ахове здароўя «ў большасьці выпадкаў» ня ёсьць эфэктыўным захадам і «можа адцягнуць рэсурсы ад іншых мерапрыемстваў», пацягнуць збоі ў дастаўцы неабходнай дапамогі, парушыць дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня і нэгатыўныя наступствы для эканомікі і грамадзтва.

Днём раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея палае ад каранавірусу», а ва ўрадзе Расеі адказалі, што «Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».

Па стане на 17 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 36 выпадкаў COVID-19. Трох пацыентаў ужо выпісалі, рыхтуюцца выпісаць яшчэ некалькіх. Новых выпадкаў за мінулы дзень не зафіксавалі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG