Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыцыянэры і здароўе


Як кандыцыянэры уплываюць на стан здароўя? Гэтае пытаньне часта ўзьнікае ў людзей пераважна сталага веку. Прычым мова ідзе ня толькі пра хатнія ці офісныя прылады, але і пра аўтамабільныя кандыцыянэры.

Для здаровых людзей кандыцыянэр бясьпечны

Па вялікім рахунку кандыцыянэр — рэч бясьпечная, калі мы карыстаемся ім разумна і не настаўляем яго так, каб розьніца паміж тэмпэратурай у памяшканьні (машыне) і на вуліцы была вельмі вялікай.

Лічыцца, што розьніца паміж гэтымі тэмпэратурамі не павінна быць больш за чатыры-пяць градусаў, бо ў гэтым дыяпазоне нашаму арганізму не патрабуюцца высілкі па адаптацыі.

Таксама мы б раілі не карыстацца кандыцыянэрамі ў начны час. Калі стаіць сьпякота і ноччу паветра не ахалоджваецца дастаткова, дык памяшканьне лепш ахалодзіць перад сном, а потым пры неабходнасьці паўтарыць ахалоджваньне некалькі разоў.

Уплыў на лёгкія

Пры добрым здароўі карыстаньне кандыцыянэрам пераважна не прыносіць нейкай асаблівай шкоды для здароўя. Але ў некаторых выпадках — можа быць шкодным або, прынамсі, выклікаць ня надта прыемныя зьмены самаадчуваньня.

Да такіх станаў адносіцца курэньне ці наяўнасьць хваробы, якая ўзьнікае пасьля працяглага (больш за 20 гадоў) курэньня — хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх. У гэтым выпадку пры празьмернай працы кандыцыянэра, калі вільготнасьць паветра зьніжаецца, можа павялічыцца кашаль за кошт таго, што ў дыхальныя шляхі патрапляе больш сухое паветра.

Сухое паветра раздражняе некаторыя клеткі бронхаў і спараджае выпрацоўку спэцыяльнага сакрэту, які выклікае рэфлекторныя скарачэньні бранхіяльных шляхоў. Як толькі чалавек некаторы час правядзе ў паветры са звычайнай (ня штучнай) вільготнасьцю, стан яго здароўя нармалізуецца.

Уплыў на вочы

Зьніжэньне вільготнасьці паветра кандыцыянэрам можа прывесьці да раздражненьня кан’юнктывы вока, што можа праявіцца сьлёзацячэньнем. Гэтая зьява ў большай ступені характэрная для людзей сталага ўзросту, бо з павелічэньнем узросту зьніжаецца ступень вільготнасьці зьнешніх абалонак вока.

Інфэкцыі

Яшчэ адна небясьпека празьмернага кандыцыяніраваньня паветра палягае ў тым, што нават летам час ад часу здараюцца усплёскі вострых расьпіраторных хваробаў. Таму ня варта забывацца, што ў выніку карыстаньня кандыцыянэрам мы больш дрэнна праветрываем памяшканьні. А гэта садзейнічае затрыманьню хваробатворных мікраарганізмаў.

Колькі гадоў таму ў некаторых краінах быў зарэгістраваны рост захворваемасьці асаблівым відам пнэўманіі, якая атрымала назву хвароба легіянэраў. Вось гэта зьвязваюць якраз з распаўсюджваньнем кандыцыянэраў, якія садзейнічалі канцэнтрацыі вірусаў у памяшканьнях.

Нашы парады

  • не перабольшваць розьніцу паміж тэмпэратурай вонку і ў памяшканьні
  • ноччу карыстацца кандыцыянэрамі эпізадычна
  • не забывацца праветрываць памяшканьне, дзе пастаянна працуе кандыцыянэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG