Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісталет Макарава за 250 даляраў, «калашнікавы», артылерыйскі снарад. У Баранавічах судзяць за крадзеж і гандаль зброяй


У Баранавічах ідзе суд у справе аб крадзяжы і гандлі зброяй. На лаве падсудных 10 чалавек
У Баранавічах ідзе суд у справе аб крадзяжы і гандлі зброяй. На лаве падсудных 10 чалавек

На лаве падсудных 10 чалавек. Сярод абвінавачаных вайскоўцы, міліцыянт, цывільныя спэцыялісты і беспрацоўныя. Сьледзтва цягнулася амаль год.

Абвінавачаньне зачытвалі больш за дзьве гадзіны

Працэс 10 верасьня ў Баранавіцкім судзе пачаўся зь невялікім спазьненьнем. У адмысловай клетцы хапіла месца ня ўсім абвінавачаным. Дваіх зь іх пасадзілі побач з канваірамі, аднаго пры гэтым прыкавалі да міліцыянта кайданкамі. Акрамя абвінавачаных, у залю зайшлі дзесяць адвакатаў, тры пракуроры і больш за дваццаць гледачоў, сярод іх родныя абвінавачаных. Пасьля азнаямленьня са складам прысутных у залі судзьдзя Літвінчык папрасіла пракурораў зачытаць абвінавачаньне. Гэта заняло больш за дзьве гадзіны.

Пра крадзяжы зброі і боепрыпасаў у адной з вайсковых частак Баранавічаў стала вядома 6 жніўня 2018 году. Пазьней факт крадзяжу пацьвердзілі ў Мінабароны і Сьледчым камітэце. 8 жніўня СК паведаміў пра затрыманьне 14 чалавек. Ініцыятарам крымінальнай справы стаў камандзір часткі.

Як стала вядома Свабодзе ў канцы восені 2018 году, у справе аб крадзяжы зброі з вайсковай часткі Баранавічаў было затрымана каля 20 чалавек. Некаторых затрымлівалі на тэрыторыі Расеі. Вясной і летам 2019 году прайшло некалькі судовых працэсаў, зьвязаных з крадзяжом вайсковай агнястрэльнай зброі. Пра іх СМІ даведаліся ўжо пасьля вынясеньня прысудаў. Разгляд, які пачынаецца ў судзе Баранавічаў 10 верасьня, стане асноўным у гэтай справе.

Пісталеты за 250 даляраў

Згодна з дадзенымі папярэдняга сьледзтва, агучанымі пракурорамі падчас першага дня паседжаньня, усе эпізоды з крадзяжамі зброі з вайсковай часткі датычаць 2017 і 2018 гадоў. Аднымі з асноўных фігурантаў працэсу зьяўляюцца Юры Марчанка, які загадваў аддзелам матэрыяльнага забесьпячэньня вайсковай часткі, і былы міліцыянт Баранавіцкага РУУС маёр Аляксандар Века.

Прыкладна палова з агучаных пракурорамі злачынных эпізодаў датычыць дзеяньняў гэтых дзьвюх асобаў. Паводле матэрыялаў сьледзтва, Аляксандар Века неаднаразова набываў у Юрыя Марчанкі пісталеты Макарава і патроны да іх. Таксама сьледзтву вядомыя факты набыцьця былым міліцыянтам вінтоўкі і злачыннай змовы з Марчанкам, мэтай якой быў продаж аўтамата Калашнікава і 120 баявых патронаў да яго.

З матэрыялаў сьледзтва вядома, што маёр Аляксандар Века плаціў Юрыю Марчанка ад 250 да 600 даляраў за кожны зь пісталетаў Макарава, якія атрымліваў у вайскоўца. Зброю і боепрыпасы былы міліцыянт захоўваў дома і на лецішчы, перавозіў па Баранавічах і тэрыторыі Ляхавіцкага раёну на аўтамабілі. Перад пачаткам паседжаньня Аляксандар Века заявіў судзьдзі, што не давярае складу суду.

«Я ўвогуле нікому не давяраю, — сказаў Века. — Вам у тым ліку».

«Знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня, зрабіў ня менш за 20 стрэлаў»

Акрамя былога міліцыянта Аляксандра Века і вайскоўца Юрыя Марчанкі, на лаве падсудных былы загадчык склада вайсковай часткі Дзьмітры Кульжык, некалькі беспрацоўных, былыя супрацоўнікі беларускага філіялу расейскай транспартнай кампаніі, былыя вайскоўцы. Паводле матэрыялаў справы, агучаных пракурорамі, усе яны ў рознай ступені датычныя да незаконнага набыцьця, захоўваньня і перамяшчэньня зброі і выбуховых рэчываў.

У прыватнасьці, вайсковы тэхнік Максім Норыкаў абвінавачваецца ў тым, што захоўваў у сябе дома, а таксама на ўласным лецішчы выбуховыя рэчывы, у тым ліку баявыя гранаты і бяздымны порах. А яшчэ аскепкава-фугасны артылерыйскі снарад.

Як мяркуе сьледзтва, усё гэта (і яшчэ каля сотні патронаў да пісталета Макарава) Норыкаў мог набыць у згаданага вышэй Юрыя Марчанкі. Пры гэтым захоўваньнем зброі Норыкаў не абмяжоўваўся.

«Быўшы ў стане алькагольнага ап’яненьня, у адзін зь дзён траўня 2018 году незаконна перамясьціў агнястрэльную зброю ў лясны масіў, — гаворыцца ў матэрыялах сьледзтва. — Дзе зьдзейсьніў каля 20 стрэлаў».

Акрамя Норыкава, стралянінай зь пісталетаў Макарава ў ваколіцах Баранавічаў займаліся і іншыя абвінавачаныя. У прыватнасьці, беспрацоўны Мікалай Чорны.

Паводле справы, злачынная дзейнасьць, зьвязаная зь незаконным абарачэньнем агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, працягвалася як мінімум з 2017 году і была спыненая праваахоўнымі органамі ў ліпені 2018-га. Большасьць эпізодаў датычыць незаконнага гандлю, захоўваньня і перамяшчэньня пісталетаў Макарава, а таксама патронаў да іх. Акрамя гэтага, у матэрыялах справы фігуруюць некалькі аўтаматаў Калашнікава і выбуховыя рэчывы, у тым ліку баявыя гранаты розных сыстэм.

Усе абвінавачаныя былі ў рознай ступені знаёмыя паміж сабой. Таксама вядома як мінімум некалькі выпадкаў няўдалых спробаў продажу зброі, меркаваныя пакупнікі праходзяць у справе ў якасьці сьведак, іх плянуецца дапытваць у іншыя дні.

Важныя факты пра справу аб гандлі зброяй у Баранавічах

Адзін зь фігурантаў справы — 24-гадовы прапаршчык Дзьмітры Кульжык, які, паводле папярэдняй інфармацыі, выносіў зброю з тэрыторыі часткі. Родныя Дзьмітрыя ягоную віну катэгарычна адмаўляюць. Маці Дзьмітрыя Ларыса пра затрыманьне сына даведалася толькі празь пяць дзён, калі да яе зь ператрусам прыехала сьледчая група.

Сярод тых, каго пачынаюць судзіць у аўторак 10 верасьня, акрамя начальніка склада Кульжыка, таксама кіраўнік сталоўкі, опэрупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку, кіроўца-экспэдытар, авіяцыйны тэхнік, сьлесар рамонту аўтамабіляў, тэхнік і тры беспрацоўныя.

Яны абвінавачваюцца паводле розных частак артыкулаў 211 (прысваеньне альбо растрата маёмасьці), 294 (крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), 295 (незаконныя дзеяньні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі), 296 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні халоднай зброі), 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG