17 кастрычніка Расейская праваслаўная царква абвясьціла санкцыі супраць грэцкай царквы за рашэньне яе Сьвятога сыноду аб прызнаньні Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
«Мы спыняем малітоўныя і эўхарыстычныя зносіны з тымі архірэямі Грэцкай царквы, якія ўступалі ў кантакты з прадстаўнікамі ўкраінскіх некананічных схізматычных груп. Мы таксама не бласлаўляем паломніцкія паездкі ў япархіі, якімі кіруюць згаданыя архірэі. Адпаведная інфармацыя будзе распаўсюджана сярод паломніцкіх і турыстычных арганізацый краін, якія складаюць кананічную тэрыторыю нашай Царквы», — гаворыцца ў заяве на сайце РПЦ па выніках пазачарговага пасяджэньня яе Сыноду.
Сынод таксама даручыў патрыярху Расейскай праваслаўнай царквы Кірылу
«спыніць памінаньне благаслаўлёнага архіепіскапа Афінскага і ўсёй Элады ў дыптыхах», калі кіраўнік Грэцкай царквы пачне памінаць падчас набажэнстваў кіраўніка адной з «украінскіх раскольніцкіх груп».
Пазачарговы сабор герархаў грэцкай царквы 12 кастрычніка прызнаў аўтакефалію Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Грэцкая царква першаю пасьля Ўсяленскай патрыярхату сярод памесных праваслаўных цэркваў прызнала незалежную ўкраінскую царкву.
Такое рашэньне можа стаць штуршком да больш актыўнага прызнаньня ПЦУ іншымі мясцовымі цэрквамі.
Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў
Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.
- Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
- «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
- За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
- 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
- Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха.
- Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
- На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.