Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне ў ЗША: Курт Уолкер абяцаў Зяленскаму запрашэньне ў Вашынгтон у абмен на расьсьледаваньне


Курт Ўолкер.
Курт Ўолкер.

Былы спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Уолкер у чацьвер больш за восем гадзін адказваў на пытаньні чальцоў трох камітэтаў Палаты прадстаўнікоў, якія вядуць расьсьледаваньне аб магчымасьці ўжыць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа.

Уолкер сышоў у адстаўку на мінулым тыдні, праз дзень пасьля пачатку расьсьледаваньня па імпічмэнту. Пра прычыны сваёй адстаўкі ён нічога не сказаў. Ён стаў першай афіцыйнай асобай, што дала паказаньні ў рамках расьсьледаваньня аб імпічмэнце.

Слуханьні праходзілі за зачыненымі дзьвярыма. Дэмакраты і рэспубліканцы разышліся ў ацэнцы паказаньняў Ўолкера.

Паводле рэспубліканцаў, былы спэцпрадстаўнік не пацьвердзіў, што адміністрацыя Трампа прыпыніла вылучэньне сродкаў на вайсковую дапамогу Ўкраіне, каб аказаць на Кіеў ціск з мэтай прымусіць украінцаў пачаць расьсьледаваньне супраць сына свайго палітычнага суперніка Джо Байдэна.

Дэмакраты ж кажуць, што, наадварот, паказаньні Ўолкера сьведчаць аб тым, што вылучэньне дапамогі было прыпынена паводле палітычных матываў. Паводле дэмакратаў, Ўолкер таксама распавёў пра тое, як асабісты юрыст прэзыдэнта ЗША Рудзі Джуліяні выкарыстаў свой уплыў, каб дамагацца ад працаўнікоў Дзярждэпартамэнту прасоўваньня ва Ўкраіне інтарэсаў Трампа.

  • Уолкер таксама даў камітэту Кангрэсу сваю перапіску з Джуліяні і дыпляматамі з амбасады ЗША ў Кіеве. Зь яе, у прыватнасьці, вынікае, што Ўолкер абяцаў памочніку Зяленскага Андрэю Ермаку, што Зяленскі атрымае запрашэньне ў Вашынгтон у абмен на расьсьледаваньне «таго, што на самой справе адбывалася ў 2016 годзе». Гаворка тут ідзе не пра Байдэна, а пра абставіны ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША — Трамп сьцьвярджаў, што ў гэтым бралі ўдзел ўкраінскія афіцыйныя асобы.
  • Таксама з гэтай перапіскі вынікае, што часовы павераны ў справах ЗША ва Ўкраіне Ўільям Тэйлар ацэньваў рашэньне прыпыніць дапамогу Ўкраіне, як ён выказаўся, дзеля дапамогі ў палітычнай кампаніі як «вар’яцкае». Трамп заяўляў, што прыняў рашэньне прыпыніць дапамогу не з прычыны пытаньня аб Байдэне, а з прычыны карупцыі ва Ўкраіне.
  • Як піша CNN, экс-прадстаўнік ЗША таксама паведаміў, што выказвае занепакоенасьць у сувязі з выкарыстаньнем былога генпракурора Ўкраіны Юрыя Луцэнкі ў якасьці крыніцы інфармацыі. Паводле яго, Луцэнка «не заслугоўвае даверу».
  • Газэта New York Times у пятніцу са спасылкай на свае крыніцы напісала, што Ўолкер і Гордан Сондлэнд, прадстаўнік ЗША ў ЭЗ, у жніўні склалі зварот да Ўладзіміра Зяленскага з мэтай абавязаць Кіеў правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да Байдэна.
  • У лісьце утрымліваўся заклік да ўкраінскага ўраду расьсьледаваць меркаванае ўмяшаньне ў выбары 2016 году на карысьць Гілары Клінтан. Невядома, аднак, ці было гэта пасланьне адпраўлена Ўладзіміру Зяленскаму, піша «Голас Амэрыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG