Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа аб гандлі зброяй у Баранавічах. Палову абвінавачаных вызвалілі ў залі суду па амністыі


Падчас суду ў Баранавічах 10 верасьня
Падчас суду ў Баранавічах 10 верасьня

Судзьдзя чытала рэзалюцыйную частку прысуду больш за гадзіну. Асноўныя фігуранты атрымалі па 11 гадоў пазбаўленьня волі.

Прысуд у справе аб гандлі зброяй у Баранавічах агучыла судзьдзя Баранавіцкага раённага суду Літвінчык 25 лістапада. Справу, у якой абвінавачвалі дзесяць чалавек, разглядалі больш за два месяцы — з 10 верасьня. Першыя затрыманьні адбыліся на пачатку ліпеня 2018 году. Да пачатку працэсу абвінавачаныя ўжо былі за кратамі больш як год.

У выніку суд прызнаў віну ўсіх фігурантаў цалкам даказанай. Пры гэтым некаторыя падсудныя не пагадзіліся цалкам з выстаўленымі ім абвінавачаньнямі, а таксама заявілі пра фізычны і псыхалягічны ціск з боку сьледзтва і КДБ.

Падчас суду 10 верасьня
Падчас суду 10 верасьня

Асноўныя фігуранты — Дзьмітры Кульжык і Юры Марчанка — атрымалі па 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у 50 базавых велічыняў кожны. Іх пазбавілі вайсковых званьняў старэйшых прапаршчыкаў. Паводле прысуду, Кульжык таксама мусіць вярнуць дзяржаве 12 461 рубель, суму, якую ён зарабіў на крадзяжы і гандлі зброі са сваёй вайсковай часткі. Марчанка павінен вярнуць 2262 рублі. У дадатак абвінавачаныя маюць аплаціць судовыя выдаткі.

Акрамя Кульжыка і Марчанкі да рэальных тэрмінаў зьняволеньня суд прыгаварыў яшчэ траіх фігурантаў — былога міліцыянта маёра Аляксандра Веку (7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму), беспрацоўнага Мікалая Дзямідава (5 гадоў) і старэйшага лейтэнанта Максіма Новікава (4 гады). Усіх асуджаных пазбавілі вайсковых званьняў (Веку — званьня маёра міліцыі).

Пры гэтым з прысудам не пагадзіўся толькі былы міліцыянт Аляксандар Века. «Мяне судзілі за тое, чаго я не рабіў», — заявіў ён суду.

Яшчэ пяцёра фігурантаў вызваленыя ў залі суду праз амністыю з нагоды 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Усе яны атрымалі тэрміны ад 2 гадоў 3 месяцаў пазбаўленьня волі да 2 гадоў 6 месяцаў. Абвінавачаны старэйшы прапаршчык Грынкевіч-Суднік паводле рашэньня суда атрымаў 4 гады абмежаваньня волі.

Усе, каго вызвалілі з-пад варты ў залі суду, паводле сьледзтва незаконна набывалі і перамяшчалі зброю (пісталеты Макарава, аўтаматы Калашнікава, боепрыпасы да іх і іншае), аднак не былі замяшаныя ў арганізацыі крадзяжу зброі з вайсковай часткі.

Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён. Судзьдзя Літвінчык таксама абавязала камандаваньне вайсковай часткі, адкуль цягам двух гадоў кралі зброю і боепрыпасы, зрабіць захады, каб такога больш не было.

Сьцісла пра справу

Судовы працэс у справе аб крадзяжы зброі і гандлі ёю ішоў два з паловай месяцы. На адным з паседжаньняў судзьдзя пастанавіла прыпыніць працэс, бо шэраг абвінавачаных заявілі пра зьбіцьцё і псыхалягічны ціск з боку супрацоўнікаў КДБ, контравыведкі, Сьледчага камітэту, а таксама вайсковай часткі 29969, адкуль, паводле сьледзтва, выкрадалі зброю. У выніку пракуратура пастанавіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы паводле заяваў абвінавачаных адмовіць, бо агучаныя імі факты фізычнага і псыхалягічнага ціску ня мелі пацьверджаньня.

Толькі пералік даказаных, на думку дзяржаўнага абвінавачваньня, злачынстваў абвінавачаных заняў у пракурораў больш за 2,5 гадзіны. Паводле дзяржаўных абвінаваўцаў, некаторыя зь іх актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам, расказвалі акалічнасьці ўчыненьня злачынстваў, называлі імёны іншых удзельнікаў, паказвалі месцы захоўваньня скрадзенай зброі.

Затрыманьні ў справе аб крадзяжы зброі з баранавіцкай вайсковай часткі № 29969 адбыліся ў ліпені 2018 году. У мэдыя інфармацыя трапіла на пачатку жніўня. Тады ж стала вядома імя аднаго з затрыманых, Дзьмітрыя Кульжыка. Летам 2018 году ён служыў па кантракце і займаў пасаду кіраўніка вайсковага складу. Разам зь ім на лаве падсудных Юры Марчанка, які да сярэдзіны лета мінулага году быў кіраўніком аддзелу матэрыяльнага забесьпячэньня той самай вайсковай часткі. Паводле матэрыялаў папярэдняга сьледзтва, агучаных у першы дзень працэсу, менавіта гэтыя два чалавекі выкрадалі і прадавалі зброю.

560 даляраў за чатыры пісталеты Макарава

29 кастрычніка на працэсе агучылі паказаньні аднаго з абвінавачаных, якога няма ў залі. Гэта грамадзянін Беларусі Хмяльніцкі. Летам 2018 году яго затрымалі на тэрыторыі Расеі, дзе ён знаходзіцца пад вартай дагэтуль. Беларусь афіцыйна папрасіла экстрадыцыі Хмяльніцкага, аднак расейскі бок адмовіў. На гэты момант Хмяльніцкі атрымаў адтэрміноўку ў экстрадыцыі. У залі суду зачытвалі матэрыялы допытаў, якія праводзілі з Хмяльніцкім на тэрыторыі Расеі супрацоўнікі ФСБ.

Паводле гэтых дакумэнтаў, абвінавачаны Хмяльніцкі восеньню і зімой 2017 году набыў у іншага фігуранта справы, Дзямідава, чатыры пісталеты Макарава і патроны да іх, за што заплаціў агулам 46 тысяч расейскіх рублёў (каля 1400 беларускіх рублёў. — РС).

«Я жыву ў Расеі даўно, прыяжджаю часам у Баранавічы, Дзямідава ведаю даўно, — агучыў пракурор паказаньні затрыманага расейскім ФСБ фігуранта. — Спачатку ён прапанаваў мне набыць два пісталеты і патроны да іх. Я заплаціў за гэта 23 тысячы расейскіх рублёў. Потым яшчэ два пісталеты. Зброю я забіраў падчас сустрэчаў зь Дзямідавым у Баранавічах, затым адвёз на сваім аўтамабілі ў Расею. Усе пісталеты былі ў мяне, я не перапрадаваў іх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG