Газэта The New York Times расказвае пра рэдкую хваробу, якую можа выклікаць звычайны ложак у нашай спальні.
Газэта расказвае пра выпадак, які здарыўся ў Шатляндыі ў 2016 годзе.
Тады да лекары па месцы працы зьвярнуўся супрацоўнік, які тры апошнія месяцы адчуваў вялікую стомленасьць і задышку.
Лекар зрабіў выснову, што ў пацыента інфэкцыі ў ніжніх дыхальных шляхах і выпісаў яму адпаведныя лекі. Хутка пацыент паправіўся, але неўзабаве зноў мусіў узяць бальнічны на 14 дзён.
Тады лекар зрабіў паглыбленае дасьледаваньне. Узяў аналіз крыві, праверыў функцыю нырак і печані, зрабіў рэнтген лёгкіх. Вынікі былі нармальныя.
Тады лекар пазваніў свайму калегу пульманолягу ў шпіталі — доктару Оўэну Дэмпсі. Дэмпсі, у сваю чаргу пазваніў пацыенту і распытаў яго пра абставіны хваробы і жыцьця. Пытаньні тычыліся хатніх жывёл, цьвілі і т. д. Пацыент адказаў, што мае ката і сабаку, а цьвілі троху ёсьць у ванным пакоі. Тады Дэмпсі спытаўся, якія ў пацыента пасьцельныя прыналежнасьці, у прыватнасьці, коўдра і падушка. Пацыент вельмі зьдзівіўся, але адказаў, што ў мінулым годзе атрымаў у падарунка пуховыя коўдру і падушку.
Пацыента запрасілі ў бальніцу і зрабілі больш паглыбленае абсьледаваньне. Вынікі паказалі, што ў яго крыві былі антыцелы да пуху з птушыных пер’яў. А хвароба пацыента называлася гіпэрадчувальным пнэўманітам. Апроч птушынага пуху яе выклікаюць аэразольныя бактэрыі і грыбы.
Пасьля таго, як пацыент замяніў пуховыя коўдру і падушку на гіпаалергенныя, і курсу антыалергічнага лячэньня хвароба зьнікла.
Праблема ў тым, што гэтую хваробу вельмі цяжка дыягнаставаць і цяжка знайсьці яе прычыны. Гіпэрадчувальны пнэўманіт сустракаецца вельмі рэдка, але можа быць дастаткова каварным. Калі яго не лячыць і не кантраляваць, то ён можа прывесьці да ўтварэньня рубцоў ў лёгкіх.
На заканчэньне The New York Times прыводзіць словы доктара Дэмпсі, які кажа, што з увагі на рэдкасьць такой формы пнэўманіту ніхто не павінен баяцца пуховых пасьцельных прыналежнасьцяў і адмаўляцца ад іх. Але, разам з тым, калі ў вас зьяўляюцца праблемы з задышкай і стомленасьцю, варта зьвярнуцца да лекара і зрабіць паглыбленае дасьледаваньне.