У нас ужо была гаворка пра патрэбу добра высыпацца, якая дыктуецца чалавечай фізіялёгіяй.
Сёньня вядома, што падчас сну галаўны мозг займаецца тым, што «сканіруе» арганізм і адшуквае непаладкі, якія ўзьніклі ва ўнутраных органах у працягу дня. Мы, напрыклад, не задумваемся, як страўнік перапрацоўвае ежу — гэта робіцца з дапамогай шматлікіх фізіялягічных узаемадзеяньняў, падчас якіх могуць здарацца «памылкі».
Так што для захаваньня здароўя чалавеку трэба высыпацца. Так што славутае выслоўе «сон — лепшае лякарства» мае свой глыбокі сэнс.
Але перашкодзіць нармальнаму сну можа самы звычайны ложак. Вось якія праблемы могуць узьнікнуць пры празьмерна мяккім ложку і нязручнай падушцы.
Остэахандроз
Па-першае, гэта пагроза разьвіцьця остэахандрозу шыйнага аддзелу пазваночніка за кошт празьмернага згібаньня шыі, асабліва калі чалавек мае звычку спаць на жываце. Гэта праяўляецца болем у шыі, галаўным болем, а таксама адчуваньнем мурашак у пальцах, іх аняменьнем. Апісаныя ўяўленні могуць адчувацца не толькі ў ранішні час, пасля прасынання, але і цягам дня.
Гэтыя сымптомы могуць зьявіцца раніцай або і ў працягу дня без нэгатыўных адчуваньняў з боку шыі, што часам досыць палохае хворага чалавека, бо ён ня бачыць сувязі з остэахандрозам і думае, што захварэў на нешта іншае.
Пры нязручным ложку можа таксама разьвівацца паталёгія паясьнічнага аддзелу пазваночніка, што праяўляецца паясьнічным радыкулітам з моцнымі болямі.
Храп
Другая адмоўная і распаўсюджаная зьява, зьвязаная ў тым ліку і зь няправільным палажэньнем шыі і галавы падчас сну, носіць назву абструктыўнага апноэ падчас сну. У паўсядзённым жыцьці мы называем гэтую хваробу моцны храп. Чалавек пачынае храпці і гук храпу нейкі час узмацняецца да вельмі моцнага, а потым раптоўна перарываецца. Пасьля цыкл паўтараецца.
Падчас «ціхіх» перапынкаў у дыханьні да сэрца, галаўнога мозгу не паступае дастатковай колькасьці кіслароду
Галоўная небясьпека апноэ палягае ня ў тым, што раніцай чалавек адчувае сябе не адпачыўшым. Падчас «ціхіх» перапынкаў у дыханьні да сэрца, галаўнога мозгу не паступае дастатковай колькасьці кіслароду, што ў выніку значна павышае рызыку інфаркту міякарда ды інсульту.
У разьвіцьці абструктыўнага апноэ падчас сну ўдзельнічае цэлая група фактараў, напрыклад, атлусьценьне, але да ліку гэтых фактараў трэба аднесьці і нязручную позу падчас сну, якая ўзьнікае з прычыны нязручнага ложка.
Хвароба неспакойных ног
Яшчэ адна праблема называецца хваробай неспакойных ног падчас сну. Чалавек падчас засынаньня ня можа знайсьці зручную для сябе позу. Прычым, яго непакояць менавіта ногі, якія ён быццам бы ня ведае куды пакласьці, і з гэтай прычыны ня можа заснуць.
У зьяўленьні гэтай хваробы, як і ў папярэднім выпадку, удзельнічае шмат прычын, яна ўзьнікае найчасьцей у сувязі з паталёгіяй пэрыфэрычнай нэрвовай сыстэмы. Але скідваць з рахунку нязручны ложак пры хворобе неспакойных ног ня трэба.
Задышка
Названыя праблемы тычацца людзей маладога ці сярэдняга веку. У сталасьці мы часта назіраем бяссоньне, якое можа ўзьнікаць з прычыны нізкай падушкі.
Справа ў тым, што ў людзей сталага ўзросту нярэдка мае месца недахоп кровазвароту з прычыны малой сілы сардэчнага выкіду. Гэта прыводзіць да застою крыві ў малым коле кровазвароту (г. зн. у лёгкіх), што праяўляецца ў задышцы. Задышка, натуральна, перашкаджае спаць.
Ня варта недаацэньваць праблему
Вось жа, для нармальнага самаадчуваньня вялікае значэньне мае якасьць ложка. Нязручны ложак можа правакаваць шэраг хваробаў, у тым ліку шыйны і паясьнічны остэахандроз, сындром неспакойных ног падчас сну, моцны храп.
Вядома, толькі лекар зможа даць поўную індывідуальную параду і прызначыць належнае лячэньне. Але і нам самім трэба памятаць і дбаць пра гігіену сну і якасьць ложка. Гэта можа прадухіліць некаторыя хваробы.