Размова, якая адбылася ў ліпені, апынулася ў цэнтры расьсьледаваньня аб імпічмэнце ў дачыненьні да Трампа.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у панядзелак, што Кіеў наўрад ці апублікуе сваю вэрсію расшыфроўкі ліпеньскай тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая апынулася ў цэнтры расьсьледаваньня аб імпічмэнце ў Вашынгтоне.
Белы дом апублікаваў сваю расшыфроўку размовы на мінулым тыдні.
З тэксту вынікае, што Трамп папрасіў Зяленскага правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да аднаго з сваіх галоўных супернікаў на выбарах 2020 году, дэмакрата Джо Байдэна, і яго сына Гантэра, які ўваходзіў у склад праўленьня ўкраінскай газавай кампаніі.
На думку дэмакратаў, расшыфроўка даказвае, што Трамп спрабаваў заручыцца дапамогай замежнага лідэра, каб сапсаваць рэпутацыю свайго палітычнага апанэнта. Трамп называе гэтыя абвінавачаньні паляваньнем на ведзьмаў.
Размаўляючы ў панядзелак з журналістамі падчас мерапрыемства на вайсковым аб’екце пад Кіевам, Зяленскі сказаў, што лічыць няправільным апублікаваць украінскую вэрсію расшыфроўкі размовы.
«Да прэзыдэнцтва я ніколі ня быў дыпляматам, аднак я лічу, што ў мяне ў жыцьці было шмат падобных размоваў і будзе яшчэ шмат», — сказаў Зяленскі.
«Ёсьць некаторыя нюансы і рэчы, якія, на мой погляд, было б некарэктна публікаваць», — дадаў ён.
Адказваючы на пытаньне пра тое, ці зьбіраецца Кіеў пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Джо Байдэна і яго сына на просьбу Трампа, Зяленскі падкрэсьліў, што Украіна ня будзе дзейнічаць выключна паводле ўказаньняў іншых краін.
«Нам нельга загадаць што-небудзь зрабіць. Мы незалежная краіна», — сказаў ён.
«Мы адкрытыя, мы гатовыя правесьці расьсьледаваньне, але да мяне гэта ня мае ніякага дачыненьня. Нашы незалежныя праваахоўныя органы гатовыя расьсьледаваць любую справу, у якой быў парушаны закон», — дадаў украінскі лідэр.