Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказалі магчымыя канкурэнты Трампа на самых вялікіх дэбатах у гісторыі


У штаце Агаё прайшлі чацьвёртыя тэледэбаты прэтэндэнтаў на вылучэньне ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.

На сцэну выйшлі 12 кандыдатаў — гэта рэкордная колькасьць удзельнікаў дэбатаў. У барацьбе за намінацыю ад дэмакратаў у гэтым годзе ўдзельнічаюць больш за 20 чалавек.

Асаблівая ўвага была прыкавана да выступленьняў трох кандыдатаў, якія лічацца галоўнымі фаварытамі гонкі — гэта былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн і сэнатары Элізабэт Уорэн і Бэрні Сандэрс.

  • Байдэн яшчэ раз заявіў, што ні ён, ні ягоны сын не дапусьцілі ніякіх парушэньняў закону ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Дональд Трамп раней абвінавачваў былога віцэ-прэзыдэнта ў карупцыі. Пры гэтым супернікі Байдэна ня сталі задаваць яму пытаньняў аб працы яго сына ва Ўкраіне, гэта зрабіў мадэратар.
  • Камэнтатары адзначаюць, што шмат хто з удзельнікаў дэбатаў абрынуліся з крытыкай на Элізабэт Уорэн. «Да яе ставіліся як да лідэра гонкі» — пішуць амэрыканскія СМІ. Уорэн па шэрагу апытаньняў у апошнія тыдні сапраўды апярэдзіла Байдэна. Калегі-дэмакраты крытыкавалі яе за занадта радыкальныя, на іх думку, прапановы аб рэформе аховы здароўя і ўвядзеньні падатку на маёмасьць.
  • Шэраг камэнтатараў адзначаюць упэўненае выступленьне Сандэрса, які два тыдні таму перанёс інфаркт і апэрацыю на сэрцы. 78-гадовы сэнатар прадэманстраваў, што ён у добрай фізычнай форме. Пасьля дэбатаў стала вядома, што Сандэрса мае намер падтрымаць Александрыя Акасіё-Картэс, якую называюць нефармальным лідэрам левых дэмакратаў у Кангрэсе.
  • Усе ўдзельнікі дэбатаў падтрымалі расьсьледаваньне па імпічмэнту прэзыдэнта Трампа. Байдэн назваў яго «самым карумпаваным прэзыдэнтам у гісторыі».
  • Кажучы пра замежную палітыку, большасьць удзельнікаў дэбатаў раскрытыкавала рашэньне Трампа аб вывадзе войскаў з паўночнай Сырыі.

Фактычна падтрымала яго толькі кангрэсвумэн Тулсі Габард, якая раней, у прыватнасьці, езьдзіла ў Дамаск і сустракалася з Башарам Асадам. Уорэн сказала, што амэрыканскія войскі павінны пакінуць Блізкі Усход, але зрабіць гэта «адказна» і ў зручны момант. Іншыя кандыдаты, у прыватнасьці Піт Бутыджэдж, выступілі за тое, каб абмежаваны кантынгент ЗША заставаўся ў Сырыі.

Наступныя дэбаты пройдуць у лістападзе, для іх прадугледжаныя больш строгія правілы адбору. Праймэрыз у дэмакратаў пачнуцца ў лютым.

Акрамя тройкі лідэраў, у дэбатах прынялі ўдзел бізнэсовец Эндру Янг, мэр гораду Саут-Бэнд Піт Бутыджэдж, сэнатары Коры Букер, Камала Гарыс і Эмі Клобушар, былы міністар жыльлёвага будаўніцтва Хуліян Кастра, былы член Палаты прадстаўнікоў Бэта О’Рурк, конгрэсвумэн Тулсі Габард і мільярдэр Том Стэер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG