10 верасьня ў баранавіцкім раённым судзе пачалі разглядаць справу аб крадзяжы, незаконным захоўваньні, перамяшчэньні і гандлі зброяй. На лаве падсудных 10 чалавек.
Сярод іх былыя вайскоўцы, адзін опэрупаўнаважаны, беспрацоўныя і супрацоўнікі транспартных фірмаў. Крымінальная справа займае 63 тамы, яе вядуць адразу тры дзяржаўныя абвінаваўцы. У першы дзень разгляду пракуроры так і ня здолелі цалкам агучыць зьмест абвінавачваньня. Аднак асноўныя моманты злачынстваў сталі зразумелымі.
Зброю з вайсковай часткі выносілі два чалавекі
Затрыманьні ў справе аб крадзяжы зброі з баранавіцкай вайсковай часткі № 29969 адбыліся ў ліпені 2018 году. У СМІ гэтая інфармацыя трапіла на пачатку жніўня.
Тады ж стала вядома імя аднаго з затрыманых — Дзьмітрыя Кульжыка. Летам 2018 году ён служыў па кантракце і займаў пасаду кіраўніка вайсковага склада. Разам зь ім на лаве падсудных знаходзіцца Юры Марчанка, які да сярэдзіны лета мінулага году быў кіраўніком аддзелу матэрыяльнага забесьпячэньня той самай вайсковая часткі.
Паводле матэрыялаў папярэдняга сьледзтва, агучаных у першы дзень працэсу, менавіта гэтыя два чалавекі займаліся крадзяжом і продажам зброі.
Як вынікае з агучаных пракурорамі матэрыялаў, асноўная роля ў злачыннай схеме належала Дзьмітрыю Кульжыку. Узгадніўшы папярэдне свае дзеяньні з Юрыем Марчанкам, ён выносіў з падпарадкаванага яму вайсковага склада
- пісталеты Макарава,
- аўтаматы Калашнікава,
- гранаты і запалы да іх,
- як мінімум адзін падствольны гранатамёт з зарадамі да яго,
- аптычныя прыцэлы,
- баявыя патроны да пісталетаў і аўтаматаў.
Паводле тых жа матэрыялаў справы, такая злачынная дзейнасьць працягвалася з 2016 году да ліпеня 2018-га, практычна да моманту затрыманьня. Загадчык склада Кульжык мусіў толькі вынесьці зброю з тэрыторыі вайсковай часткі; яе збытам, як сьцьвярджае сьледзтва, займаўся Марчанка.
У агучаных пракурорамі матэрыялах сьцьвярджаецца, што Кульжык самастойна ўскрываў плёмбы на скрынках са зброяй, пасьля чаго проста праносіў яе праз КПП часткі ў асабістых рэчах. Таксама ў матэрыялах справы ёсьць зьвесткі пра некалькі выпадкаў, калі скрадзеную зброю вывозілі на прыпісаным да гэтай жа часткі грузавіку МАЗ.
Перадача скрадзеных пісталетаў, аўтаматаў ды іншага адбывалася проста ля агароджы часткі, найчасьцей у легкавым аўтамабілі Юрыя Марчанка.
Скралі дзесяткі пісталетаў Макарава і каля дзесяці «калашнікавых»
Пра агульную колькасьць скрадзенай з часткі № 29969 зброі пакуль гаварыць рана — матэрыялы справы яшчэ агучаныя ня цалкам. У першы дзень суду дзяржаўныя абвінаваўцы пералічылі
- як мінімум 27 выпадкаў крадзяжу пісталетаў Макарава,
- 8 — аўтаматаў Калашнікава,
- 1 падствольнага гранатамёта,
- некалькіх аптычных прыцэлаў,
- як мінімум некалькіх тысяч патронаў да пісталетаў і аўтаматаў.
Паводле агучаных пракурорамі зьвестак, сьледзтва далёка не заўсёды змагло высьветліць дакладныя даты крадзяжоў і перадачы зброі іншым асобам. У залі суду гучалі толькі прыкладныя даты накшталт «у пэрыяд з траўня па ліпень 2018 году». Уся скрадзеная зброя захоўвалася на падначаленым Дзьмітрыю Кульжыку складзе.
Пісталеты Макарава, якія фігуруюць у матэрыялах сьледзтва, былі выпушчаныя пераважна ў 60-х. Аўтаматы Калашнікава — у 80-х гадах мінулага стагодзьдзя.
Разьлікі за скрадзеную з вайсковай часткі зброю, як лічыць сьледзтва, Юрый Марчанка вёў зь Дзьмітрыем Кульжыкам пераважна адразу пасьля перадачы зброі, у сваім уласным аўтамабілі. У матэрыялах справы фігуруюць сумы ў далярах і рублях. У першы дзень паседжаньня дзяржаўныя абвінаваўцы агучылі такія сумы:
- 130 даляраў за аптычны прыцэл (яго сапраўдная цана складае 869 рублёў),
- 100 рублёў за 10 армейскіх выбуховых пакетаў,
- 250 даляраў за падствольны гранатамёт і 5 гранат да яго,
- 1600 рублёў за аўтамат Калашнікава.
У гандаль зброяй быў уцягнуты опэрупаўнаважаны Баранавіцкага РУУС
Пасьля першага дня разгляду справы незразумела, што адбывалася са скрадзенай зброяй далей і куды накіроўваліся дзясяткі пісталетаў Макарава і тысячы патронаў. З агучаных пракурорамі дакумэнтаў вынікае, што Юры Марчанка як мінімум частку скрадзенага перадаваў опэрупаўнаважанаму Баранавіцкага РУУС Аляксандру Веку.
Напрыклад, у справе фігуруюць сумы памерам 250 даляраў, за якія Века нібыта набываў пісталеты Макарава ў Марчанкі. Дзейнасьці былога міліцыянта прысьвечана не адна старонка абвінавачваньня. Там апісаныя дзясяткі эпізодаў перамяшчэньня, захоўваньня і нават выкарыстаньня скрадзенай зброі.
Таксама, паводле дзяржаўных абвінаваўцаў, менавіта опэрупаўнаважаны займаўся пошукам патэнцыйных кліентаў. Апісаны як мінімум адзін эпізод зь няўдалай спробай прадаць аўтамат Калашнікава і 120 патронаў да яго.
Акрамя Векі, скрадзеная з вайсковага склада зброя трапляла і да 8 іншых асобаў. Усе яны атрымлівалі зброю, захоўвалі ў сябе і перавозілі яе. А ў некаторых выпадках выкарыстоўвалі. У тым ліку быўшы ў стане алькагольнага ап’яненьня і нават у прысутнасьці іншых асобаў.
У прыватнасьці, пракуроры агучылі выпадак выкарыстаньня пісталета Макарава абвінавачаным Мікалаем Дзямідавым, які да затрыманьня ў ліпені 2018 году працаваў кіроўцам. Паводле матэрыялаў справы, ён учыніў страляніну з набытага ў Юрыя Марчанкі пісталета Макарава ў прысутнасьці людзей, калі знаходзіўся ў адным з дамоў у Баранавіцкім раёне. Пры гэтым нікога не параніў, аднак нанёс шкоду маёмасьці. Пісталет у яго забралі відавочцы.
Перад пачаткам працэсу сваё стаўленьне да суду выказаў толькі былы міліцыянт Аляксандар Века. Ён заявіў, што ня верыць ня толькі судзьдзі і пракурорам, але і ўвогуле нікому. Разгляд справы працягваецца.